У водблесках зорак

№ 10 (1397) 09.03.2019 - 16.03.2019 г

Праграмны дырэктар Мінскага Міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” Ігар СУКМАНАЎ — асоба ў кіно дасведчаная. Ён можа бясконца распавядаць пра фільмы Інгмара Бергмана і Ясудзіра Одзу, Франсуа Труфо і Кіры Муратавай. Але гэтым разам “К” паспрабавала пагутарыць з вядомым кінакрытыкам не пра стужкі, а пра свет селебрыці. З якімі зоркамі Ігару ўдавалася перасекчыся на міжнародных фестывалях? І якую актрысу праграмны дырэктар “Лістапада” марыць запрасіць на фэст? Узяць свецкае інтэрв’ю ў кінадзеяча аказалася тым яшчэ квэстам.

/i/content/pi/cult/735/15975/20.JPGДзелавы кантэкст Мінска

— Вельмі нечаканае пытанне наконт зорак. Я, прызнацца, збянтэжаны.

— Трошкі дапамагу. Я да гэтай пары памятаю творчую сустрэчу з Людмілай Гурчанка на “Лістападзе” ў 2010 годзе, якую ты мадэраваў. У 2015 годзе да нас прыязджала Фані Ардан, муза Франсуа Труфо, чый візіт таксама забыць немагчыма. Наколькі для цябе каштоўныя гэтыя сустрэчы? І хочацца трошкі распытаць пра фестывальную “кухню”: якія ўмовы трэба выканаць, каб зорка першай велічыні прыехала на “Лістапад” ?

— Вядома, раскрыць усю “кухню” я не магу. Але заўжды кажу: візіт мае куды болей шансаў ажыццявіцца, калі зорка едзе да нас па справе. Прадставіць сваю карціну, праект. Так здарылася і з Фані Ардан — яна прыехала, нагадаю, у якасці не толькі французскай дзівы, але і рэжысёра стужкі “Навязлівыя рытмы”. (Фільм тады прымаў удзел у конкурсе “Маладосць на маршы”). У гэтай якасці выступіла на пляцоўцы мінскага фестывалю і Людміла Гурчанка: яна прывезла да нас свой рэжысёрскі дэбют “Пярэстае змярканне”. Дзелавы кантэкст — вось тое, чым мы можам зацікавіць вядомых людзей. І, безумоўна, сустракацца і гутарыць з такімі асобамі — для мяне гонар.

— А калі зорка прыязджае проста так?

— А калі актрыса ці акцёр прыязджае на фестываль проста “пакрасавацца” — гэта зусім іншы настрой і патрабаванні. Да прыкладу, пэўны час таму на адзін з кінафестываляў на постсавецкай тэрыторыі дырэкцыя запрасіла Венсана Каселя. І яны прыехалі. Грандыёзна! Я быў заінтрыгаваны і вырашыў пацікавіцца: колькі ж каштуе іх прыезд. Адказ арганізатараў мяне агаломшыў: яны агучылі проста астранамічныя сумы! Я нават не буду іх называць. Прычым якой была праграма, у прыватнасці, Венсана Каселя? Ён уручыў узнагароду вядомаму тамтэйшаму дзеячу ў першы дзень фестывалю і даў пару майстар-класаў. Што я магу сказаць? Можам толькі пазайздросціць такім магчымасцям.

— Візітам якой знакамітасці на мінскі фестываль ты асабліва ганарышся?

— Я з вялікай удзячнасцю прыгадваю многія сустрэчы на “Лістападзе”. Адна з самых каштоўных для мяне — з Кірай Георгіеўнай Муратавай. Гэта была вялікая асалода — гутарыць з ёй, проста знаходзіцца ў адной кампаніі. Дарэчы, да нас прыязджаюць аўтары, візіты якіх часам недаацэньваюцца нашым асяродкам. Свет зорак нашмат болей разнастайны, чым камусьці падаецца. Ён не вычэрпваецца, скажам, Квенцінам Таранціна ці Леа Сейду. Пэўныя кінематаграфісты лічацца наватарамі ў свеце кіно, іх ведаюць — і яны бываюць тут, у Мінску. Аляксандр Сакураў, Брыйянтэ Мендоса… Іх візіты на дадзеным этапе развіцця нашай індустрыі нават важнейшыя за, скажам, прыезд Скарлет Ёхансан. Але публіка часцей за ўсё патрабуе выключна відовішча.

