Танцы кампазітараў і птушак

№ 10 (1397) 09.03.2019 - 16.03.2019 г

Сваё 85-годдзе Беларускі саюз кампазітараў адзначыў вельмі кампактна, але інфарматыўна і па-мастацку насычана. Да юбілею былі прымеркаваны два канцэрты ў сталічнай філармоніі: камерны ў зале імя Рыгора Шырмы (гл. № 9 “К”) і сімфанічны гала.

Канцэрт “Сімфанічная музыка сучаснай Беларусі” складаўся сумеснымі намаганнямі. Фінансавую падтрымку аказала Міністэрства культуры краіны. Гэта дазволіла знізіць кошт квіткоў да пяці — сямі рублёў і тым самым прыцягнуць у залу не самую забяспечаную, але прагную да мастацтва публіку. Мастацкім кіраўніком праграмы выступіў народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў. Яго думкі пры звароце да тых ці іншых твораў мелі вялізную вагу. Свае прапановы ўносіла таксама і праўленне творчага саюза, папярэдне сабраўшы заявы аўтараў.

У выніку канцэрт значна адрозніваўся ад многіх ранейшых кампазітарскіх вечарын. У ім мелася — і, што не менш важна, была цалкам вытрымана — канцэпцыя: прэм’еры + папулярная класіка. Праграма складалася не з таго, што апынулася “пад рукой” (і было, дадамо, “пад пальцамі”). І не з таго, што прапаноўвалі-“прасоўвалі” найбольш імпэтныя аўтары. У яе ўвайшлі 15 спецыяльна адабраных і добра развучаных партытур, паслядоўнасць якіх мела лагічную, ды не зусім звычайную драматургію (спачатку класіка, прэм’еры — потым) і была ў стане стварыць дастаткова разгорнутую, размаітую па жанрах і стылях панараму айчыннага музычнага мастацтва. Арыентавацца ў ёй дапамагалі бясплатныя мінібуклеты з анатацыямі да кожнага твора і сціслымі звесткамі пра кампазітараў, часта з вылучэннем магістральнай лініі іх дзейнасці.

З вялікай адказнасцю паставіліся да выступлення і самі аркестранты, і тым больш салісты. Творы выконваліся з любоўю, у кожным была знойдзена і выяўлена свая разыначка. Святочнай “уверцюрай” была абраная “Фландрыя” з балета Яўгена Глебава “Ціль Уленшпігель”. Крыху большая стрыманасць нават не тэмпу, а самога адчування руху надала ёй урачыстасць. Кантраст паміж віртуознымі выкрунтасамі духавых і пранікнёнай скрыпкай быццам адлюстроўваў не перыпетыі балетнага сюжэту, а тонкую, ранімую душу кампазітара на фоне знешняй напорыстасці характару. У Арыі Льва Абеліёвіча, дзе зноў саліравала першая скрыпка аркестра Юлія Стэфановіч, скарыла яе працяглая, амаль бясконцая фразіроўка, дзякуючы якой на першы план выйшла філасофская тэма вечнасці.

З Другога цымбальнага канцэрта Дзмітрыя Смольскага, дзе першая частка звычайна засланяе сабой астатнія, былі абраны, наадварот, дзве апошнія. Прычым імклівы фінал стаў не кульмінацыяй, а “пасляслоўем”, якое хіба адцяняла павольную другую частку. Салістка Ірына Міхайлава адкрыла нам кампазітара-лірыка, які раней успрымаўся выключна трагікам са з’едліва-іранічнымі музычнымі каментарыямі. Эпіталама Кіма Цесакова была прачытана не проста як вясельнае віншаванне, што адпавядае назве. Дырыжор з усёй уласцівай яму рамантычнай узнёсласцю выбудаваў нараджэнне, развіццё і росквіт пачуццяў. Далейшая “сюіта” з трох вальсаў (Анатоля Багатырова, Уладзіміра Солтана, Сяргея Картэса) раптам навяла на думку: а што, калі ў будучыні яе пашырыць да цэлай праграмы беларускіх вальсаў? Бо справа ж не ў тым, каб зрабіць “імпартазамяшчэнне” музыцы Іагана Штрауса. Важна разумець, што і ў нас ёсць свае сімфанічныя хіты — накшталт Вальса Рыгора Пукста, які некалькі дзесяцігоддзяў таму замаўляўся радыёслухачамі як музычнае віншаванне, хаця насамрэч з’яўляецца другой часткай яго Шостай сімфоніі.

Гучным завяршэннем першага аддзялення з яго рэтраспектывай мінулых дзесяцігоддзяў сталі “Скокі фанатыкаў” з балета “Святло і цені” Генрыха Вагнера, дзе замест аркестравага “валу” былі чутны ўсе інструментальныя фарбы-тэмбры.

Другое аддзяленне амаль скрозь складалі прэм’еры. Былы песеннік Дзмітрый Яўтуховіч, які з 1993-га жыве ў Амерыцы, паўстаў музычным марыністам: яго Паэма “Айвазоўскі ў Феадосіі” (саліст — Юрый Бліноў) носіць такі ж зменлівы характар, як само мора. “Сціхіры і званы” (фінал Трэцяй сімфоніі) Дзмітрыя Лыбіна пакінула адчуванне неверагоднай аб’ёмнасці гучання і сапраўднага чараўніцтва — асабліва калі аркестравымі сродкамі імітаваліся царкоўныя званы. “Полацкая паэма” Андрэя Мдзівані пацвердзіла схільнасць да працэсуальнасці, а не архітэктурнасці музычных аповедаў кампазітара-класіка. “Зіма” з “Пораў года” Валерыя Карэтнікава з’яднала прыродны відарыс з жанравай замалёўкай народных святаў.

У балетных фрагментах Алега Хадоскі ўразіла не толькі амаль відовішчная пластычнасць музыкі, выўленая ў яе колішнім харэаграфічным увасабленні, але і сімфанічнае майстэрства, уменне кампазітара не экспанаваць, а развіваць матэрыял усімі аркестравымі сродкамі. “Капітан планет” Вольгі Падгайскай, дзе яна выступіла яшчэ і арганісткай, адлюстраваў яркае трагічнае светаўспрыманне аўтара, уласцівае ёй літаральна з першых творчых прац. А ў творчасці Сяргея Бельцюкова, як паказалі “Танцуючыя птушкі”, раптам узнікла індывідуальнае пераламленне мінімалісцкіх павеваў.

Дый сам зварот да тэмы вольных птушак стаў для заканчэння вечарыны больш чым сімвалічным: канцэрт атрымаўся ва ўсіх сэнсах слова “палётным”. І пераканаў слухачоў, што беларуская музыка можа быць не сумна-шэрай ды незразумелай, а рознакаляровай і адначасова стыльнай, прыгожай і надзвычай змястоўнай.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"