Патрыярх археалогіі і яго скарбы

№ 9 (1396) 02.03.2019 - 09.03.2019 г

Знакаміты беларускі гісторык Эдуард Міхайлавіч Загарульскі не так даўно адсвяткаваў сваё 90-годдзе. Ён належыць да таго пакалення, на жыццё і дзейнасць якога істотна паўплывалі няпростыя рэаліі савецкай эпохі, а потым і змена эпох. І тым не меней, набыткі навукоўца вылучаюцца ўражвальнай грунтоўнасцю.

/i/content/pi/cult/734/15958/page-14-15-S.jpg

Цікава, але гэты ўтрапёны даследчык беларускай даўніны — родам не з нашых краёў. Эдуард Загарульскі нарадзіўся 18 снежня 1928 года ў горадзе Тула. У 1953 годзе скончыў Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт, пасля якога лёс закінуў яго ў Мінск. Працаваў у сектары археалогіі Інстытута гісторыі АН БССР. Там яму пашчасціла сустрэць сапраўднага настаўніка. Патрыярх беларускай археалогіі Канстанцін Палікарповіч — асоба яркая і шматгранная. Школа, якую Эдуард Міхайлавіч прайшоў пад яго кіраўніцтвам, паўплывала на ўсю яго далейшую навуковую біяграфію.

З 1962 года Загарульскі перайшоў у БДУ, дзе прапрацаваў ажно 52 гады — да 2015-га! Ён назаўжды ўвойдзе ў гісторыю як ініцыятар стварэння і першы кіраўнік кафедры археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гістарычных дысцыплін гістарычнага факультэта (1973), якая з канца 1990-х гадоў стала называцца кафедрай археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін. Гэтую кафедру ён узначальваў цягам 24 гадоў. Колькі грунтоўных і прафесійных навукоўцаў было падрыхтавана там за гэты час! Цяжка нават пералічыць.

Пра яго ролю ў падрыхтоўцы наступных пакаленняў сведчыць і такі факт: Эдуард Міхайлавіч першым у сістэме вышэйшай адукацыі напісаў падручнік, прысвечаны археалогіі Беларусі. Як, зрэшты, і цэлы шэраг навучальных дапаможнікаў для студэнтаў і падручнікаў для сярэдняй школы, па якіх вучыліся многія пакаленні нашых суайчыннікаў.

У 1986 годзе Загарульскі дасягае піку кар’еры — ён становіцца дэканам гістарычнага факультэта БДУ. Акурат у той час у краіне была абвешчаная перабудова. Зразумела, не паўплываць на гістарычную адукацыю гэтыя працэсы не маглі. Аднак Эдуард Міхайлавіч праявіў спеласць сваёй грамадзянскай пазіцыі. Ён выступіў супраць таго, каб супольнасць прафесійных гісторыкаў кідалася з крайнасці ў крайнасць, паддаючыся чарговай палітычнай кан’юнктуры.

Жыць у часы перамен — як вядома, выпрабаванне няпростае. Змяняліся арыенціры ў грамадска-палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці, адукацыйныя стандарты, метадалогія навуковых даследаванняў… Але можна смела сцвярджаць, што гэтае выпрабаванне дэкан годна вытрымаў.

Але не памылюся, калі скажу, што найлепей гэты навуковец адчуваў сябе не ў кабінеце, а на вольным паветры — на старадаўніх гарадзішчах і курганах, якія ён нястомна даследаваў. Колькі археалагічных экспедыцый Эдуард Загарульскі зладзіў за чвэрць стагоддзя сваёй дзейнасці! Старажытныя Менеск, Рагачоў, Заслаўе, Кісцяні, Копысь, Свіслач, Стрэшын паступова адкрывалі перад ім свае таямніцы.

Падчас раскопак у Мінску (1958 — 1961 гады) ён даследаваў абарончыя збудаванні і забудову, рабіў рэканструкцыю ўсходняй часткі замчышча і жылых будынкаў. Падчас тых раскопак удалося выявіць парэшткі драўлянай маставой, якая ў канцы XI — пачатку XII стагоддзя вяла ў горад і праходзіла праз разрыў у абарончым вале. З паўночнага боку ад яе навукоўцы знайшлі вугал драўлянай зрубнай канструкцыі, якая захавалася на чатыры вянкі. Загарульскі выказаў здагадку, што ім выяўлены рэшткі драўлянай вежы, і што з супрацьлеглага боку маставой павінна быць такая самая. Адпаведна, зрабіў ён выснову, уезд у дзядзінец варта рэканструяваць не як простую праязную вежу, а як праход паміж дзвюма драўлянымі вежамі, магчыма, злучанымі ўверсе. Менавіта тады была адкрытая Менская брама, відарысы якой сёння для многіх пазнавальныя.

З Эдуардам Міхайлавічам аўтар гэтых радкоў пазнаёміўся ў далёкім 1977 годзе. Я на той час быў студэнтам-першакурснікам. Ён — сапраўдным мэтрам, непахісным аўтарытэтам у навуковых колах. Мне давялося паўдзельнічаць у адной са шматлікіх арганізаваных ім экспедыцый. Мы працавалі ў Вішчыне, што на Рагачоўшчыне. Цяпер гэта звычайная вёска, і хіба некаторыя дэталі ландшафту нагадваюць, што ў Сярэднявеччы там знаходзіўся моцны замак — спалены яшчэ ў ХІІІ стагоддзі.

Ужо тады мяне здзіўляла, як дакладна кіраўнік экспедыцыі размяркоўваў абавязкі паміж сабой і сваімі памочнікамі, як разумна ён выкарыстоўваў магчымасці студэнцкага актыву для падтрымання парадку і дысцыпліны. Пагатоў, моладзь ёсць моладзь!

І вось, літаральна перад нашымі вачыма паступова раскрываліся абарончыя збудаванні замка, жылыя будынкі… Урэшце, вынікам карпатлівых археалагічных пошукаў стаў сапраўдны скарб  — залатыя і сярэбраныя ўпрыгожанні і грыўні канца XII — пачатку XIII стагоддзя. Пэўна, абаронцы схавалі іх ад ворага перад яго падзеннем.

Але, зразумела, не толькі золата і срэбра стала набыткам жыцця гэтага выдатнага вучонага.

Міхаіл СТРАЛЕЦ, прафесар, доктар гістарычных навук