Бляск Канаў і гасціннасць Ерэвана

/i/content/pi/cult/735/15975/21.JPG— Тым не менш, на фестывалях класа “А”, на якіх ты часта бываеш, прысутнасць селебрыці — ужо не раскоша або бяздумная трата сродкаў, а частка індустрыі. Хачу распытаць цябе пра прыемныя выпадковасці. З якімі зоркамі табе даводзілася сустракацца?

— Ох, знянацку ты мяне заспела… Адразу хачу зазначыць: каб адбыўся кантакт з вядомым творцам — сапраўдная, а не “дзяжурная” размова — павінна скласціся пэўная сітуацыя. Пры сустрэчы з такімі людзьмі вельмі лёгка ўпасці ў кампліментарнасць: “Я ведаю ўсе вашы ролі” ці “Я бачыў ваш фільм — і ён фантастычны”. Тых, што кажуць падобнае, вельмі шмат. Змястоўны дыялог складваецца тады, калі складваюцца пэўныя абставіны.

— Памятаеш, калі ты першы раз апынуўся ў атачэнні зорак?

— Добра памятаю Канскі фестываль 2003 года. Літаральна ў некалькіх метрах перада мной сядзелі Жан Рашфор, Венсант Перэс… Яны трымаліся неяк трошкі адасоблена, але паводзілі сябе вельмі прыязна і даступна. І самае цікавае, што мяне тады ўразіла — ніхто, пры такой іх блізкасці, не парушаў асабістай прасторы акцёраў! Не прасіў зрабіць сэлфі, узяць аўтограф — назіралася павага да знакамітасцяў. Мне такая стрыманасць публікі надзвычай даспадобы.

Памятаю, быў такі цікавы выпадак, калі толькі напрыканцы адной вечарынкі ў Канах я зразумеў, што быў у атачэнні легендарнай Аны Вяземскі — музы Гадара, слыннай французскай актрысы і пісьменніцы. Гэта тое, пра што казаў вышэй — часам месца і магчымасці супадаюць, а часам — не, і ты застаешся адно шчаслівым сведкам.

— Але я не паверу, што ў цябе такой сапраўднай, унікальнай сустрэчы хоць аднойчы не адбылося.

— Аднойчы мне сапраўды пашчасціла — калі я быў на фестывалі “Залаты абрыкос” у Арменіі. У якасці ганаровай госці была запрошана Настасся Кінскі. Шчыра прызнаюся, што проста абагаўляю яе з часоў “Каханкаў Марыі” Андрэя Канчалоўскага, “Тэс” Рамана Паланскі, “Парыж, Тэхас” Віма Вендэрса… І вось мы апынуліся на адной са шматлікіх party форуму. Тут трэба сказаць нелькі словаў пра вечарынкі “Залатога абрыкосу” — іх можна параўнаць з тымі бяседамі, што апісваюцца ў “Тысяча і адной ночы”. Колькасць сталоў, за якімі балююць госці — бязмерная. Штодзень рэстараны, падобныя на караван-сараі, мяняюцца. На адным з такіх баляванняў я і ўбачыў Настассю Кінскі. Яна сядзела наводдаль ад іншых, у атачэнні армянскіх спонсараў.

— Фантастыка. Ты не падышоў?

— Не. Я не рашыўся. Гэта быў той выпадак для мяне, калі я паважаў асабістыя межы.

— Як вы тады сустрэліся?

— Самым нечаканым чынам. Я вярнуўся ў гасцініцу і пайшоў у свой нумар. Ужо нават прылёг. Але тут мне патэлефанавала мая знаёмая. Маўляў, у холе цяпер сядзіць у самоце Настасся Кінскі. Як такое можа быць? Спускаюся і сапраўды бачу яе. Адну. І тут ужо я адчуў, што сітуацыя склалася. Памятаю, як аднойчы хтосьці напісаў у рэцэнзіі: калі казаць пра Настассю Кінскі, то толькі ў вершах. Вось літаральна так усё і адбылося. Я падышоў і літаральна ў вершах выказаў ёй сваё захапленне. І мы пагутарылі. Атрымалася выключная размова — бо спрацавала ўсё: час, месца, кіно.

