Слон, які вядзе да поспеху

№ 11 (1398) 16.03.2019 - 23.03.2019 г

Ужо тыдзень мінчукі фатаграфуюцца на фоне шасціметровага бронзавага слана — скульптуру Сальвадора Далі ўсталявалі на вуліцы Зыбіцкай, дзе яна і прастаіць да 30 чэрвеня. Яшчэ дзве трохметровыя жаночыя фігуры з’явіліся каля ўвахода ў Нацыянальны мастацкі музей. Лепшай рэкламы для выставы, якая сёння там адкрываецца, і не трэба.

/i/content/pi/cult/736/15982/5.jpgУ экспазіцыі — каля сотні твораў легендарнага мастака: скульптура, ювелірныя вырабы, шкло і графіка. Усё гэта — частка вялікай калекцыі Dali Universe (“Сусвет Далі”). Яе заснавальнік і дырэктар аднайменнай кампаніі — італьянец Беніяміна Леві, працаваў з Сальвадорам Далі ў 1970-я гады, арганізоўваючы выставы з яго ўдзелам і замаўляючы ў яго новыя творы для продажу.

— Канцэпцыя выставы распрацавана Dali Universe вакол пазнавальных вобразаў мастака. У самых розных тэхніках будуць прадстаўлены і знакамітыя мяккія гадзіннікі, і жаночыя фігуры з высоўнымі шуфлядкамі, і слімакі, і насарогі, і сланы, — расказвае куратар выставы з боку Нацыянальнага мастацкага музея Вольга Клецкіна. — Па меркаванні самога Далі і даследчыкаў яго творчасці, слон — сімвал будучыні. А тое, што ў яго на спіне, паказвае, што тая будучыня нам нясе. У Мінск прывезлі трыумфальнага слана з анёлам, які трубіць — значыць, нас чакае поспех. Далі адзін з першых мастакоў, які пазіцыянаваў сваё імя як брэнд. Вобразы, якія ён паўтарае — гэта яго фірмовыя знакі. Па іх любы чалавек, нават калі ён не разбіраецца ў мастацтве, лёгка пазнае Далі. Таму на выставе мы можам не толькі паглядзець на творы, але і прааналізаваць, якім чынам працуе арт-рынак.