Канстытуцыя як з’ява культуры

№ 11 (1398) 16.03.2019 - 23.03.2019 г

15 сакавіка мы адсвяткавалі 25-гадовы юбілей Канстытуцыі. За непрацяглы па гістарычных мерках час былі закладзены трывалыя асновы Рэспублікі Беларусь як дэмакратычнай прававой сацыяльнай дзяржавы. Звод законаў не толькі ўсталёўвае фундаментальныя прынцыпы арганізацыі і функцыянавання беларускага грамадства і дзяржавы, але і замацоўвае палітыка-прававымі сродкамі грамадскую згоду і адзінства народа. У паняцце Канстытуцыі мы ўкладаем перш за ўсё юрыдычны змест. Усе людзі, якія маюць прынамсі сярэднюю адукацыю, ведаюць, што Асноўны Закон краіны замацоўвае дзяржаўны лад і асноватворныя правы і свабоды асобы. Але ці мае Канстытуцыя іншыя вымярэнні? Ці можна яе разглядаць як феномен культуры — у самым шырокім сэнсе слова? Як пэўны вынік цывілізацыйнага развіцця?

/i/content/pi/cult/736/15984/7.JPGІ права, і абавязак

Перш за ўсё адзначым, што як юрыдычны дакумент найвышэйшай сілы Канстытуцыя рэгулюе адносіны ў самых розных сферах жыцця грамадства — у тым ліку і культуры. Вызначальным у гэтым сэнсе з’яўляецца артыкул 51, які ўтрымлівае некалькі прынцыповых палажэнняў: “Кожны мае права на ўдзел у культурным жыцці. Гэта права забяспечваецца агульнадаступнасцю каштоўнасцяў айчыннай і сусветнай культуры, якія знаходзяцца ў дзяржаўных і грамадскіх фондах, развіццём сеткі культурна-асветніцкіх устаноў. Свабода мастацкай, навуковай, тэхнічнай творчасці і выкладання гарантуецца. Інтэлектуальная ўласнасць ахоўваецца законам. Дзяржава садзейнічае развіццю культуры, навуковых і тэхнічных даследаванняў на карысць агульных інтарэсаў”.

Такім чынам, Канстытуцыя не толькі прадастаўляе кожнаму чалавеку права ўдзельнічаць у культурным жыцці грамадства, але і аба-
вязвае дзяржаву забяспечваць гэтае права ў адпаведных арганізацыйных формах. Разам з тым, важна не толькі забяспечыць права грамадзяніна выкарыстоўваць здабыткі культуры для паўнавартаснага развіцця асобы, але і замацаваць дзяржаўныя гарантыі творчай дзейнасці па стварэнні культурных каштоўнасцяў. Таму Канстытуцыя гарантуе свабоду ўсіх форм творчасці, а таксама ахоўвае інтэлектуальную ўласнасць дзейснымі прававымі сродкамі.

Яшчэ адзін не менш важны аспект культурнага жыцця рэгулюецца артыкулам 15 Асноўнага Закона. У ім замацавана адказнасць дзяржавы за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх нацыянальных супольнасцей, якія жывуць у Рэспубліцы Беларусь. Такім чынам, захаванне культурных здабыткаў нашага народа і далейшае развіццё культуры вызначана ў якасці аднаго з галоўных кірункаў дзейнасці дзяржавы.

У той самы час захаванне здабыткаў культуры — гэта клопат не толькі дзяржавы, але і грамадзян. Згодна з артыкулам 54 Канстытуцыі, кожны з нас абавязаны берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці.

Дзяржава для чалавека

Важнай асаблівасцю Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь з’яўляецца і тое, што яна прадугледжвае так званы “каштоўнасны падыход” пры рэгуляванні грамадскіх адносін. Іншымі словамі, Асноўны Закон змяшчае першасныя канстытуцыйныя каштоўнасці, на якіх павінна грунтавацца жыццядзейнасць дзяржавы і грамадства. Тым самым Канстытуцыя выконвае ролю своеасаблівага праграмнага палітыка-філасофскага дакумента, які задае галоўныя мэты грамадскага і дзяржаўнага развіцця. У сувязі з гэтым неабходна нагадаць асноватворнае палажэнне артыкула 2 Канстытуцыі, згодна з якім чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы.

