У спадзеве на маладую кроў

№ 9 (1396) 02.03.2019 - 09.03.2019 г

Падгалле знаходзіцца на самым ускрайку Беларусі — усяго за паўтара кіламетры ад мяжы з Украінай. Таму ёсць магчымасць параўноўваць. Але тыя праблемы, якія выразна прасочваюцца ў тамтэйшай сферы культуры, звыклыя сёння для многіх нашых паселішчаў. У гэтым я ўпэўніўся, пазнаёміўшыся з дзейнасцю аднаго з двух падгальскіх яе агменяў. Чаму толькі аднаго? Бо, як я ўжо пісаў, заўважыў падчас сваіх вандровак дзіўную тэндэнцыю. Зрэшты, пра гэта пазней.

/i/content/pi/cult/734/15953/13.jpgЗ Дзедам Марозам — бяда!

Віктар Яцка родам з Украіны. У 2000 годзе ён перабраўся ў Беларусь і стаў працаваць акампаніятарам у Падгальскiм сельскім доме культуры. А амаль восем гадоў таму ўзначаліў яго.

— Ва Украіне ў 1990 — 2000-я ў рэгіянальнай культуры справы былі дрэннымі, а я ж у ёй і працаваў, — распавядае Віктар Канстанцінавіч. — Тут я якраз ажаніўся, і жонка мяне ў сваё роднае Падгалле перацягнула. У мяне на радзіме і ў цяперашні час у сельскай культуры мала што змянілася ў лепшы бок. І таму калі я сёння чую размовы пра тое, што ў Беларусі ў некаторых вёсках таксама ўсё ідзе не гладка, кажу: “Вы да нас з’ездзіце і параўнайце. Тады беларуская “правінцыйная культура” вам раем падасца!”

Але пры такой ацэнцы мой суразмоўца ўсё ж стараецца быць аб’ектыўным і прызнаецца, што яшчэ пяць — шэсць гадоў таму працаваць, ва ўсялякім выпадку, у падгальскай культуры было прасцей. Дакладней — было з кім працаваць і для каго працаваць, хоць ужо і тады дэмаграфічная сітуацыя насцярожвала. Цяпер і колькасць ахвотных рэалізаваць сябе на мясцовым “культурным фронце” змяншаецца, ды і агульнае насельніцтва вёскі скарачаецца. Моладзь і людзі сярэдняга веку з’язджаюць калі і не назусім, то выпраўляюцца на заробкі, вяртаючыся на радзіму, нібы на канікулы. Ды і ў тых, хто застаецца, “культурных запытаў” становіцца ўсё менш.

— Добра, што на світанку майго дырэктарства мы паспелі капітальны рамонт будынка зрабіць, — паведамляе ён. — Каб цяпер яго патрэба ўзнікла, не ўпэўнены, што знайшліся б сродкі ў поўным аб’ёме.

У СДК дзейнічаюць гурткі мастацкага слова, настольных гульняў, вакальныя... Летась народны ансамбль народнай песні “Ясянец” абараніў сваё званне, стаў дыпламантам V Міжнароднага фестывалю этнакультурных традыцый “Клiч Палесся”. Добра вядома на Гомельшчыне і аматарскае аб’яднанне “Гаспадыня” — неаднаразовы лаўрэат разнастайных конкурсаў, які прапагандуе беларускі фальклор і нацыянальную кухню. А яшчэ не так даўно Дом культуры ўзяў на баланс знакаміты аўтэнтычны фальклорны калектыў бабуль з вёскі Казлы.

— Здавалася б, ёсць кім і чым ганарыцца, ёсць пастаянныя поспехі, але часам даходзіць да смешнага, — працягвае спадар Яцка. — На ролю Дзеда Мароза два гады запар з цяжкасцю знаходзілі “акцёра” — добра, памежнікі нам дапамагалі. Яны, дарэчы, нярэдка і складаюць асноўную частку публікі на нашых мерапрыемствах, якія праводзяцца ў ДК. Мясцовых жыхароў у лепшым выпадку збіраецца чалавек 50 — ва ўсёй вёсцы меней за 200 жыхароў набярэцца. Тыя, хто не заняты ў гуртках, хто яшчэ на сваіх нагах перасоўваецца, заходзяць да нас — паглядзяць, пагавораць трошкі са знаёмымі і сыходзяць дадому, да гаспадаркі.

Што трэба болей за грошы

Установа абслугоўвае чатыры бліжэйшыя вёскі і нават прымудраецца прадаваць некаторыя свае iмпрэзы староннім — да прыкладу, розныя абрады і народныя святы. Тым самым папаўняючы ўласны пазабюджэт.

— У фінансах, натуральна, нястача ў нас ёсць, — прызнаецца дырэктар. — Шмат што ўжо зношанае, патрэбна новая апаратура. Але нічога, неяк выходзім са становішча. Кроў новая патрэбна, вось што! Добра было б, каб маладыя спецыялісты не праседжвалі штаны, чакаючы заканчэння адпрацоўкі размеркавання, а прапаноўвалі б свежыя ідэі, спрабавалі ўкараняць іх. А такія людзі, на жаль, да нас не даязджаюць. Перспектыў тут сваіх не бачаць.

Віктар Канстанцінавіч заўважае, што жаданне наладзіць кантакты паміж яго СДК і падобнымі ўстановамі, размешчанымі ў суседніх прыгранічных населеных пунктах на тэрыторыі Украіны, вядома, ёсць. Але няма тых, хто выяўляў бы такую ж ініцыятыву адтуль.

