У Купалаўскага тэатра — новы дырэктар

№ 10 (1397) 09.03.2019 - 16.03.2019 г

Генеральным дырэктарам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы прызначаны Павел Латушка. Афіцыйнае прадстаўленне новага кіраўніка калектыву адбылося 6 сакавіка.

/i/content/pi/cult/735/15961/4.JPG— Для мяне вялікі гонар і адказнасць працаваць у адной з вядучых устаноў культуры краіны, з найлепшым тэатральным калектывам. Спадзяюся, што разам мы зробім многае дзеля нашай культуры і спадчыны, будзем захоўваць мінулыя традыцыі і будаваць новае. Можна сказаць, што я вяртаюся, але вяртаюся ў новае, — пракаментаваў Павел Латушка сваё прызначэнне, як гаворыцца ў афіцыйным паведамленні ад імя тэатра.

Павел Латушка нарадзіўся 10 лютага 1973 года ў Мінску. У 1995 годзе скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1996 годзе — Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Сярод яго былых пасад — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Польшчы, Францыі, Іспаніі, Партугаліі, Манака, міністр культуры Рэспублікі Беларусь, Пастаянны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры UNESCO і Сусветнай турысцкай арганізацыі.