Дадзеная канстытуцыйная фармулёўка з’яўляецца не проста юрыдычнай нормай — яе сацыякультурная скіраванасць значна шырэйшая. Артыкул 2 неабходна разглядаць і ў якасці філасофскай максімы ці ідэалагемы, якая надае ўсёй дзяржаўнай палітыцы чалавекацэнтрычны, гуманістычны характар: менавіта дзяржава для чалавека, а не наадварот. Варта таксама дадаць, што ў прэамбуле Канстытуцыі абвешчана: народ Беларусі пры прыняцці Асноўнага Закона краіны пацвярджае сваю прыхільнасць да агульначалавечых каштоўнасцяў.

Яшчэ адзін пасыл прэамбулы нагадвае: у справе канстытуцыйнага будаўніцтва мы абапіраемся на шматвяковую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці. Таму відавочна, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года — гэта вынік развіцця беларускага і еўрапейскага канстытуцыяналізму на працягу многіх стагоддзяў. А ў шырокім сэнсе — каштоўнасны здабытак усяго культурна-гістарычнага працэсу.

Напрыклад, яшчэ ў статутах Вялікага Княства Літоўскага 1529, 1566, 1588 гадоў быў прадугледжаны шэраг норм канстытуцыйнага характару, якія замацоўвалі рэвалюцыйныя для свайго часу прававыя прынцыпы і правы асобы. Упершыню на тэрыторыі Усходняй Еўропы заканадаўча замацоўвалася вяршэнства пісанага права, роўнасць усіх перад законам — незалежна ад саслоўнай прыналежнаці і маёмаснага стану — аба-
вязак дзяржаўных службовых асобаў дзейнічаць выключна ў межах закону, права кожнага на валоданне і свабоднае распараджэнне маёмасцю, правы на ахову жыцця і гонару, судовую абарону, недатыкальнасць асобы... Канстытуцыйнае права Беларусі XVI стагоддзя па многіх пазіцыях апярэдзіла свой час і было ўзорам для многіх тагачасных еўрапейскіх краін.

Значную ролю адыгралі і канстытуцыі Савецкай Беларусі 1919, 1927, 1937, 1978 гадоў. Яны не толькі юрыдычна аформілі беларускую нацыянальную дзяржаўнасць, вызначылі сістэму дзяржаўных органаў, замацавалі на канстытуцыйным узроўні шырокае кола сацыяльных правоў, але фактычна захавалі этнакультурную самабытнасць беларусаў і падрыхтавалі прававы падмурак для самавызначэння беларускага народу ў незалежнай дзяржаве.

Узор “прыгожага пісьменства”

Апошнім часам навукоўцы і дзеячы культуры пачалі разглядаць феномен канстытуцыі таксама і ў новым, даволі нечаканым аспекце. На іх думку, тэкст Асноўнага Закона неабходна ацэньваць у тым ліку і як літаратурны твор, якому ўласцівыя пэўныя эстэтычныя якасці.

Класік беларускай паэзіі Анатоль Вярцінскі ў 1990 — 1995 гадах займаў высокую пасаду дэпутата Вярхоўнага Савета і з’яўляўся членам парламенцкай канстытуцыйнай камісіі. Аднойчы ён выказаў вельмі цікавую думку: нормы Канстытуцыі 1994 года маюць не толькі глыбокі палітыка-прававы сэнс — яны амаль бездакорны і па сваіх лінгвістычных якасцях, з’ўляючыся ўзорам “прыгожага пісьменства”. А асобныя палажэнні Канстытуцыі па сваёй метрыцы набліжаюцца да ўрачыстай оды.