— Быў я ў некаторых тамтэйшых вясковых дамах культуры, — спадар Яцка цяжка ўздыхае. — Часам балюча глядзець на тое, што ў іх там усё засталося з савецкіх часоў...

А каментатарам таго, што адбываецца ў культуры Падгалля, падахвоціўся быць былы дырэктар тутэйшага СДК Уладзімір Галумбіеўскі. У 1988 годзе ён скончыў бабруйскае Мастацкае гарадское ПТВ № 15 (цяпер дзяржаўны каледж імя Ларына), атрымаўшы спецыяльнасць “Вытворчасць мастацкай мэблі”. Засвоіў падчас вучобы асновы разьбы і інкрустацыі па дрэве. Адслужыўшы ў войску і асеўшы ў Падгаллі, працаваў спачатку ў калгасе кіроўцам, а потым мастаком-афармляльнікам. З часам яму прапанавалі стаць дырэктарам сельскага клуба ў вёсцы Сугакi, а праз некалькі гадоў перайшоў на тую ж пасаду, але ўжо ў Падгалле.

— Праца была цікавая — і там, і там, — успамінае Уладзімір Уладзіміравіч. — Але чым далей, тым больш узрастала ўнутранае напружанне, што адбівалася на нервах. Вось у мяне быў народны ансамбль з 24 чалавек, 12 з якіх — мужчыны. Фантастыка — у параўнанні з сённяшнім днём. План платных паслуг выконваўся “на раз” — не патрабавалі ад нас зарабляць непад’ёмныя грошы, уваходзілі ў становішча. Ды і ці не адной дыскатэкай “закрываўся” план — гэтак шмат на іх хадзіла людзей! А з кожным годам што адбывалася? План павялічваўся, а насельніцтва памяншалася. Ведалі пра гэта? Ведалі. А чаму не ішлі насустрач? Таму што зверху патрабавалі: “Культура павінна зарабляць сама сабе на жыццё”. Як быццам не чулі, што далей сказаў наш Прэзідэнт: “Там, дзе гэта магчыма”. І аднойчы, калі ўсё вось тут, у душы, мабыць, перапоўнілася, я звольніўся. Так, вядома, на эмоцыях. Але хлусіць, займацца прыпіскамі, як усё ў нас тут добра, я не мог. Таму... І зайздрошчу я Віктару Канстанцінавічу, бо тое, чым ён займаецца, гэта маё, і спачуваю. І веру яму, што ён таксама не хлусіць...

Сёння спадар Галумбіеўскі зноў працуе ў Падгальскiм сельскім доме культуры. Качагарам.

— Адпрацаваў змену і адпачываю, — усміхаецца ён. — Ніякага галаўнога болю пра тое, якім чынам заў-
тра на мерапрыемства зацягнуць хоць бы чалавек 40. І над справаздачамі не трэба начамі сядзець.

А сядзіць ён начамі над тым, чаму яго навучылі ў Бабруйску і чаму ён па-ранейшаму аддае свой вольны час — працы з дрэвам, майструючы розныя вырабы і выразаючы карціны.

Каментарый Уладзіміра Галумбіеўскага:

— Я вам ужо, у прынцыпе, усё — так ці інакш — нагаварыў, што думаю пра нашу культуру. А напрыканцы яшчэ крышачку дадам: вытворчасць бы нам тут нейкую прыдумаць, ды каб праца была не сезонная, а пастаянная. А не будзе яе — значыць, хутка і людзей не застанецца. Праўда, культура яшчэ раней знікне. Ды і як яна сёння працуе — для мяне вялікая загадка...

Не колькасцю, дык уменнем

Што ж тычыцца маёй меркаванай сустрэчы з бібліятэкарам мясцовага храма кнігі, то... Вы зразумелі. У сілу непрадбачаных абставінаў, яна не адбылася. Спадзяюся, з кнігавыдачай там усё на вышэйшым узроўні. Навінкі пастаўляюцца рэгулярна і ў неабходным аб’ёме. Пры бібліятэцы дзейнічаюць шматлікія гурткі, а людзі цягнуцца за літаратурай чэргамі ад самой беларуска-ўкраінскай мяжы, тым самым забяспечваючы бесперабойнае наведванне дадзенай установы... Ну магу ж я пафантазіраваць? Ці ж раптам усё так яно і ёсць насамрэч?

І вось што яшчэ я прыкмеціў на прыкладзе Падгалля. Калі наш невялікі населены пункт знаходзіцца паблізу мяжы з якой-небудзь дзяржавай, то справы ў ім на ніве культуры ідуць альбо вельмі добра, альбо са скрыпам. (Сярэдзінкі звычайна не бывае.) І залежыць гэта не толькі ад праславутых колькасці насельніцтва і наведванняў, але і ад таго, наколькі шчыльныя сувязі ўстаноў культуры дзвюх (а то і больш) краін. Там, дзе партнёрства наладжана, дзе ёсць з кім наводзіць прадуктыўныя кантакты, нават нізкі ўзровень яўкі жыхароў на мерапрыемствы не становіцца перашкодай для з’яўлення цікавых сумесных праектаў. Не колькасцю, дык уменнем, як той казаў.

А там, дзе ўзаемадзеянне ў сілу якіх-небудзь прычын адсутнічае, ды яшчэ пры тых праблемах, пра якія я згадаў трохі вышэй, і жыццё культурнае на падзеі не вельмі багатае. Се ля ві...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"