Аўдыя & Відэа

№ 10 (1397) 09.03.2019 - 16.03.2019 г

Лютаўскія аўдыяработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць франтмэн гурта Re1ikt Уладзімір КАЗЛОЎ (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

АЎДЫЯ

/i/content/pi/cult/735/15969/_opt.jpegГурт “Петля пристрастия”, альбом “Гул”

А.: Інтуітыўна так атрымалася альбо спецыяльна, але гурт — сапраўды ў сваім часе і сваім месцы. Гэта музыка шматпавярховак і прахадных двароў. Музыка болю і надрыву — не фатальнага, а да пэўнага градуса. Гітарны гук пранікае літаральна ў кожную клетачку слухача, выклікаючы раздражненне ўсялякіх рэцэптараў. Запіс вельмі шчыльны, усё гучыць як адзін інструмент. Прыемна, што няма заігрывання з замежнай музыкай. І ёсць у гурта рух наперад.

B.: Вось калі лідар гурта Ілля Чарапко-Самахвалаў не надта “заганяецца” ў сваёй сацыяльнай лірыцы, то слухаць яго становіцца цалкам магчыма. Не, і ў гэтым альбоме ён таксама перыядычна “жжет глаголом”, у іранічным ключы выкрываючы тое, што яму не падабаецца ў гэтым жыцці, альбо выступаючы ў ролі філасафічнага трубадура, які разважае пра цяперашні момант. Але без перабору — тут ён абышоўся без гэтага грашка, які за ім водзіцца. Музычна ж усё вельмі хораша — гітары, шчыльная рытм-секцыя, маса паветра. “Руліць” постпанк, “руліць”.

/i/content/pi/cult/735/15969/opt.jpegВіктар Шалкевіч,альбомы “Такая доўгая зіма”  і “Балады. Найлепшае”

A.: Як вядома, той, хто ўмее распавядаць гісторыі, кіруе светам. Першую праграму Шалкевіча я ўсё ж такі аднёс бы да жанру гумарыстычнай мастацкай дэкламацыі. І калі артыст вырашае суправадзіць вершы музыкай, я з павагай стаўлюся да такога выбару. Прычыны і мэты выканаўцы зразумелыя толькі яму, а нам застаецца яго выбар прымаць або не. Бо кожны слухач малюе ва ўяўленні свайго ўнікальнага Шалкевіча — і, паверце, усе яны розняцца ў залежнасці ад твайго культурнага і жыццёвага досведу.

Маладняк такі фармат можа адштурхнуць, паколькі ўласцівасць юнацтва — не надта звяртаць увагу на змест, а меркаваць па формах. Ну а тыя, хто звык ставіцца да мастацтва інакш, атрымаюць задавальненне ад праслухоўвання апавяданняў і кампазіцый, здатных выклікаць усмешку і жаданне прыйсці на канцэрт. На мой погляд, талент гэтага артыста можа адцягнуць нашага панурага суайчынніка ад яго паўсядзённай занятасці. Такі апавядальнік проста неабходны на любым вялікім застоллі, каб аб’яднаць усіх смехам.

Што тычыцца другой праграмы… Файна, каб так гучаў на тэлебачанні і радыё папулярны айчынны шансон (у агульнапрынятым сэнсе слова) — культывуючы беларускую мову сярод рускамоўных беларусаў старэйшага пакалення. У плане музыкі гэты дыск больш лірычны за першы. Ён абуджае ўласцівасць успамінаць мінулы час — са светлым сумам і шкадаваннем.

У абедзвюх праграмах не аднойчы згадваюцца паездкі ў цягніках, прыпынкі на розных станцыях — ад Беластока да Мінска. І хай падарожжа Віктара Шалкевіча працягваецца многія гады, а паравоз толькі набірае хуткасць!

