“Дзе гераіня?” — “Тут мы!”

№ 10 (1397) 09.03.2019 - 16.03.2019 г

Загадалі напісаць пра жанчын. Нібыта я, на шостым дзясятку гадоў, у іх разбіраюся. Асабліва ў работніцах культуры. “І што ён матляецца ды матляецца па краіне, і ўсё яму кепска ды дрэнна? Крытыкант гэткі! Хоць бы раз што людскае напісаў”, — сказала адна другой, а трэцяя, пачуўшы, перадала мне. Вось так і суіснуем. Спачатку лаемся, потым цалуемся. Ці наадварот. І прычым тут нейкі досвед? Жанчыну, тым больш работніцу культуры, зразумее толькі Бог. Мы ж, мужчыны, адно пакутуем на фантомны боль па прычыне адсутнасці рабра. Але загадалі, значыць, трэба выконваць.

Тыя, хто на працы ў клубе, бібліятэцы і музеі займаюцца ўсім, чым заўгодна, але толькі не працай, могуць адкласці “Культуру” і піць кефір з пампушкамі. Тым, хто застаўся, я кажу: “Перастаньце саромецца!” Заробку, прафесіі, сябе і сваіх спраў. Тое, што заробак ваш мізэрны, павінна выклікаць сорам у іншых. Прафесію вы выбіралі самі, і наракаць няма на каго. Дарэчы, выбар ваш цалкам ухваляю і схіляю галаву перад тым, што праца на культуру заўжды звязана з самаахвярнасцю. А гэта, па маім перакананні, найпершы паказчык інтэлігентнасці.

У вас няма святаў, дома вас не знайсці суткамі, скасаванне шлюбаў у вашым асяродку — ці не норма, а колькасць штрафаў ад міліцыі ды фінансістаў перавышае колькасць падзяк ад рай- і аблвыканкамаў. Уражанне такое, што паўсвету — супраць вас, а вы ўсё прыгажэй усміхаецеся публіцы.

І не трэба казаць, што ў вас не стае часу на новую прычоску. Навошта яна вам! Прыгажосць — гэта рух: парыў душы і фізічнае памкненне апярэдзіць час. Гэтай рухомасцю вы зараджаеце іншых. Іншыя часам гэтага не зважаюць.

Бессмяротны трыумвірат бюджэтнай “сацыялкі”. Так, самы малы астаткавы прынцып фінансавання — у культуры. Так, настаўнікі з урачамі не маюць права на памылку, яны заўжды на пярэднім краі… Але вось якая сітуацыя ўзнікла на сёння не дзе-небудзь, а ў сталіцы. У немалой колькасці школ беларускую мову (за іншыя дысцыпліны не кажу) выкладаюць учарашнія “троешнікі”, бо паступіць на філфак цяпер лягчэй, чым яго кінуць. А троешнік у навучанні — ён і ў працы троешнік.

Урачы. Тут як пацыент скажу. Некалькі месяцаў запар не мог прабіцца да ўчастковага. Да эндакрынолага і тэрапеўта трэба выстаяць паўдня, каб пачуць: “Ну, гэта, бацюхна, старасць. Ад яе лекаў няма!” Затое і вучаць, і лечаць мяне работнікі культуры.

Толькі пра адно прашу: “Перастаньце быць сціплымі!” Вы — людзі публічныя, таму — уплывовыя. І ступень уплывовасці вашай на грамадскую свядомасць не меншая (а пры пэўных абставінах нават і большая), чым ва ўрача і настаўніка.

Але глядзіце, што атрымліваецца. Мастацкіх фільмаў, спектакляў, жывапісных палотнаў і песень пра настаўнікаў і ўрачоў — мора бяскрайняе. Пра работнікаў культуры — амаль нічога. Некалькі эпізодаў у фільме пра міліцэйскага ўчастковага Аніскіна адведзена для кіраўніка сельскага клуба, ролю якога бліскуча выконвае Раман Ткачук. Роля — камедыйная, але ў вачах героя раз-пораз узнікае самота, і не толькі па прычыне скрадзенага акардэона. Не надта радасны і масавік-забаўнік са стужкі “Адпачывальнікі”, якога іграе Ралан Быкаў. Ну і ў “Старым новым годзе” Яўгенія Санаева вуснамі сваёй гераіні нязменна паўтарае: “Мы, старыя работнікі культуры”… Гаворка, як вынікае з кантэксту, ідзе ці не пра станаўленне савецкай улады. Вось, бадай, і ўсё. Чаму? Адбітак астаткавага прынцыпу? Выснова адна: умейце здзіўляць пастаянна, і вы застанецеся ў памяці. Упэўнены, што гераіня, якая прыйшла ў прафесію, каб змяніць свет, знойдзецца ў кожным раёне. І далёка не адна.

Разумею: стварыць мастацкі твор пра сельскага работніка культуры — гэта стварыць мастацкі твор пра сённяшні стан беларускага сяла, што часам не надта проста. Скажу цішком, што жыццяпісам работніка культуры займаецца сёння хіба што толькі наша газета.

Выпісвайце яе — і мы будзем разам.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"