Стаўка на тусоўку?

№ 9 (1396) 02.03.2019 - 09.03.2019 г

Канцэрт у падтрымку знакамітага беларускага саўндпрадзюсара Андрэя Жукава прайшоў амаль незаўважна. Было прададзена толькі 20 білетаў, выручкі ад якіх хапіла добра калі на арэнду клуба. Адпаведна, не ўдалося зрабіць нават кроку да заяўленай мэты — збору сродкаў на закупку студыйнага абсталявання. Чаму ж найлепшы, як нярэдка кажуць пра Жукава, беларускі гукарэжысёр запатрабаваў падтрымкі музычнага цэху — і чаму акцыя салідарнасці з ім, ініцыяваная гуртом Drom Ecstasy, практычна правалілася? Можа, гэта час такі, або..?

/i/content/pi/cult/734/15947/6.jpgУ адных шлёпанцах

Пра тое, як Андрэй Жукаў патрапіў у “працоўнае рабства” (хаця ў такім вызначэнні, магчыма, ёсць пэўнае мастацкае перабольшванне) многа пісалася ў айчынных СМІ ды інтэрнэце. А калі хто прапусціў гэтую гісторыю, то коратка нагадаю.

Жукаў — легендарная асоба, гукарэжысёр-фанатык, саўндпрадзюсар-эстэт, а яшчэ і таленавіты музыкант. Ён запісваў мноства знакавых для беларускай культуры праектаў — ад “Сяброў” да “Ляпіса Трубяцкога” (менавіта на ўласнай студыі Жукава ў сярэдзіне 1990-х стваралася прарыўное для “ляпісаў” “Ранетое сердце”), ад “Троіцы” да “Серебряной свадьбы”, ад “Петли пристрастия” да “Крамбамбулі”. Працаваў з расійскімі зоркамі, многім рабіў аранжыроўкі, ездзіў па гастролях з Ace of Base, павышаў кваліфікацыю ў Лондане… І ў залежнасці ад натхнення можа расказаць процьму неверагодных гісторый са свайго насычанага жыцця. Балазе, розных “траблаў” у ім хапала, бо — па ягоным уласным прызнанні — па гэтай частцы Жукаў таксама майстар.

Пару гадоў таму ён прыйшоў да высновы, што ў Беларусі яму не хапае працы і няма куды расці прафесійна, а таму адгукнуўся на прапанову дапамагчы арганізаваць суперсучасную студыю ў Харкаве. Прыкласці ўсе свае тэхнічныя і творчыя таленты і сабраць там прадпрыемства па стварэнні гуку без перабольшвання сусветнага ўзроўню.

— Студыю я зрабіў і ганаруся ёю, — распавядае Андрэй. — З вялізным задавальненнем займаўся любімай справай, працаваў з найноўшай тэхнікай, якая каштуе вялікіх грошай, з самымі крутымі інжынерамі! І лавіў моманты сапраўднага шчасця ў гэтым. Да таго ж, як стваральнік песень я вельмі вырас, бо там былі жорсткія ўмовы па тэрмінах. За тры тыдні я рабіў песню з нуля — сачыняў музыку, тэкст, аранжыроўку, запісваў, майстарыў. Шэсць маіх песень гатовыя!

Але ўрэшце так сталася, што праз паўтара гады працы ў Харкаве на сваёй “студыі-мары” Андрэй Жукаў застаўся без грошай, без жылля і без дакументаў. Па ягоных словах, “у адных шлёпанцах” апынуўся на вуліцы ў чужым замежным горадзе, не ведаючы, куды ісці і што рабіць. А ён жа пры гэтым — яшчэ і чалавек з інваліднасцю: не мае абедзвюх рук, якія страціў у выніку няшчаснага выпадку ў сямігадовым узросце, пасля чаго быў адпраўлены бацькамі ў дзіцячы дом.

Мінулай восенню ладзілася ледзь не выратавальная аперацыя, каб знайсці Андрэю прытулак, разабрацца з дакументамі і ўрэшце вывезці яго ў Беларусь. Да яе падключыліся ўкраінскія і беларускія праваабарончыя арганізацыі, структуры ААН, фонды дапамогі інвалідам, прэса, юрысты, калегі… Спрычыніўся да гэтага нават лідар “Океана Эльзи” Святаслаў Вакарчук. І вось, незадоўга да Новага года Андрэй пры садзейнічанні Міжнароднай арганізацыі міграцыі дабраўся ў Мінск, дзе, паводле яе правілаў, знаходзіўся ў “сакрэтным месцы”.

Версіі падзей уладальнікаў студыі і самога Жукава розняцца. Хто вінаваты — ці “махляры з Харкава”, ці спецыфічны характар і жыццёвая летуценнасць Жукава, ці няправільныя дамовы, ці нейкі крымінал — мы разбірацца не будзем. Хай тое робяць кампетэнтныя органы — тым болей, яны гэтым цяпер, здаецца, займаюцца.

