“Наш рабочы матэрыял — гэта мы самі”

№ 10 (1397) 09.03.2019 - 16.03.2019 г

Калі мы гутарылі з Таццянай ГАРКУШАЙ, яна яшчэ была ў вобразе Маці Ямелі са спектакля “Па шчупаковым загадзе” — што надало інтэрв’ю незвычайную атмасферу. Актрыса працуе ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Горкага з 1982 года, прымерыўшы на сябе за гэты час мноства роляў. Вось і цяпер яна задзейнічана ў такіх розных спектаклях, як “Чацвёртая планета”, “Жаніхі”, “Гора ад розуму”…

/i/content/pi/cult/735/15974/18.JPG— Як вы пачуваецеся пасля спектаклю? Ці няма эмацыйнай вычарпанасці?

— Што вы, сцэна — гэта адмысловая тэрыторыя са сваёй аўрай. Я чула выраз “сцэна лечыць”. Заўсёды ставілася да яго трохі скептычна, пакуль не пераканалася на сабе, што яно і сапраўды так. На здачу спектакля “Любімцы лёсу” прыйшла з тэмпературай 39 — і ўсё горла ў фурункулах! Адмяняць нельга, у зале мастацкая рада і ўся трупа. Было да такой ступені дрэнна, што нават не хвалявалася. Дбала толькі пра тое, каб не забыць тэкст і дакладна праіснаваць у ролі. І што б вы думалі? Да канца спектакля я была цалкам здаровая! Ды і калегі ацанілі маю работу добрымі словамі — прычым ніхто не заўважыў, у якім я была стане. Так што сцэна — гэта чараўніцтва, вядзьмарства… Называйце як хочаце.

— Ці атрымоўваецца ў вас балансаваць паміж светам рэальным і тэатральным?

— А навошта іх так рашуча падзяляць? Тэатральны свет таксама вельмі рэальны. Гэта такая ж праца, як ва ўсіх — хіба, можа быць, з адным адрозненнем. Наш рабочы матэрыял — гэта мы самі. Нашы нервы, сэрца, пачуцці, эмоцыі. І барані Божа сысці ад адчування рэальнасці, а тое ж і дах можа з’ехаць! Трэба старацца ўраўнаважваць жыццё і працу. Ды, на жаль, гэта не заўсёды атрымліваецца. Акцёры — людзі эмацыйныя, бываюць і зрывы.

— Якія з вашых роляў вам найбольш запомніліся?

— Усе ролі пакідаюць у табе нейкі эмацыянальны след, таму і запамінаюцца. У кожную ўкладзеная часцінка твайго сэрца, душы. Памятаю іх усе, люблю — па рознаму, але ўсё роўна люблю. Як бацькі любяць усіх сваіх дзяцей — і таленавітых, і няздараў.

— Але ж так здараецца, што адзін вобраз атрымліваецца лепей за іншы…

— Мне цяжка ацэньваць свае працы, таму проста назаву любімыя. У іх ліку — Ніна Зарэчная з чэхаўскай “Чайкі”, Лаура са “Шклянога звярынцу” Тэнесі Уільямса, Алена з камедыі Міхаіла Рошчына “Муж і жонка здымуць пакой”, “Дама з камеліямі” Дзюма. Гэта я прыгадваю тыя ролі, якія грала яшчэ ў Іванава. У Мінску, вядома, таксама былі і ёсць любімыя спектаклі. Прыкладам, з задавальненнем граю Арыну Панцеляймонаўну ў “Жаніхах” паводле Гогаля. Вельмі падабаўся спектакль па п’есе Алены Паповай “Любімцы лёсу”, у якім я выконвала галоўную ролю. Мы вазілі яго на біенале ў Нямеччыну, дзе ён увайшоў у чацвёрку лепшых. Цяпер ён ужо, на жаль, не ідзе — як і “Пяць кутоў” паводле п’есы Сяргея Какоўкіна, дзе грала балерыну Лялю. А паколькі я ў свой час скончыла харэаграфічную вучэльню ў Мінску, гэта выглядала даволі пераканаўча.

— Дзіўная адукацыя для актрысы драмтэатра. Але, напэўна, карысная?

— Так, лёс мне зрабіў надзвычайны падарунак — гэта дзевяць гадоў вучобы ў харэаграфічнай вучэльні, якая тады знаходзілася пры Тэатры оперы і балета. Мы глядзелі ўсе здачы оперных і балетных спектакляў. У малодшых класах ужо ўдзельнічалі ў тых пастаноўках, дзе былі дзіцячыя ролі, у старэйшых танчылі ў кардэбалеце. Незабыўны час!

А потым — ГИТИС. Цудоўныя педагогі, старыя МХАТаўцы… Кіраўнік курса — Рыгор Рыгоравіч Конскі, сярод выкладчыкаў — Вольга Мікалаеўна Андроўская і Святлана Леанідаўна Собінава, дачка Леаніда Собінава. Мы іх літаральна абагаўлялі. Яны навучылі нас не толькі прафесіі, але і стаўленню да яе, прычым без усялякіх мараляў і настаўленняў. Проста мы бачылі, як яны самі ставяцца да сваёй справы і да нас, студэнтаў.