B.: Двайнік аднаго з вядучых бардаў краіны — гэта, вядома, падзея. Трэкі першага альбома суправаджаюць маналогі выканаўцы — пра гісторыю стварэння кампазіцый, пра тое, што жыццё наша, уласна, і складаецца з такіх вось “кампазіцый” — сітуацый, сустрэч. Трохі дзіўным для мяне стала тое, што ўжо даўно звыклы ў электрычнасці Шалкевіч на гэтым дыску загучаў… калі не “кандова” рокава, то, прынамсі, поп-рокава. З іншага боку, нават у самых “легкаважкіх” песнях Віктара Антонавіча нярэдка адчуваўся менавіта рок-драйв. Тут ён проста нястрымна выплюхнуўся вонкі, і атрымалася гэта вельмі сімпатычна. А калі ўспомніць, што не адна песня Шалкевіча была вытрыманая ў блюзавай стылістыцы, то такі зварот да “альтэрнатыўнага” гучання выглядае цалкам натуральным і лагічным. Увогуле, усё атрымалася! Ды і фірмовыя іронія, самаіронія, сцёб, ёрніцтва і гумар з сатырай пад грузам кілават нікуды не зніклі.

Другі дыск — падборка прыгожых, тонкіх, далікатных, здатных прабіць да слёз песень, на якія артыст таксама майстра. Ну а трэк “Правiнцыя” — гэта проста шэдэўр! Выдатны рэліз!

/i/content/pi/cult/735/15969/pt.jpegПраект Volski, альбом Hravitacyja

A.: Хітоў для сябе я ў альбоме не вылучыў, але вось кідкія песні, якія б паслухаў не раз, тут, вядома, ёсць. Лявон Вольскі ўжо ўпісаны ў нашу гісторыю, гэта відавочна кожнаму, хто хоць неяк мае дачыненне да айчыннай музыкі.

Тэмы песень актуальныя, ёсць месца гумару, матэрыял падаецца чыста беларускім почыркам. Сэнсавыя матывы — для Вольскага нязменныя. І калі не быць абыякавымі слухачамі, якіх з нас цяпер імкнецца зрабіць рэальнасць, а ўключыць уяўленне — месцамі мурашкі па скуры паўзуць…

B.: Калі лічыць Лявона Вольскага пераймальнікам гурта N.R.M., то дадзены альбом, на мой погляд, — лепшае, што музыкант зрабіў пасля рэлізу “Тры чарапахi” — этапнай, знакавай работы ў айчынным року выпушчанай яшчэ са старымі сваімі таварышамі. (Не прайшло і дваццаці гадоў!). Нават адкрыты кітчавыя песні, адна з якіх нават на рускай мове — першая і думаю, што апошняя, не крайняя ў артыстычнай біяграфіі Лявона Артуравіча, агульнага ўражання не сапсавалі. Усё вельмі магутна па інструменталу. Валам бранябойных рытмічных рэчаў, ёсць выдатныя “медлякi”. На высокую паэзію тэксты Вольскага як не цягнулі, так і не цягнуць. Але гэты аўтар, як заўсёды, выступае ў ролі менавіта таго рок-песенніка, што ўзіраецца ў люстэрка беларускага быцця. У выдатнай форме знаходзіцца гуру беларускай альтэрнатывы! І няхай жа ён застанецца ў ёй надаўжэй!

/i/content/pi/cult/735/15969/t.jpegГурт Trubetskoy, альбом “Заварушыць біт”

А.: Не заварушылася ўва мне нічога, не ўзнікла асаблівых эмоцый, не апынуўся я на адной хвалі з гуртом. Як быццам, бадзёры альбом — але стылістычны дысбаланс проста рэжа слых. “Рэжуць” гукі гітар, калі іх у песнях “кідае” ад цяжкага трэшу да просценькіх рыфаў — як у зусім юнага “Ляписа Трубецкого”. Аднак трэба прызнаць, што з такой праграмай захоплены прыём у публікі на фестывалях будзе забяспечаны.

B.: Вядома, за тэкст трэка “Маё сэрца” (нядрэннага, дарэчы) гурту трэба трохі ўсыпаць. Дакладней, за радок у прыпеве, дзе гэты чалавечы орган б’ецца і не здаецца. Справа ў тым, што мегахіт з аналагічнай назвай ад калектыву Partyzone і Русі і тым жа наборам дзеясловаў у прыпеве больш за дзесяць гадоў таму гучаў у краіне з кожнай мікрахвалёўкі. Ёсць яшчэ добрыя кампазіцыі: “Крылы”, “Хуавэй” (класічны хард-рок з класічным гітарным рыфам), “Глянцавы свет” і “Жодзіна” (цалкам можа прэтэндаваць на неафіцыйны гімн горада). Магчыма, пакуль найлепшы альбом каманды за не такую і доўгую яе гісторыю. Той выпадак, калі майстэрства і вопыт не згубіш.