На агеньчык да Навадрама

№ 10 (1397) 09.03.2019 - 16.03.2019 г

Якім павінна быць урачыстае адкрыццё Тыдня сучаснай беларускай драматургіі з сур’ёзна-дзелавой назвай “Канцэнтрацыя”? Вясёлым, маладзёжным, у выглядзе капусніка — вырашылі ў РТБД і Цэнтры беларускай драматургіі.

/i/content/pi/cult/735/15971/12.jpgТыдзень складаўся з шасці рэпертуарных спектакляў тэатра (“Білет на брэсцкі цягнік”, “Гэта ўсё яна”, “Сіндром Медэі”, “А калі заўтра няма?”, “Кар’ера доктара Рауса”, “Ціхі шэпт сыходзячых крокаў”), згаданага капусніка “Навадрамаўскі агеньчык” і шэрагу дадатковых акцый, сярод якіх былі два ЛАРПы — ролевыя гульні жывога дзеяння, прычым паводле новых беларускіх п’ес, а таксама тры сустрэчы з драматургамі, лекцыя, майстар-клас па напісанні п’есы, дыскусія. Агулам — 15 мерапрыемстваў.

Многа гэта ці мала? Многа, калі ўлічваць абмежаванасць часам. Мала — калі параўноўваць з агульнай лічбай напісанага. У адзін толькі “Плач драматурга”, які стаў часткай капусніка, Дзмітрый Багаслаўскі “ўплёў”, па ягоных словах, ажно 35 назваў сучасных п’ес. Ды не абы-якіх, а адзначаных на прэстыжных конкурсах. І дзе ж спектаклі па тых тэкстах?

/i/content/pi/cult/735/15971/13.jpgПраблема нажніцаў паміж напісаннем п’есы і яе пастаноўкай, паміж драматургам і рэжысёрам была ўдала абыграна адразу ў некалькіх нумарах, стаўшы своеасаблівым лейтматывам дзеі. Іранічныя рэплікі адпускаліся і ў бок некаторых драматургічных тэкстаў, і на адрас пастановачных рашэнняў, уключаючы сцэнаграфічныя. Артысты звярталіся да ператэкстовак вядомых песень — гэткай класікі гумарыстычных шоу. Драматург у вачах рэжысёра паўставаў “Фантазёрам”. “Чорны бумер” ператварыўся ў Чорны гумар. І ў гэтай ролі, дарэчы, выйшла “службовая асоба пры выкананні абавязкаў” — заснавальнік і дырэктар культурнага хабу Оk16 Георгій Заборскі. Багата выкарыстоўваліся постмадэрнісцкія спасылкі на ўжо ажыццёўленыя спектаклі, прычым на іншых сцэнах: “Ураджай”, “С училища”, “Крыжовыпаходдзяцей”. І хаця згаданыя пастаноўкі і без таго ва ўсіх на вуснах, чым не дадатковая рэклама?

Звяртаю на гэта ўвагу яшчэ і таму, што часцей бывае наадварот: пэўны творчы калектыў (дарэчы, не толькі тэатральны — тое ж тычыцца і музычных) рэкламуе выключна свае акцыі, быццам больш нічога нідзе не адбываецца. А тут — суквецце перапрацаваных фрагментаў з самых, бадай, нашумелых спектакляў апошняга часу, пастаўленых і ў тэатры Янкі Купалы, і ў Оk16, без падзелу на дзяржаўныя і прыватныя пляцоўкі.

Капуснік атрымаўся папраўдзе смачным — без ніякага двукроп’я. Праўда, яго назва была наўмысна перайначана на трасянкаўскі манер — “Навадрамаўскі аганёк”, каб адразу ўзнікалі асацыяцыі з агеньчыкамі “блакітнымі”, якія спраўна дапамагалі некалі сустракаць навагодняе свята. Навагодняя тэматыка падтрымлівалася і ў святкаванні Новай драмы. Быў і відэазварот-віншаванне экс-кіраўніка Цэнтра беларускай драматургіі Аляксандра Марчанкі, і келіхі з шампанскім. І сапраўднае адчуванне нейкага пачатку — новага кроку, часу, эпохі… А ўжо чым яна стане для сучаснага тэатра — камедыяй, драмай ці, можа, знойдзецца нейкае новае азначэнне, — пакажа час. Аднаго тыдня — нават пад лозунгам “Канцэнтрацыя” — для гэтага замала.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"