Пра нашых муз і іх музаў

№ 10 (1397) 09.03.2019 - 16.03.2019 г

Жанчыны дзеляцца на дзве групы. Першая любіць мяне, другую люблю я. Іншыя — для іншых. Пра любоў, як пра ўзаемапаразуменне і ўзаемадавер, магу гаварыць бясконца. З яскравымі прыкладамі, добрымі жартамі і пажаданнямі здароўя. Пра каханне так не магу. Яно — з тых сфер, дзе няма крывадушнасці ды нахабнасці з бестактоўнасцю. Таму тут — толькі лёгкім дотыкам, шэптам, толькі намёкам і паўтонам. Пры гэтым, наяўнасць любові вітаецца, хоць на канчатковы вынік жарсці не ўплывае. Вы, напэўна, чулі што жыццё без кахання — быццам і не жыццё. Прынамсі, якасць яго, па меркаванні спецыялістаў, значна адстае ад сярэднестыстычнай. Робім выснову. Жыццё — гэта нястомны пошук кахання. Няхай ён заўжды будзе шчаслівым. Вышэйзгаданае пра любоў замацуем ніжэйпазначаным пра нашу агульную справу.

/i/content/pi/cult/735/15972/14.jpgМілыя жанчыны з усіх куткоў Беларусі працягваюць віншаваць нас з Днём абаронцы Айчыны. Намеснік дырэктара Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Печкур паведамляе пра святочны канцэрт класа гітары Аляксандра Абрамовіча. У яго праграме быў прадэманстраваны ў дзеянні такі экзатычны інструмент, як укулеле — гавайская гітара. І што характэрна, прачулыя серэнады для жанчын гучаць на ёй не менш эмацыйна, чым на звычайнай шасціструнцы. Шаноўныя мужчыны, вы калі апошні раз спявалі серэнады для каханых? Ніколі? Бярыце хуценька гітары — і пад балконы!

А ў аграгарадку Станцыя Ашмяны прайшоў конкурс “Мой тата — лепшы!” Мужчыны спавівалі “немаўлят”, кухарылі, выступалі ў ролі візажыстаў для сваіх каханых. Згодны, прадстаўнікі моцнага полу павінны ўмець калі не ўсё, дык многае.

Галоўны бібліятэкар па інфармацыйна-бібліяграфічнай рабоце Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Вольга Гулеўская напісала: “Да Дня абаронцы Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у бібліятэках Гродзенскага раёна адбылася акцыя “Разам з татам у бібліятэку”. І таты, пераконвае аўтар, пайшлі! Між тым, за свой журналісцкі век мне давялося бачыць такія сельскія бібліятэкі, дзе ў ліку чытачоў адзін — два мужчыны, дый тое пенсійнага веку, а з 30 — 40-гадовымі — рады не могуць даць. Дык вось вам цудоўны прыклад удумлівай працы менавіта з такімі чытачамі.

“Віват табе, чытач!” — так назваў свой допіс галоўны бібліятэкар Цэнтральнай раённай бібліятэкі горада Столін Ірына Навумчык. 24 лютага ва ўстанове прайшла штогадовая цырымонія ўшанавання лепшых чытачоў. Гэтаму папярэднічаў сур’ёзны аналіз фармуляраў. У выніку названыя самыя-самыя па шасці намінацыях. Найстарэйшым чытачом прызнаны Аляксей Ільюшчынкаў. Дзякуй, шаноўныя жанчыны, за віншаванні нас, мужчын.

Дзе можна пазнаёміцца і закахацца? Паўсюль! Але самыя прыдатныя месцы — бібліятэка, клуб, музей, канцэрт ці фестываль. Тут стаўкі на беспамылковасць выбару павялічваюцца ў разы. Якраз у Століне днямі гастраляваў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Наша сталая пазаштатная аўтарка Галіна Гашчук піша: “Адметнасць падзеі ў тым, што галоўныя ролі ў спектаклях выконваў наш зямляк — ураджэнец Століна Андрэй Новік. Ён і стаў ініцыятарам гастроляў”.

Гэта цудоўна, калі героямі святочных аглядаў становяцца жанчыны. У сённяшні патрапіла некалькі такіх лістоў, дзе гаворка вядзецца пра творцаў. Пра першую піша загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ашмянскай раённай бібліятэкі (па колькасці публікацый Ашмяншчына — нязменны лідар ці не ўсіх рэдакцыйных аглядаў) Святлана Галінская. “Бібліятэчны клуб “Сустрэча” запрасіў ахвотных на чарговае пасяджэнне пад назвай “Родны край, я цябе апяваю”. Адбылося знаёмства з астравецкай пісьменніцай Нінай Рыбік. Яна — сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага саюза журналістаў. Піша прозу і вершы, спрабуе сябе ў драматургіі. Стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года — 2017”, абласнога — “Чалавек года Гродзеншчыны”.

