Мроі і рэальнасць вучэбнага тэатра

№ 10 (1397) 09.03.2019 - 16.03.2019 г

Ці можна вырасціць алімпійскага чэмпіёна па плаванні, перадаючы сакрэты тэхнікі ў басейне без вады? Такія асацыяцыі з’яўляюцца, калі ў чарговы раз безвынікова імкнешся даведацца пра лёс вучэбнага тэатра Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Галоўны корпус БДАМ, у якім і знаходзіцца вядомая гораду сцэна, студэнты даўно абжылі пасля рамонту. Аднак Тэатр-студыя імя Еўсцігнея Міровіча вось ужо дзевяць гадоў як недаступная будучым акцёрам і рэжысёрам.

/i/content/pi/cult/735/15965/8.JPG“Бы пажар!”

У тэатрах краіны сёння працуе нямала дыпламаваных спецыялістаў, якія за студэнцкае жыццё так і не пабывалі на сцэне вучэбнага тэатра Акадэміі мастацтваў, бо з 2010-га года галоўны корпус быў на капітальным рамонце. У першай палове 2010-х гадоў заняткі праводзіліся ў памяшканнях на розных канцах горада. Дэкану тэатральнага факультэта Уладзіміру Мішчанчуку даводзілася дамаўляцца пра арэнду аўдыторый на Партызанскім праспекце, куды на час рамонту пераязджаў тэатральны факультэт.

— Любы пераезд — бы пажар! — дэкан не вельмі любіць успамінаць тыя часы на "выселках". — Неабходна было адаптавацца да новых рэалій, бо займацца даводзілася ва ўмовах адсутнасці вучэбнай сцэны.

Умовы былі, мякка кажучы, не надта, але педагогі тэатральнага факультэта трымаліся па-геройску і як маглі, згладжвалі вострыя вуглы. Арандаваныя пакоі ўдалося пераабсталяваць у танцклас, пляцоўку для навучання фехтаванню, сцэнруху, вакалу, грыму. Выпускныя спектаклі ладзілі на сталічных прафесійных пляцоўках — Купалаўскі, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Тэатр юнага гледача, Тэатр-студыя кінаакцёра, Тэатр Арміі і іншыя ішлі насустрач творчай ВНУ, дзе калісьці навучаліся многія творцы іх калектываў.

/i/content/pi/cult/735/15965/9.JPGНа жаль, вяртанне ў родныя аўдыторыі адсоўвалася. Прычын было нямала. У афіцыйным лісце за подпісам дырэктара камунальнага будаўніча-эксплуатацыйнага ўнітарнага прадпрыемства “Мінская спадчына” Аляксандра Кохана, што адказвала за капітальны рамонт і мадэрнізацыю вучэбнага корпуса № 1 БДАМ, сцвярджаецца: “Тэрміны выканання работ прадоўжыліся з-за неабходнасці перапрафілявання шэрагу памяшканняў для арганізацыі вучэбнага працэсу па выдадзеным раней (у 2013-м годзе) заданні УА “БДАМ”, а таксама нерытмічнага і абмежаванага фінансавання на працягу ўсяго перыяду будаўніцтва”.

На тэатральным факультэце разумелі, што гэта часовыя цяжкасці. І верылі: не за гарамі вяртанне ў alma mater. Аднак доўгачаканыя пярэбары ў 2016-м годзе выклікалі зблытаныя пачуцці: педагогі і студэнты атрымалі новыя аўдыторыі, спартыўную залу, але даведаліся, што тэатр-студыя імя Міровіча, малая сцэна і харэаграфічны клас ім ізноў недаступныя.

На двары 2019-ты. З працытаванага вышэй ліста вынікае, што “капітальны рамонт і мадэрнізацыя вучэбнага корпуса №1 УА “БДАМ” па праспекце Незалежнасці, 81 у г. Мінску КУП “Мінская спадчына” завершаны”. Аднак дзверы вучэбнага тэатра усё гэтак жа замкнёныя. Чаму?

Не скрануць. Не ўключыць. Не павесіць

Пакуль мы разам з дэканам падымаемся па параднай лесвіцы Акадэміі мастацтваў, Уладзімір Андрэевіч успамінае іншае будаўніцтва, да якога ён калісьці меў дачыненне.

