У танцбудучыню з “Ракетай”

№ 10 (1397) 09.03.2019 - 16.03.2019 г

6 сакавіка ў малой зале сталічнага кінатэатра “Ракета”, што славіцца арт-хауcнымі сеансамі, распачнецца ўнікальны для Беларусі культурна-асветніцкі праект “Спачатку было цела”. Цягам дзевяці вечароў можна будзе глабальна папоўніць свае веды ў галіне сучаснага танца розных кірункаў: паслухаць лекцыі, паглядзець дакументальныя стужкі пра найбольш адметных пастаноўшчыкаў і ўбачыць некалькі значных у сусветным маштабе спектакляў.

Гэта кінапраграма — сумесная акцыя Адкрытага форуму эксперыментальных пластычных спектакляў “ПлаSтформа”, праектаў Cinemascope, які спецыялізуецца на паказах аўтарскага кіно на мове арыгіналу з рускамоўнымі субтытрамі, і “Тэатр + цела”, у рамках якога калісьці ўжо ладзіліся лекцыі і майстар-класы па сучаснай пластыцы і харэаграфіі. Чарговы захад па папулярызацыі сучаснага танца атрымаў падтрымку з боку Інстытута імя Гётэ ў Мінску і Пасольства Францыі ў Беларусі.

Кожны кінапаказ будзе пачынацца з уступнага слова — лічыце, з лекцыі вядомага танцавальнага крытыка і даследчыцы Святланы Уланоўскай. Менавіта яна рабіла адбор стужак, збудаваўшы з іх суцэльны “відэакурс” — штосьці накшталт “падручніка-даведніка” і “відэахрэстаматыі” на заяўленую тэму. Рэч неабходная, асабліва калі ўлічваць паступовае павышэнне цікавасці да сучасных пластычна-харэаграфічных форм, якое з-за элементарнай недасведчанасці часам спалучаецца з “вынаходніцтвам веласіпеда”. Так, вялікія магчымасці для самаадукацыі прадастаўляе сёння інтэрнэт. Але каб скарыстаць тыя фонды, трэба хаця б ведаць, што і дзе шукаць.

— Паслядоўнасць кінапаказаў падпарадкоўваецца логіцы і храналогіі, — гаворыць куратар праекта Святлана Уланоўская. — Для поўнай карціны я рэкамендавала б наведаць усе сеансы, бо толькі так можна будзе больш-менш поўна ахапіць гісторыю сучаснага танца, зразумець яе этапы, заканамернасці развіцця, асаблівасці творчасці найбольш яркіх харэографаў, кожны з якіх фарміраваў свае ўласныя падыходы да эстэтыкі і метадалогіі гэтага мастацтва. Пасля кожнага з праглядаў ёсць магчымасць застацца на абмеркаванне: пагутарыць пра ўбачанае, падзяліцца сваімі думкамі, задаць пытанні і атрымаць адказы.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"