Пра чарговую адметную асобу піша загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч. Ва ўстанове, аказваецца, практыкуецца правядзенне вечароў, на якіх ажываюць біяграфіі. Гэтым разам мерапрыемства “Незвычайныя біяграфіі незвычайных зямлячак” было прысвечана 12 жанчынам родам з таго краю, якім удалося сказаць сваё слова ў навуцы. Сярод іх — каныдаты тэхнічных навук, тры — медыцынскіх, столькі ж — філасофскіх, а яшчэ ёсць кандыдаты хімічных, геалагічных, гістарычных і філалагічных навук.

Гаворка на вечары ішла пра дзвюх жанчын. Першая — Роза Зінова-Сярмяжка — ураджэнка вёскі Старая Калюжыца. Яна 15 гадоў правяла ў геалагічных экспедыцыях ад Ціхага акіяна да Балтыйскага мора, працавала старшым навуковым супрацоўнікам Акадэміі навук БССР, напісала 120 навуковых прац. Другая — Элеанора Капітонава. Ураджэнка раённага цэнтра, яна стала ўрачом вышэйшай катэгорыі са званнем “Міжнародны навукоўца”, доктарам медыцынскіх навук, прайшла шлях ад участковага педыятра да дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра медыцыны і экалогіі, стажыравалася ў Амерыцы.

/i/content/pi/cult/735/15972/15.jpgІ яшчэ адна замалёўка. Гераіня — Станіслава Тамашэвіч, загадчык Дома культуры аграгарадка Гродзі. Аўтар калектыўны — аддзел метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры. Заслуга Станіславы Віктараўны ў тым, што Гродзі даўно атрымалі статус месца “тусовачнага”. У суботу ля ДК не прыпаркавацца, а падчас святаў — весела і па-сямейнаму ўтульна. Інкаш кажучы, клубны работнік вёскі робіць усё шчыра. Наколькі гэта проста, ведае толькі практык з вопытам.

Гэтаксама шчыра прайшла і музычна-гульнявая праграма “Лявоніха”. Пампезнасці не было, але ад гэтага дзея не стала горшай. Гледачоў — не больш за 20. Але колькі імпэту ў зале і на сцэне! Россып арыгінальных конкурсаў, прафесіяналізм загадчыцы, што ўзяла на сябе ролю вядучай, бездакорнае музычнае суправаджэнне гурта “Граўжанцы” — усё гэта і стварае агульнае палатно нешараговай імпрэзы. І фінал арыгінальны: вядучая абвяшчае, што на парадку дня салодкі стол — і ўсе зашамацелі пакетамі. Тую сямейнасць рэдка дзе сустрэнеш. Рэспект, Станіслава Віктараўна!

У творцаў-мужчын, неаспрэчна, ёсць музы — натхняльніцы, захавальніцы, дарадцы і памочніцы. А ў творчых жанчын? Вядома, таксама ёсць. Толькі не яна (муза), а ён (муз). Просьба з мужам не блытаць.

А вось ці ёсць і прыгажуні, і разумніцы, і спецыялісткі ад Бога ў адной асобе? Ёсць, сам бачыў і пераканаўся! Напрыклад, начальнік інфармацыйна-аналітычнага і рэпертуарна-выдавецкага аддзела Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Валянціна Валчкова. Допісы яе ў “Культуру” заўжды глыбокія і аналітычныя. Гэтым разам Валянціна Іванаўна напісала пра вучобу кадраў, а дакладней — пра два адукацыйныя мерапрыемствы. Першае — планавая абласная нарада-семінар дырэктараў гарадскіх дамоў (цэнтраў) культуры, палацаў культуры, мастацтваў, раённых цэнтралізаваных клубных сістэм, намеснікаў дырэктараў, начальнікаў аддзелаў па кінавідэапрадпрыемствах.

У вобласці аддзелы па кінавідэаабслугоўванні сталі складнікамі раённых цэнтралізаваных клубных сістэм, таму перыядычна ўзнікаюць праблемы па выпрацоўцы агульных падыходаў да арганізацыі гэтай справы, не надта ўласцівай для клубнай дзейнасці. Карысна тое, што падчас мерапрыемства выступілі спецыялісты, якія далі вычарпальныя тлумачэнні і рэкамендацыі па фарміраванні рэпертуарнай палітыкі, коштаў на білет, тэхнічным суправаджэнні паказу фільмаў... Наступнае мерапрыемства — абласны семінар-практыкум “Фармаванне і ўдасканаленне выканальніцкіх уменняў і навыкаў эстраднага спеву”. У ім бралі ўдзел мастацкія кіраўнікі, метадысты па вакальна-харавым жанры, кіраўнікі вакальных ансамбляў, дырэктары сельскіх клубных арганізацый. Удзельнікі семінара наведалі тэарэтычныя і практычныя заняткі па развіцці музычных здольнасцяў, вакальных навыкаў падчас працы над канцэртнымі нумарамі, навыкаў ансамблевага спеву, працы над шматгалоссем, сцэнічнай выявай, харэаграфіяй для вакалістаў. Напрыканцы дзвюхдзённай вучобы Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў прапанаваў удзельнікам семінару канцэрт.

А я прапаноўваю вам, шаноўныя жанчыны, яшчэ раз сказаць сабе ўслых: “Я самая паспяховая, самая абаяльная і перспектыўная!” Са Святам!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"