Школа мастацтваў імя Пушчыных?

№ 10 (1397) 09.03.2019 - 16.03.2019 г

Вось ужо шмат гадоў ля ўваходу ў Светлагорскую школу мастацтваў вісіць памятная дошка, якая нагадвае пра рашэнне раённага выканаўчага камітэта назваць плошчу перад будынкам у гонар Пушчыных. Рашэнне гэтае было прынята па маёй прапанове, але, па ўсёй верагоднасці, проста забыта. У ва ўсякім разе, нічога пушчынскага на плошчы няма і не прадбачыцца. Зрэшты, яшчэ больш лагічным і значным увекавечваннем памяці Пушчыных будзе назваць саму школу ў год яе 55-гадовага юбілею ў гонар гэтага старажытнага дваранскага роду, які некалі зрабіў Парыцкую воласць вядомай ва ўсёй Расійскай імперыі. Тады сыдуцца ў адзінае цэлае часавыя прасторы, з’явіцца больш выразная пераемнасць адукацыйных і культурных традыцый. Да таго ж, Пушчыны захапляліся музыкай. І ў Парыцкім жаночым вучылішчы, адкрытым імі ў 1860 годзе (і гэта была першая такая навучальная ўстанова ў Беларусі!), музычнае выхаванне з’яўлялася істотнай часткай агульнага.

/i/content/pi/cult/735/15976/22.JPGУ Нацыянальным гістарычным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваецца дакумент “Справа Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу пра дваранскае паходжанне роду Пушчыных”. У ім нямала звестак пра Міхаіла Іванавіча Пушчына — старэйшага брата ліцэйскага сябра Аляксандра Пушкіна дзекабрыста Івана Іванавіча. Гэта яму адрасаваны памятныя нам радкі: “Мой первый друг, мой друг бесценный…” У “Справе” можна знайсці дакументальнае пацвярджэнне таго, што жыццё Міхаіла Іванавіча было трывала звязанае менавіта з Парычамі.

У красавіку 1797 года імператар Павел падарыў адміралу Пятру Пушчыну на вечнае валоданне маёнтак у Парычах Мінскай губерні. А ў 1835 годзе там пасяліўся адзін з яго сыноў — Міхаіл. Капітан лейб-гвардыі, камандзір коннага эскадрона быў асуджаны за ўдзел у руху дзекабрыстаў. Пазбаўлены гвардзейскага чыну і дваранскага звання, радавым салдатам штурмаваў ён крэпасці Ерэван, Нахічэвань, Карс. Узнагароджаны двума ордэнамі, атрымаў чын паручніка. Але пасля дэмабілізацыі яму доўгі час было забаронена жыць у абедзвюх сталіцах імперыі.

Зрэшты, побыт у ціхіх Парычах пайшоў яму на карысць. Менавіта тут ён стаў аўтарам “Нататак пра сустрэчы з Пушкіным на Каўказе”, якія высока ацаніў Леў Талстой. У іх геніяльны паэт паўстае з усёй рэалістычнасцю. Тут жа, у Парычах, Міхаіл Іванавіч напісаў свае ўспаміны, якія яго пляменніца перадала рэдактару “Русского архива” Пятру Барценеву, і яны былі надрукаваны там у 1908 годзе.

У Парычах Міхаіл Іванавіч толькі ўзмацніў сваё памкненне да міласэрнасці і справядлівасці. Менавіта таму ён звольніў аканома маёнтка Пятра Бялькоўскага, які мяхамі забіраў у беларускіх сялян збожжа і звозіў у сваю адрыну, а потым прадаваў, набіваючы сабе кішэні. Міхаіл Іванавіч наняў доктара, адкрыў бальніцу і аптэку, набываў і раздаваў бясплатна пшаніцу, жыта, ячмень тым, хто меў у гэтым патрэбу…

Духоўнай саюзніцай Міхаіла Іванавіча ва ўсіх жыццёвых нягодах была яго жонка Марыя Якаўлеўна. Па яе ініцыятыве 8 верасня 1860 года было адкрыта жаночае вучылішча Духоўнага ведамства. Неўзабаве пачалося і будаўніцтва царквы пры ім. Але сродкаў для яго завяршэння не ставала.

