Дырэктар на тры месяцы

№ 9 (1396) 02.03.2019 - 09.03.2019 г

Мсціслаў Дабужынскі ў Віцебску
Восеньскім днём 1918 года на перон Віцебскага вакзала з петраградскага цягніка выйшаў хударлявы мужчына гадоў сарака. Гэта быў вядомы графік і мастак тэатра Мсціслаў Дабужынскі. Сюды ён прыбыў па накіраванні Аддзела выяўленчых мастацтваў пры Наркамасветы паўночна-заходніх абласцей для дапамогі ў арганізацыі працы створанай у Віцебску Народнай мастацкай вучэльні.

/i/content/pi/cult/734/15957/page-14-15-copy-2-S.jpg/i/content/pi/cult/734/15957/page-14-2-S.jpgПершы, хто адгукнуўся

Гэтая ўстанова паўстала зусім нядаўна, на базе прыватнай мастацкай школы-майстэрні Юдаля Пэна, якая існавала ў горадзе з канца ХІХ стагоддзя. Быў прызначаны і дырэктар — малады жывапісец Марк Шагал, у той час упаўнаважаны па справах мастацкай прамысловасці пры Камісарыяце народнай адукацыі Віцебскай губерні. Што цікава, у юнацтве Шагал сам вучыўся ў школе Пэна, а пазней, у Пецярбургу, з’яўляўся вучнем Дабужынскага.

У новую навучальную ўстанову на працягу некалькіх дзён запісалася больш за сто чалавек — маладых рабочых і сялян. Аднак пэўны час усё заставалася на ўзроўні добрых намераў. Для рэальнага стварэння вучэльні не хапала асноўнага — выкладчыкаў. І таму яе дырэктар звяртаецца да калег-мастакоў, каб яны дапамаглі ў паўстанні маладой мастацкай школы. У канцы 1918 года ў петраградскай газеце “Искусство коммуны” друкуецца артыкул Шагала, у якім ён запрашае мастакоў прыехаць у Віцебск.

Заклік быў пачуты. У невялікі беларускі горад сталі прыязджаць вядомыя творцы, у асноўным, з Масквы і Петраграда. Першым, хто прыбыў сюды, быў Мсціслаў Дабужынскі. Яму Шагал і пера-
даў кіраўніцтва вучылішчам.

Камянічкі з драўлянымі сенцамі

У канцы снежня 1918 года Дабужынскі афіцыйна ўступае на пасаду дырэктара народнай мастацкай вучэльні. Да гэтага ў Віцебску ён ніколі не бываў, але трэба сказаць, што горад быў для яго не зусім чужым. У Віцебску ў той час жыў яго бацька, які зай-
маў пасаду памочніка загадчыка акружнога артылерыйскага ўпраўлення Дзвінскай вайсковай акругі. Генерал-лейтэнант Валерыян Пятровіч Дабужынскі, нашчадак абруселага старажытнага літоўскага роду, праз калізіі ваеннай службы не раз мяняў месца жыхарства.

У жніўні 1875 года сям’я Дабужынскіх жыла ў Ноўгарадзе — і менавіта там нарадзіўся будучы графік. А вось гімназію ён сканчаў у Вільні, дзе наведваў і знакамітую студыю Трутнёва. Затым Мсціслаў вучыўся ў прыватных мастацкіх студыях Пецярбурга і Мюнхена. У 1902 годзе ўвайшоў у аб’яднанне “Свет мастацтва”. Атрымаў вядомасць сваімі работамі для часопісаў. Выкладаў малюнак у пецярбуржскай студыі Званцавай. Як тэатральны мастак супрацоўнічаў з Маскоўскім мастацкім тэатрам.

І вось нарэшце Віцебск. З самага пачатку свайго прызначэння на пасаду дырэктара Народнай вучэльні Дабужынскі актыўна ўзяўся за справу і за кароткі час змог нямала зрабіць для станаўлення гэтай навучальнай установы і развіцця мастацкага жыцця ў горадзе.

У прыватнасці, ён прыняў удзел у стварэнні Віцебскага музея мастацкай культуры. У снежні 1918 года ўдзельнічаў у рабоце журы конкурсу вывесак для школ. Калі ў студзені 1919 года прыйшла вестка аб забойстве ў Берліне дзеячаў германскага і міжнароднага камуністычнага руху, аформіў сцэну ў гарадскім тэатры ў памяць Карла Лібкнехта.