— У 27 гадоў мне выпаў лёс быць дырэктарам Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра. Тады калектыў працаваў у тэатры колішняга гродзенскага старасты Антонія Тызенгаўза (сёння ў ім ставіць спектаклі абласны тэатр лялек) і марыў пра новы будынак. Да гэтай пары памятаю, як ладзілася тое будаўніцтва: больш арганізавана, больш адказна. Не пабаюся сказаць — з любоўю! — узрушана распавядае суразмоўца. — Вынік навідавоку: за пяць гадоў на беразе Нёмана ўзнік велічны тэатр, які сёння з’яўляецца сімвалам горада.

Без сумневу, рэканструкцыя вучэбнага тэатра, распачатая дзевяць гадоў таму, зацягнулася. Як можна зразумець з адказу “Мінскай спадчыны”, арганізацыя лічыць сваю працу завершанай. У дакуменце пазначана: “Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь выдаткаваны УА “БДАМ” фінансавыя сродкі на набыццё абсталявання тэатра, яго тэхнічнае абсталяванне і развіццё”.

Яшчэ ў кастрычніку на рабочай сустрэчы ў Міністэрстве культуры быў падпісаны пратакол даручэнняў, згодна з якім на выдаткаваныя з рэспубліканскага бюджэту сродкі Акадэмія закупіла абсталяванне для механізацыі сцэны і падрыхтавала яго для перадачы заказчыку КУП “Мінская спадчына” і БУ -168 “Будаўнічага трэста № 7” для яго мантажа і выканання пускавых і наладачных работ. Але са снежня 2018 года абсталяванне вагой каля 14 тон (трасы, лябёдкі, сетка-рабіца і іншае) знаходзіцца непасрэдна на будаўнічай пляцоўцы вучэбнага тэатра, аб чым заказчык неаднаразова атрымліваў паведамленне…

Хто ж адказны за тое, каб давесці аб’ект да ладу?

— Суцэльныя абяцанкі-цацанкі! — засмучаецца Уладзімір Андрэевіч. — Што мне казаць выкладчыкам, студэнтам дзённай і завочнай формы навучання, бацькам? Як дэкан я нясу адказнасць за арганізацыю вучэбнага працэсу. У студэнтаў няма элементарных умоў для працы. А некаторыя з іх плацяць за сваю адукацыю… Дыпломнікі выпускаюць спектаклі ва аўдыторыях. І толькі калі ідзе паказ работ Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі, яны трапляюць , па нашай дамоўленасці, на прафесійную сцэну.

Уладзімір Андрэевіч заводзіць нас з фатографам у той самы шматпакутны вучэбны тэатр. Зала выглядае досыць прывабна: акуратна выведзеныя сцены, адноўленыя люстры, навюткая падлога. Маю ўвагу адразу прыцягваюць шэрагі крэслаў, усталяваных на добрым узвышэнні адносна адзін аднаго. Я памятаю гэтыя крэслы дарамонтнага фармату: з цяжкасцю можна было што-небудзь разгледзець за галовамі гледачоў, якія сядзелі перад табой. Цяпер хаця б гэтая праблема дакладна здымецца.

Тут мой запал і заканчваецца. Хутка высвятляецца цэлы спіс будаўнічых недапрацовак. Напрыклад, вялікая жырандоля у адпаведнасці з праектнай дакументацыяй падымалася і апускалася пры дапамозе лябёдкі (пра гэта сцвярджаецца і ў лісце ад будаўнічай арганізацыі). Уладзімір Андрэевіч разводзіць рукамі: цяпер тую жырандоль з месца не скрануць. Раней святло запальвалася і гасілася паціху, як і патрабуецца ў сапраўдным тэатры, павольна, а зараз уключаецца і выключаецца “рубільнікам”. Ці возьмем акуратна пафарбаваныя сцены і парталы сцэны, столь каля сцэны: усё добра, аднак на ёй няма абсталявання для вынасных пражэктараў. Значыцца, давядзецца гэтую прыгажосць наноў дзяўбсці, здымаць крэслы, рабіць прыстасаванні ў столі, для мантажу вынаснога сафіта.

Дэкану шкада, што за доўгія гады рэстаўрацыі змяніліся першапачатковыя планы: дзеля зніжэння выдаткаў усё, што можна, было спрошчана. Прыкладам, адмовіліся ад паваротнага кола на сцэне. Шчыра кажучы, у сённяшнім варыянце тэатр-студыя бліжэй да нейкага рэгіянальнага клуба, чым да сучаснага вучэбнага комплексу. Аднак за дзевяць гадоў чакання важная ўжо не столькі тэхнічная начынка, колькі сама магчымасць нарэшце выступіць на ўласнай сцэне.