/i/content/pi/cult/735/15976/23.JPGНа той час Міхаіл Іванавіч зноў паступіў на дзяржаўную службу. Пяць гадоў быў у Мінску членам урада ў “губернскай па сялянскіх справах прысутнасці”, многае рабіў для палягчэння долі вяскоўцаў. Але адносіны з уладамі былі заўсёды напружанымі, нават пры больш ліберальным Аляксандры ІІ. І калі Пушчын звярнуўся ў Міністэрства ўнутраных спраў з просьбай даць яму пазыку ў восем тысяч рублёў для завяршэння будаўніцтва, задаволілі яе толькі пры ўмове закладу маёнтка. Дапамог князь Гарчакоў — ліцэйскі сябра Пушкіна, вядомы рускі дыпламат, міністр унутраных спраў, дзяржаўны канцлер. Ён сам папрасіў Аляксандра ІІ дапамагчы “доблеснаму ваяру і выдатнаму чалавеку”.

Царква святой Марыі Магдаліны выглядала настолькі адметна, што калі яе наведаў епіскап Мінскі і Тураўскі Мітрафан, пасля літургіі ён у захапленні зазначыў: “Цудоўная царква, цудоўныя парадкі ў ёй! Так бы і перанёс яе ў наш горад Мінск, дзе мала храмаў, ды і тыя напалову ўбогія па сваім добраўпарадкаванні…”

У 1865 годзе Міхаіл Іванавіч стаў генерал-маёрам, быў прызначаны камендантам Бабруйскай крэпасці “з утрыманнем у 2418 рублёў”. Але царская міласць запазнілася. Яго здароўе было падарвана. І ў 1869 годзе Міхаіла Пушчына не стала. Памёр ён у Бабруйску, і з дазволу Мінскага епіскапа Аляксандра пахаваны ў Парычах ля алтара царквы святой Марыі Магдаліны.

Цікавы факт. Нябожчыка, нягледзячы на позні вечар, парычане сустракалі за некалькі вёрст. Яны выпраглі коней і самі неслі труну. На пахаваннях са шляхетных асоб нікога не было, акрамя самых блізкіх суседзяў, памешчыка Прушаноўскага з Беліцы і стрыечнага брата Мікалая Паўлавіча Пушчына з вёскі Стужкі. Народу ж простага сабралася так шмат, што ў царкву нельга было ўвайсці. Пасля пахавання наладжаныя памінкі, якія насілі народны характар. Сталы былі расстаўлены на плошчы каля прыхадской царквы і каля вучылішча для ўсіх, хто хацеў ушанаваць памяць Пушчына.

Марыя Якаўлеўна працягнула справу свайго мужа. У 1874 годзе па яе хадайніцтве пры вучылішчы з’явілася семінарыя для падрыхтоўкі вопытных кіраўнікоў народных школ, а неўзабаве з трохкласнага яно было ператворана ў шасцікласнае і атрымала “высокае апякунства Яе Вялікасці”. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі вучылішча стала школай…

Пахавана Марыя Якаўлеўна была побач з Міхаілам Іванавічам ля пабудаванай імі царквы. На жаль, сёння яе ўжо не ўбачыш — прыгожы храм быў без дай-прычыны знесены ў савецкую эпоху. Ды і месца пахавання давялося пазначаць з дапамогай памятнага каменя. Пра гэта мне давялося ў свой час хадатайнічаць перад райвыканкамам.

* * *

Ці трэба гаварыць, што адукацыйнае і духоўнае значэнне таго, што рабілі Пушчыны ў Парычах, тычылася не толькі гэтага мястэчка — яно мела значна большае прасторавае значэнне. Таму прысваенне школе мастацтваў у Светлагорску іх імя — гэта не толькі высакародная даніна памяці выбітным асобам, але і далучэнне да лепшых культурных традыцый, якія зараджаліся на нашай зямлі.

Я думаю, што калі-небудзь і на плошчы, названай у гонар Пушчыных, з’явіцца прысвечаная ім шматфігурная скульптурная кампазіцыя. Яны заслужылі нашай удзячнасці. Але найперш мне вельмі хочацца зняць пытальнік у загалоўку гэтай публікацыі. Хай яе поўная назва будзе такой: “Светлагорская школа мастацтваў імя Пушчыных”.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