Навука пераважыла штангу

№ 9 (1396) 02.03.2019 - 09.03.2019 г

Міхаіл Стралец — адзін з пастаянных аўтараў “К”. Хацелася б трохі распавесці пра гэтага чалавека, якога я ведаю з маладосці. Тым болей, і нагода выдатная — ягонае 60-годдзе.

Студэнты гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якія вучыліся ў канцы 70-х — пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя, чулі пра студэнта Міхаіла Стральца, які за ўсе пяць гадоў вучобы не атрымліваў ніякіх іншых адзнак, акрамя як “выдатна”. Як жа яму гэта ўдавалася?

Аўтар гэтых радкоў вучылася на гістарычным факультэце ў той жа перыяд, што і Міхаіл Стралец. Нам, тагачасным студэнтам, прыходзілася шмат часу праводзіць у бібліятэках — бо тады кніга была адзінай крыніцай ведаў. І калі б я ні заходзіла ў чытальную залу “ленінкі”, заў-
сёды бачыла там Міхаіла, які старанна рытаваўся да заняткаў. На мяне ён рабіў уражанне вельмі сур’ёзнага чалавека. Да семінарскіх заняткаў быў гатовы заўсёды, мог гаварыць на іх ледзь не гадзінамі — чым не раз выратоўваў сваіх менш руплівых аднакурснікаў. Пасля здачы іспыту не святкаваў, як заведзена, а ў той жа дзень пачынаў рыхтавацца да наступнага. Прычым ён не толькі выдатна вучыўся, але і паспяваў займацца спортам. Ды яшчэ якім — цяжкай атлетыкай! Але ўрэшце любоў да навукі перамагла штангу.

Гісторыяй Міхаіл Стралец цікавіўся яшчэ ў школьныя гады, заняўшы першае месца на рэспубліканскай алімпіядзе і набраўшы 98 балаў са 100. У час вучобы ва ўніверсітэце ён асабліва захапіўся найноўшай гісторыяй Германіі. За сваю першую навуковую працу атрымаў I прэмію на Усебеларускім канкуры навуковых работ студэнтаў ВНУ.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Міхаіл Васільевіч працаваў настаўнікам гісторыі ў Любанскім раёне Мінскай вобласці, адкуль ён родам. Але яму хацелася займацца сур’ёзнай навукай. У час адпачынку ездзіў у архівы і бібліятэкі Мінска і Масквы — працаваў над дысертацыяй. Спаў па некалькі гадзін у суткі. І вынік не прымусіў сябе чакаць. У снежні 1984 года ён ва ўзросце 25-ці гадоў паспяхова абараніў кандыдацкую.

Праз два гады стаў працаваць у Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытуце. Дзякуючы інтэлекту, фантастычнай працаздольнасці Міхаіл Васільевіч даволі хутка прайшоў усе прыступкі прафесійнага росту ад асістэнта кафедры да прафесара. У 2002 годзе ён паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “ФРГ і праблемы абмежавання і скарачэння ўзбраенняў у Еўропе (1949 — 1990 гг.)”.

Міхаіл Васільевіч — таленавіты вучоны, найбуйнейшы спецыяліст у галіне германістыкі. Аднак сфера яго навуковых інтарэсаў не абмяжоўваецца толькі гэтым: ён цікавіцца і працуе над вывучэннем актуальных праблем сусветнай і айчыннай гісторыі. Яго пяру належаць сотні артыкулаў пра жыццё выдатных навукоўцаў, ваеначальнікаў і палітыкаў.

Жыццёвае крэда Міхаіла Васільевіча — “Глядзець наперад і верыць у сябе” — дапамагала не толькі яму, але і яго калегам ды сябрам спраўляцца з цяжкасцямі на шляху да поспеху.

Вольга БІЛЕВІЧ