/i/content/pi/cult/735/15974/19.JPG— А прыгадайце нейкія незвычайныя гісторыі са свайго студэнцкага жыцця.

— Нават маё паступленне ў інстытут — гэта ўжо цэлая гісторыя! Я тры гады паступала, бо вельмі хацелася вучыцца менавіта ў Маскве. На трэці год перад самай паездкай зламала руку. З каня ўпала, уяўляеце! Я тады захаплялася конным спортам. Паехала паступаць у гіпсе, прайшла ўсе туры па спецыяльнасці, але перад сачыненнем давялося яго здымаць, хоць лекары казалі, што яшчэ рана. Рука не слухаецца, пальцы не згінаюцца, літары каравыя, радкі — крыва і наўскос... Хацелася б мне ўбачыць твар педагога, які правяраў маё сачыненне! Але ў выніку — паступіла.

— Каго вы ўспамінаеце або сустракаеце са сваіх аднакурснікаў?

— Сустракаю некаторых — на экране. Гэта Стас Садальскі, Міша Філіпаў, Валерый Бочкін, Людміла Чыркова. Успамінаю і люблю ўсіх.

— Якое ваша стаўленне да акцёраў маладога пакалення?

— Да ўсіх сваіх калег стаўлюся з вялікай павагай. Вядома ж, ёсць і любімчыкі. Але не скажу хто, не хачу нікога крыўдзіць.

— Ад чаго, на вашу думку, залежыць акцёрскі поспех?

— Мая прафесія выдатная, але вельмі залежная. Нават вялікі Марчэла Мастраяні ў адным са сваіх інтэрв’ю казаў, што яго праца шмат у чым залежыць ад рэжысёра. Бо калі яму твая індывідуальнасць будзе нецікавай, плённага супрацоўніцтва не атрымаецца. Зрэшты, і акцёр таксама ўспрымае не кожнага рэжысёра. З адным табе лёгка, ты адчуваеш сябе незвычайна таленавітай, а другі цябе так “замарозіць”, што хочацца ўсё кінуць і сысці. Вельмі важна для акцёра знайсці свайго рэжысёра. Асабліва для маладых — каб паверыць у сябе, умацавацца ў прафесіі.

— А ці пашанцавала са “сваім” рэжысёрам вам?

— Мне — так, пашанцавала. У Іванаве, дзе я прапрацавала амаль дзесяць гадоў пасля заканчэння ГИТИСа, я сустрэла выдатных рэжысёраў. Гэта Лёва Ванштэйн, Фелікс Берман, Ігар Южакоў. На жаль, іх імёны беларускаму гледачу нічога не скажуць. Хаця Ванштэйн быў яшчэ і цудоўным артыстам. Ён здымаўся ў такіх фільмах, як “Хроніка пікіруючага бамбавіка” і “Рэспубліка ШКІД”, але яго прозвішча прыбралі з тытраў, паколькі ён з’ехаў у Амерыку. Арганізаваў там свой тэатр, дзе ставіў толькі Чэхава, якога абагаўляў. З падзякай успамінаю гэтых таленавітых людзей — якіх, на жаль, ужо няма з намі.

— Як вы ставіцеся да фразы “Ці любіце вы тэатр гэтаксама, як я”?

— У кожнага сваё разуменне і стаўленне да тэатра. Хтосьці можа яго і не любіць, гэта ягонае права.

— Ці можна трохі пагутарыць пра вашыя хобі і захапленні — зразумела, апрача тэатра?

— Кнігі, прырода. Люблю сваю хату ў вёсцы. Ну і, вядома ж, унукі. Гэта вялікая і самая важная частка майго жыцця. Да ўсяго, я спартыўная фанатка — сама ад сябе такога не чакала! Вось ужо гадоў 15 захапляюся снукерам, гляджу ўсе чэмпіянаты, хварэю за сваіх улюбёнцаў, хвалююся, калі яны прайграюць. Рэкамендую ўсім гэты від спорту: задавальненне гарантаванае.

 — Як вам здаецца, ці дасягнулі вы жыццёвага поспеху?

— Ніколі не задумвалася пра гэта. Напэўна, у кожнага чалавека сваё разуменне жыццёвага поспеху. Вядома, не ўсё ў мяне склалася так, як хацелася б: жыццё заўсёды ўносіць свае карэктывы ў нашы жаданні і магчымасці. Але трэба цаніць тое, што ты маеш на дадзены момант. Я дзякую Богу за многае: у мяне выдатная сям’я, я ўсё жыццё займаюся любімай справай — а гэта ж, на жаль, не ўсім дадзена. Не хачу перажываць аб тым, што не збылося.

— Якім, на вашу думку, паўстане тэатр у будучыні?

— Не ведаю. Будучыня і пакажа. Я хачу, каб ён быў цікавым, разумным, добрым. І звяртаўся б у першую чаргу да пачуццяў гледача, да ягонага сэрца.

Канстанцін КАСЦЕЦКІ