У час свайго побыту ў Віцебску Дабужынскі таксама рабіў накіды і эцюды на вуліцах горада. На адной з графічных работ мастака, выкананай графітным і каляровым алоўкамі з выкарыстаннем акварэлі, можна бачыць плаціну на рацэ Віцьба. Злева ад яе выяўлена забудова Смаленскай вуліцы, а зверху — пачатак вуліцы Багаслоўскай і званіцы Мікалаеўскай і Багаслоўскай цэркваў. Захавалася таксама акварэль, на якой адлюстраваны віцебскія камянічкі з драўлянымі сенцамі і лесвіцамі каля ўваходу, пакошанымі ад часу.

Яшчэ больш жывапісную лесвіцу можна бачыць на літаграфіі, зробленай Дабужынскім у 1923 годзе, ужо пасля ад’езду з Віцебску па зробленым там накідзе. На другой літаграфіі, таксама 1923 года, выяўлены заснежаны зімні горад і віцебскі драўляны цырк, пакрыты белым покрывам.

Ад Віцебска да Нью-Ёрка

28 студзеня 1919 года Мсціслаў Валерыянавіч удзельнічаў ва ўрачыстым адкрыцці Народнай мастацкай вучэльні, якая “здзейснілася” шмат у чым дзякуючы яго намаганням. А ўжо ў лютым ён пакідае горад і вяртаецца ў Петраград. У Віцебску Мсціслаў Дабужынскі прабыў менш за тры месяцы. Амаль адначасова з мастаком горад пакінуў і яго бацька-генерал, які ад’ехаў у Вільню, будучы сам родам з тых краёў. Пасаду дырэктара віцебскай вучэльні зноў заняў Марк Шагал, а потым, калі і ён з’ехаў з Віцебска, кіраўніком стала Вера Ермалаева.

Далейшы шлях Дабужынскага — несупынная чарада гарадоў і краін. У Петраградзе ён поўнасцю аддаецца мастацкай творчасці: робіць ілюстрацыі да твораў Аляксандра Пушкіна, Міхаіла Лермантава, Фёдара Дастаеўскага, Мікалая Ляскова, Ганса Хрысціяна Андэрсана, Восіпа Мандэльштама і іншых. У 1923 — 1924 гадах шмат вандруе — быў у Каўнасе, Берліне, Парыжы, Амстэрдаме, Капенгагене. У Парыжы прайшла яго персанальная выстава.

У 1924 годзе Дабужынскі прымае літоўскае грамадзянства і назаўсёды пакідае СССР. Некаторы час жыве ў Рызе, а ў 1926 годзе пераязджае ў Парыж. Але ў 1929 годзе зноў едзе ў Літву і жыве ў Каўнасе, дзе выкладае ў Каўнаскай мастацкай школе, з 1931 года з’яўляецца галоўным мастаком Літоўскага дзяржаўнага тэатра.

У 1935 годзе Дабужынскі з трупай тэатра ад'язджае ў Англію. Там па ініцыятыве знакамітага акцёра Міхаіла Чэхава ўдзельнічае ў пастаноўцы спектакля “Бесы” паводле Дастаеўскага. У 1939 годзе для працягу працы з тэатрам-студэяй Чэхава пераязджае ў Нью-Ёрк.

Апошнія гады жыцця мастак праводзіць у Еўропе — то ў Парыжы, то ў Рыме, то ў Лондане, пры гэтым часта вандруючы па Італіі. Аднак незадоўга да смерці вяртаецца ў ЗША.

Памёр Мсціслаў Дабужынскі ў лістападзе 1957 года ў Нью-Ёрку ў доме свайго малодшага сына Усевалада. Пахаваны на могілках Сен-Жэнеўеў-дэ-Буа ў Парыжы — вельмі далёка ад Беларусі.

Так, Віцебск быў толькі адным з пунктаў прыпынку ў яго жыццёвых вандраваннях. Правёў ён там зусім нядоўга часу. Але памяць пра яго засталася ў аналах гісторыі горада — таго яе перыяду, калі яго называлі “маленькім Парыжам”.

Якаў ЛЕНСУ,  кандыдат мастацтвазнаўства