Дарэчы, Анатоль Ільіч у час сваёй парламенцкай дзейнасці вельмі актыўна і плённа працаваў над падрыхтоўкай яшчэ аднаго лёсавызначальнага для беларускай дзяржаўнасці канстытуцыйнага акта — Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь. Менавіта гэтаму цудоўнаму паэту належыць аўтарства заканадаўчай фармулёўкі “поўны дзяржаўны суверэнітэт Рэспублікі Беларусь”. Увядзенне ў палітыка-прававую практыку такога паняцця дазволіла па-новаму акрэсліць стасункі паміж рэспублікамі, якія ўваходзілі ў склад федэратыўнай дзяржавы СССР. І разам з іншымі аб’ектыўнымі прычынамі, гэта паспрыяла мірнай трансфармацыі Савецкага Саюза ў Садружнасць Незалежных Дзяржаў.

Працягваючы тэму паэтычнага прачытання тэксту Канстытуцыі, адзначым яшчэ адзін цікавы факт. У 2009 годзе, калі распрацоўваўся праект Канстытуцыі Еўрапейскага Саюза, група з больш чым 50 паэтаў з розных краін выклала праект еўрапейскай Канстытуцыі ў вершаванай форме. У працы ўдзельнічалі, напрыклад, такія знакамітыя майстры слова як нобелеўскі лаўрэат па літаратуры ірландзец Шэймус Хіні, нідэрландзец Герыт Комрэй, партугалец Паўлу Тэйшэйра. Кожны паэт перакладаў асобныя артыкулы Канстытуцыі на сваю родную мову, таму фінальны тэкст — гэта паэтычны твор больш чым на 30 мовах свету.

Канстытуцыя Еўрапейскага Саюза па розных прычынах так і не была прынятая. Але сёння кожны зацікаўлены можа азнаёміцца з поўным тэкстам еўрапейскай паэтычнай Канстытуцыі на англійскай, французскай і нідэрландскай мовах, якая стала здабыткам, прынамсі, сусветнай літаратуры.

Наяўнасць у дзяржаве Канстытуцыі, якая рэальна ўздзейнічае на рэгуляванне грамадскіх адносін, прадвызначае існаванне такога важнага складніка духоўнай культуры, як канстытуцыйная культура.

* * *

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, прымаючы штогадовыя пасланні Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнаму сходу, адзначаў, што канстытуцыйная культура абумоўлівае дэмакратычны працэс фарміравання грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы, а таксама больш поўнае забеспячэнне і абарону грамадзянамі сваіх правоў, свабод і законных інтарэсаў.

Дасягнуты на пэўным этапе развіцця грамадства і дзяржавы ўзровень канстытуцыйнай культуры вызначае эфектыўнасць нарматворчасці і правапрымянення. Разуменне сутнасці канстытуцыйнага рэгулявання правоў і свабод чалавека, а таксама абавязкаў дзяржавы і грамадзяніна, садзейнічае стварэнню на аснове Канстытуцыі развітай і не супярэчлівай ёй сістэмы заканадаўства. У сваю чаргу, ад канстытуцыйнасці мыслення правапрымяняльнікаў залежыць выбар справядлівых і эфектыўных сродкаў абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян.

25 гадоў існавання сучаснай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь як Асноўнага Закона незалежнай дзяржавы пацвердзілі, што правы і свабоды чалавека і грамадзяніна павінны вызначаць змест і належнае прымяненне нарматыўных прававых актаў, а забеспячэнне рэальнага механізму іх рэалізацыі мусіць быць прыярытэтным напрамкам дзейнасці органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады. Прыняцце дзяржавай усіх даступных мер для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для рэалізацыі і абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, забяспечваюць грамадзянскую згоду, непахіснасць асноў народаўладдзя і канстытуцыйнага ладу.

Сяргей ЧЫГРЫНАЎ, 
суддзя Канстытуцыйнага
Суда Рэспублікі Беларусь