Сэрца пустуе

Утрох рушым у рубку. Вялікі пакой пакуль што радуе толькі новымі вокнамі, з якіх добра праглядаецца сцэна. Праўда, яны не адчыняюцца. Тут даўно павінна месціцца неабходная для абслугоўвання спектакляў апаратура, стаяць светлавыя і гукавыя пульты. Уладзімір Андрэевіч не можа схаваць свайго расчаравання: ён не бачыць у рубцы неабходнай камунікацыі, сістэм правадоў. Адчуванне, быццам усё ладзілі з разлікам на невялікую клубную пастаноўку, а не на стварэнне прафесійных спектакляў.

Уладзімір Андрэевіч рэагуе так эмацыйна яшчэ і таму, што сам у 1968 годзе іграў у сваіх дыпломных спектаклях у гэтым тэатры. Ён памятае тыя часы, калі за кулісамі месцілася сапраўдная кафляная грубка, ля якой грэліся будучыя артысты перад выхадам на сцэну. Афіцыйна звацца вучэбным тэатрам гэтае памяшканне пачне праз дзесяць гадоў, а фактычна ён існаваў з 1949 года — тады ўпершыню для паказу дыпломных работ пачалі выкарыстоўваць актавую залу творчай ВНУ. На гэтай сцэне рабілі свае першыя крокі артысты, якімі сёння ганарацца тэатры краіны, і дэкану вельмі баліць, што традыцыя перапынілася.

Вучэбны тэатр патрэбны не толькі непасрэдна акцёрам і рэжысёрам, але і студэнтам іншых факультэтаў Акадэміі. Сюды павінен быў пераехаць Цэнтр эксперыментальнай рэжысуры, які зараз размешчаны на вуліцы Каліноўскага ў былым дзіцячым садку. Тут павінны замацоўваць навыкі будучыя сцэнографы, дызайнеры касцюмаў і грымёры, рэжысёры па гуку і асвятленні. Дарэчы, у дарэмонтныя часы ў рубцы стаяла кінапраекцыйная апаратура. Сённяшнім праектам дэманстрацыя фільмаў не прадугледжана…

З рубкі выходзім праз ізаляванае памяшканне, спавітае сеткавымі блокамі. Па словах дэкана, тут плануецца зрабіць студыю гуказапісу. Аднак патрэбнага абсталявання, ізноў жа, пакуль не стае. — усё гэта — сэрца тэатра, але яно, на вялікі жаль, не напоўнена крывёй. Яно зусім пустое, — у роспачы зазначае Уладзімір Андрэевіч.

Дажджу і снегу наперакор

Каб узняць сапсаваны настрой, ідзем у фае вучэбнага эатра-студыі. Тут мяне чакаў сапраўдны сюрпрыз. Памятаю, як у сярэдзіне 2000-х у Акадэміі мастацтваў праходзілі паказы Міжнароднага дзіцячага тэатральнага фестывалю “Крок у неба”, і журналістам даводзілася штораз праціскацца праз натоўп у вузкім калідорчыку перад дзвярыма вучэбнага тэатра. Аказваецца, прастора, што хавалася ад гледачоў за тонкай перагародкай, была перапланавана ва аўдыторыі толькі напрыканцы ХХ стагоддзя, бо студэнтам не хапала месца для заняткаў. Раней жа тут сапраўды існавала фае. Супрацоўнікі “Белрэстаўрацыі” вярнулі былую веліч: па фотаздымках аднавілі ляпніну, кандэлябры.

— Мы плануем задзейнічаць памяшканне яшчэ і ў якасці канцэртнай пляцоўкі, — дадае Уладзімір Андрэевіч. — Раяль 30-х гадоў мінулага стагоддзя ўжо ёсць і чакае майстра, які паабяцаў нам яго рэстаўрыраваць. Як маглі, мы яго ўхуталі і ўцяплілі – і змаглі захаваць ў працоўным стане наперакор усім будаўнічым катаклізмам і кліматычным умовам і абставінам.

Здавён побач з асноўнай глядзельнай залай існавала і малая — на 48 месцаў. Яна была разлічаная на монаспектаклі, эксперыментальныя работы, для правядзення ўступных іспытаў па сцэнмове і вакалу, майстэрству акцёра. Наведваемся і сюды: пасля рэканструкцыі колькасць крэслаў зменшылася да 34, сцэна пакуль голая — не відаць ніякіх прыстасаванняў для замацавання гукавой або светлавой апаратуры, куліс, задніка, заслоны. Адно што, подыум узнесены па-над падлогай. За гэтыя перабудоўчыя гады памяшканне нават чамусьці змяніла назву і цяпер, згодна з праектам, стала клас-залай.