— Гэта была тая Кінскі, якую мы ўсе любім?

— Менавіта. У ёй было гэткае трапятанне, парывістасць, далікатнасць. Але яна і складаны чалавек. Усё ж, яна дачка Клаўса Кінскі.

Гісторыя візіту актрысы мела нечаканы працяг. Кінскі мелася ўляцець наступнай раніцай, і ўсе пра гэта ведалі. Але назаўтра я зноў сустрэўся з ёй у гатэлі. Спачатку нават не паверыў сваім вачам. Як потым высветлілася, актрысу скарыў прыём гаспадароў форуму і яна вырашыла застацца яшчэ на некалькі дзён у Ерэване.

— З аднаго боку прыемна, але з іншага — гэта ж дадатковыя выдаткі...

— Што зробіш, такі свет кіно.

Ды мары

— Выбачай, задам яшчэ некалькі некарэктных пытанняў. А ці былі акцёры, да якіх ты змяніў сваё стаўленне пасля сустрэчы? Спрацаваў, так бы мовіць, канфлікт вобраза і рэальнага чалавека.

— Ды не, асабліва нічога не прыгадаю. Але бываюць дэталі, якія ўражваюць і запамінаюцца. Напрыклад, калі я ўпершыню ўбачыў на свае вочы Анджаліну Джалі, яна ўразіла мяне сваёй худобай. Ізабель Юпер — мы памятаем яе цэласных, стрыжнявых гераінь — у жыцці аказалася невялікага росту, жаноцкая і кранальная.

Дарэчы, памятаю Катрын Дэнёў у вельмі цікавай сітуацыі — калі на адной з прэм’ер яна перажывала за сваю дачку, К’яру Мастраяні. Карціна, у якой прымала ўдзел у якасці галоўнай актрысы К’яра, дэманстравалася ў праграме Канаў. Жанчыны разам прыйшлі на прэм’еру. Катрын Дэнёў заўжды паводзіцца па-каралеўску, а тут адчувалася яе хваляванне — гэта быў такі нечаканы бок сусветнавядомай актрысы, які яна дазволіла нам убачыць. Памятаю, калі К’яру выклікалі на сцэну, яна пакінула маме сумачку.

— Разумею, што ў “Лістапада” пакуль няма мноства буйных спонсараў, і, адпаведна, тых самых астранамічных сумаў. Але калі б яны былі, каго б ты запрасіў у Мінск на фестываль?

— Хачу паўтарыць, што ў свеце вялікага кіно існуюць пэўныя правілы, кодэксы, якіх трэба прытрымлівацца. У зорак ёсць свае агенты, і яны яшчэ тройчы падумаюць пра тое, ці варта ім ехаць на той ці іншы фэст. Але нават калі і пагодзяцца, гэта не значыць, што ўсё пройдзе ладна. Часам на фестывалях я мог бачыць карціну, калі знакамітая актрыса ці акцёр — адгароджваюцца, ментальна абараняюцца ад сітуацыі, у якую патрапілі. Бо ўсё вельмі нагадвае, выбачайце, заапарк. Мне не хацелася б, каб такое здарылася на “Лістападзе”.

— Я разумею. Ды ўсё ж давай паспрабуем уявіць гэтыя ідэальныя ўмовы: калі ёсць і спонсар, і развітая публіка, і шыкоўная інфраструктура. Хто тады мог бы стаць запаветным госцем?

— Ізабэль Юпэр. Не буду хлусіць, гэта мая даўняя мара. Можна толькі захапляецца яе талентам і імпэтам, яе шармам. Мяркую, што калі будуць тыя ідэальныя ўмовы, пра якія ты кажаш, і яна прыездзе-такі на “Лістапад” — я магу смела сыходзіць на пенсію.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"