Авантуры не аднаго дня

№ 11 (1398) 16.03.2019 - 23.03.2019 г

У здымачнай каманды айчыннай кінастужкі “Авантуры Пранціша Вырвіча” па аднайменным рамане Людмілы Рублеўскай не праходзіць і дня без прыгодаў. Сакавіцкае надвор’е пераменлівае: сёння снег валіць, заўтра дождж лье… То штармавое папярэджанне, то амаль летняе сонца, аднак магчымасці чакаць няма — усяго чатыры месяцы адведзена на актыўныя здымкі. Кіно з нацыянальным характарам плануюць паказаць ужо напрыканцы года. Журналісты “К” выправіліся на натурную пляцоўку “Беларусьфільма” пад Смалявічы, каб паназіраць за паўстаннем гістарычнай стужкі, на якую ўскладаюць надзеі і кінематаграфісты, і гледачы.

/i/content/pi/cult/736/15978/1.jpgПакуль дворнікі на лабавым шкле машыны актыўна супраціўляліся залеве, мне ўсё больш назойліва дакучала думка, што мы марна едзем на здымачную пляцоўку: няўжо сапраўды нехта выйдзе да камеры ў такое жахлівае надвор’е? Адшукаўшы (шчыра кажучы, далёка не з першай спробы) у гушчары смалявіцкага лесу здымачную групу, упэўнілася, што недаацаніла імпэт айчынных кінематаграфістаў. Адное, яны тэхніку абкруцілі цэлафанам, каб дождж не замінаў графіку здымак.

— Людзі ў нашай камандзе — сапраўдныя малайцы! — гаворыць другі рэжысёр Ганна Баразна. — Яны і ў шквалісты вецер працавалі, і ў моцны мароз у тонкіх сукенках станавіліся ў кадр. Праўда, цяжка будзе супервайзерам, якім прыйдзецца дамалёўваць, напрыклад, сняжынкі, калі пры мантажы сыдуцца кадры, у якіх валіць снег, а пасля лье дождж.

Штодня змена пачынаецца а палове на восьмую раніцы і цягнецца амаль дзесяць гадзін. Напрыканцы лютага кінаштаб разгортваўся ў Станькава. Цяпер грымвагены, трэйлеры з канямі і апаратура перамясціліся на натурную пляцоўку “Беларусьфільма” пад Смалявічы. У бліжэйшых планах — Нясвіжскі, Мірскі, Лідскі замкі, Бабруйск.

— Гістарычнае кіно цяжка здымаць. Яно патрабуе шмат высілкаў і грошай на стварэнне касцюмаў, зброі, дэталяў эпохі, — працягвае спадарыня Баразна. — Ды і натуры XVIІІ стагоддзя ў Беларусі амаль не засталося. А тое, што ёсць, вельмі цяжка здымаць, бо ў кадр лезуць шклопакеты і іншыя сучасныя прыстасаванні. Давядзецца шмат чаго дамалёўваць.

Бачна, што ўся каманда з захапленнем ставіцца да гэтага праекта і спадзяецца на добры вынік. Ды і гістарычнага кіно на “Беларусьфільме” не здымалі ўжо даўнавата, таму ўсе выкладваюцца напоўніцу. Вось да Ганны падыходзіць акцёр Купалаўскага тэатра Дзмітрый Есяневіч — у яго тэатральным графіку нечакана з’явілася фортка, і ён прапануе гэты вольны час выкарыстаць для здымак наступнай сцэны. Для свайго персанажа — замежнага найміта — артыст сам прапанаваў зрабіць шнар на твары і прыдумаў выкарыстаць лінзу, каб герой выглядаў больш загадкава.

— Хочацца, каб атрымалася кіно, за якое не было б сорамна. Вядома, фільмы — нятанная для дзяржавы вытворчасць, — падкрэслівае Дзмітрый. — Але ўпэўнены, што на першых этапах варта ўкладваць у кінавытворчасць грошы, каб не толькі праз ІТ ці спорт, але і з дапамогай нацыянальнага кіно заявіць пра нашу краіну свету.

/i/content/pi/cult/736/15978/2.JPGМы трапілі на здымкі пагоні за карэтай. Да іх пачатку для ўсіх акцёраў ладзіліся экспрэс-курсы верхавой язды. Аднак у галалёд справіцца з канямі не так лёгка: ім цяжка скакаць, яны перыядычна паслізгваюцца. Вось і Хруня не ўтрымаўся ды ўпаў, пацягнуўшы за сабою артыста Есяневіча. Але такое здарэнне надоўга здымак не прыпыніла — усе гараць праектам.

У гэты час вяртаецца карэта з галоўным героем Пранцішам Вырвічам (Георгій Пятрэнка) і яго настаўнікам Лёднікам. У ролі апошняга — добра знаёмы па тэатральных працах акцёр Іван Трус, які літаральна ў студзені змяніў Магілёўскі абласны тэатр драмы на купалаўскую сцэну. Да спадара Івана падбягае хтосьці з каманды з прапановай прынесці кавы — усё ж, дах карэты не такі надзейны, як падаецца на першы погляд, таму на яе пасажыраў льецца дождж, як і на вершнікаў.

— Якая кава? Сала б мне! — жартуе Трус. Ён на здымках з самага ранку і працуе амаль без перапынку, бо трэба паспець вярнуцца ў Мінск да вечаровага спектакля. Відавочна, акцёр, які пяць гадоў не ўваходзіў у кадр, атрымлівае вялікае задавальненне ад магчымасці ізноў працаваць на кінапляцоўцы.

— Гэта шчасце для артыста, калі ў яго жыцці такі рытм! — паміж дубляў паспявае падзяліцца ўражаннямі Іван. — Крута, калі ёсць столькі цікавай працы! На добры вынік працуе ўсё: добрая каманда, атмасфера, прырода, нават гэты холад — ён стымулюе цалкам выкладвацца, каб менш было дубляў.

Як і належыць жанру прыгодніцкага кіно, у стужцы запланавана шмат трукаў. На карціне працуе амаль паўсотні каскадзёраў. Каля сарака з іх будуць задзейнічаны ў баях у Лідскім замку. Падрыхтоўка трукаў ускладняецца тым, што большасць здымкаў пройдуць у атачэнні гісторыка-культурных каштоўнасцяў — дзе, зразумела, забаронена што-небудзь мацаваць на сцены.

— Мы распрацоўваем вышынныя падзенні, правалы, бойкі з паходнямі, шматлікія баі, — распавядае старшыня Асацыяцыі каскадзёраў і трукавага мастацтва Беларусі Раман Каралёў. — Хочацца падзякаваць “Беларусьфільму”, які на гэтым праекце як ніколі забяспечыў падрыхтоўку акцёраў, арганізаваўшы для іх курсы фехтавання. Нам вельмі важна, каб артысты ў кадры глядзеліся прафесійна, бо працаваць яны будуць з сапраўднай зброяй, якую нам прадаставяць калекцыянеры.

Яшчэ колькі дзён у Смалявічах — і кінакараван пераедзе на іншую натуру. Ужо ў маі рэжысёр стужкі Аляксандр Анісімаў павінен апошні раз сказаць аператару Дзмітрыю Рудзю: “Камера! Матор!” А пасля “Авантуры Пранціша Вырвіча” чакае доўгі перыяд постпрадакшну — як і належыць для відовішчнай стужкі, камп’ютарнай графікі там будзе багата.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"