У пакоя-пенала ёсць вялікі недахоп: нізка вокнаў на ўсю сцяну. Каб стварыць неабходнае для спектакляў зацямненне, іх трэба зачыняць драўлянымі аканіцамі. На жаль, тыя двухстворкавыя палотны не прылягаюць да адкосаў і падаконнікаў, ды яшчэ і прасвечваюцца на стыку. Рамонт правялі, але відавочна, што студэнтам давядзецца прыбягаць да дзедавых спосабаў, каб пазбавіцца залішняга знешняга святла.

Заглядваем у гукавую і светлавую рубкі малой залы: яны таксама яшчэ пустыя. Толькі дзе-нідзе на падлозе ляжыць тынкоўка. Гэта вынік будаўнічых работ паверхам вышэй — там, у харэаграфічным класе, напярэдадні пачалі праводзіць правады для мантажу гукавой апаратуры, якія ў свой час не паклалі. Падымаемся туды — ізноў дзіўнае адчуванне кінутай на паўдарозе справы. Мяркуйце самі: сцены, столь і падлога гатовыя, але яшчэ тры неабходныя танцоўшчыкам люстры ў поўны рост так і не замацаваны да сцен. Харэаграфічны станок пачалі збіраць, але апошнія некалькі перакладзін не прымацавалі. З-за гэтых і іншых дробязяў студэнты не могуць поўнавартасна займацца ў танц-класе..

За адчуваннем публікі — у Маскву

Пакуль мы абыходзілі праблемныя памяшканні, спадар Мішчанчук неаднаразова паўтараў, што яму хацелася ад усіх, хто займаецца капітальным рамонтам, больш адказнага, гаспадарчага падыходу да вырашэння праблемы. Усё ж, гаворка ідзе не пра прыватную кантору, а пра дзяржаўную ВНУ, якая рыхтуе творчыя кадры для ўсёй краіны.

— Як можна падрыхтаваць высакакласнага спецыяліста, калі акцёр за чатыры гады навучання не выходзіць на сцэну? Пра які пасыл гуку можна гаварыць у аўдыторыі чатыры на восем квадратных метраў? Пра якую форму паводзін на сцэнічнай пляцоўцы мы можам казаць? — задаецца рытарычнымі пытаннямі дэкан. — Аднак на пальцах не распавядзеш пра адчуванне гледача, а ўзаемадзеянне з публікай для акцёра самае галоўнае. За 33 гады працы ў Акадэміі, з якіх 5 гадоў быў загадчыкам кафедры майстэрства акцёра і рэжысуры і 28 гадоў – дэканам, многа чаго зроблена, перажыта, дасягнута, але такога становішча перажываць не даводзілася.

Уладзіміру Андрэевічу не хацелася гаварыць пра гэтыя праблемы публічна. Ён спадзяецца, што пытанні абавязкова вырашацца, трэба толькі ўсім зацікаўленым установам зрабіць крок насустрач. Адзіны тэатральны факультэт краіны адчувае падтрымку дзяржавы.

— Не дачакаўшыся завяршэння рамонту, мы аформілі заяўку і атрымалі Прэзідэнцкі грант на гукавое і асвятляльнае абсталяванне нашых аўдыторый – майстэрняў, дзе згодна з раскладам праходзяць заняткі ў будучых акцёраў і рэжысёраў. Тым самым споўнілася мэта не аднаго пакалення выпускнікоў! – падкрэслівае дэкан факультэта. -- Я ўдзячны за вельмі добрую і такую неабходную нам дапамогу! Але самае добрая аўдыторыя – гэта зусім не сцэна….

Нягледзячы на зададзеныя ўмовы, БДАМ імкнецца не толькі рыхтаваць дыпламаваных спецыялістаў, але і заяўляць пра беларускую тэатральную школу за межамі Беларусі. Прыкладам, у сярэдзіне сакавіка акцёрскі курс Уладзіміра Андрэевіча выправіцца на фестываль тэатральных ВНУ краін СНД “ГИТИС — Майстар-клас”. Яны вязуць у Маскву спектакль “Гульцы”.

П’есу Мікалая Гогаля беларускія студэнты паставілі ў звычайнай аўдыторыі. І хіба не можа не бянтэжыць, што менавіта ў ГИТИСе сёлетнія выпускнікі Акадэміі мастацтваў упершыню выйдуць на сапраўдную сцэну?

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"