— Я на пазітыўны вынік не разлічваю, — прызнаецца сам Андрэй Жукаў. — Як гавораць дасведчаныя людзі, справа мёртвая.

Дома лепей

Аднак сёння, калі небяспека ўжо прамінула, Андрэй Жукаў ставіцца да харкаўскага перыяду ў сваім жыцці збольшага пазітыўна — пэўна, ізноў жа, праз свой характар:

— Нягледзячы на ўсё, не лічу гэтыя паўтара гады для сябе згубленымі. Я пражыў іх цікава, набыў велізарны прафесійны досвед. Дый гэта не самая страшная гісторыя ў маім жыцці — дзякуй сябрам і ўсім, хто адгукнуўся. У параўнанні з тым, як я застаўся без рук і што было пасля гэтага  — увогуле дробязі.

На цяперашні момант яго становішча і сапраўды стабілізавалася. Дакументы адноўленыя, “сакрэтнае месца” замененае на здымную кватэру, з’явілася і праца — канешне, пры дапамозе сяброў.

— Я шчаслівы цяпер быць у Мінску, пачынаю працаваць на студыі музыканта Сяргея “Мікі” Навіцкага, якую ён ствараў калісьці для сябе, але прапанаваў мне там “прытулак”, — кажа Андрэй. — Канешне, былі прапановы папрацаваць і ў Маскве, і ў Піцеры. Але я ўжо болей не хачу звязвацца з незнаёмымі людзьмі. Лепей дома, з тымі, каго ты ведаеш дзясяткі гадоў.

Моцна дапамаглі і грашыма, і сувязямі музыканты Port Mone, імгненна адгукнуўся прадзюсар Яўген Калмыкоў.

— Шчыры яму дзякуй за тое, што ён адразу дапамог заказамі, — кажа Андрэй. — Вось цяпер, да прыкладу, зроблена ўжо шэсць песень для яго артыста Сіропа. Пішу гурт Flat, вельмі цікава мне з фальклорнай групай Guda. Галоўнае, каб была праца. А тэхніку будзем збіраць.

У адказ на пытанне, ці не думае ён паўтарыць харкаўскі досвед і стварыць студыю высокага ўзроўню ўжо ў Мінску, Андрэй хіба скептычна пасміхаецца:

— У праект у Харкаве ўкладваліся мільёны долараў. Мы рабілі аналагава-лічбавую студыю, і там моцна пацягнула менавіта аналагавая кампанента. Скажам, якісьці прыбор 1953 года выпуску каштуе дзесяць тысяч долараў, а іх трэба з дзясятак! У Беларусі пра такія грошы нават гаворка не ідзе. Хаця ў нас увогуле, лічу, няма студый, адпаведных сучасным патрабаванням: узровень ледзь не аматарскі! Нават калі ёсць дарагое абсталяванне, яно або састарэлае, або няправільна сабранае, скамутаванае… Таму я стаўлю за мэту проста выйсці на добры прафесійны ўзровень. Пагатоў, студыя — гэта не месца, а саўндпрадзюсар.

Хто дапаможа?

Вяртаючыся ў Мінск, Жукаў пакінуў ва Украіне сваю ўласную тэхніку, якую ён вывез з Беларусі, калі пераязджаў “усур’ёз і надоўга”. Каб працаваць і зарабляць на жыццё, гукарэжысёру цяпер патрэбнае прафесійнае абсталяванне. Менавіта дзеля збору сродкаў на яго набыццё група Drum Ecstasy і арганізавала свой дабрачынны канцэрт. У імпрэзе прыняла ўдзел яшчэ адна культавая персона — паэт Дзмітрый Строцаў, які на пачатку 1990-х разам з Андрэем Жукавым пачынаў ажыўляць мінскі фестывальны рух. І ў выніку — 20 прададзеных білетаў.

— 13 самых дарагіх квіткоў, набытых праз інтэрнэт — гэта, магу меркаваць, людзі з-за мяжы з фрэнд-стужкі маёй жонкі. З іх нават ніхто не прыйшоў на канцэрт: чыстая “акцыя салідарнасці”, — распавядае Філіп Чмыр.

І тут ёсць падставы паразважаць, у чым прычына такой абыякавасці. У нейкіх арганізацыйных хібах — або менавіта ў браку салідарнасці сярод нашай музычнай супольнасці? Насамрэч, нават не ўдаецца прыгадаць, калі б у музыканцкім асяроддзі ладзілі нешта дабрачыннае для жывога калегі. Можа, гэта якраз і была першая спроба? Аднак, як можна зрабіць выснову, няўдалая.

Філіп Чмыр не хавае лёгкага расчаравання:

— Я рабіў стаўку на тусоўку, на людзей, блізкіх да музычнага свету. Натуральна, не надта разлічваў, што на канцэрт прыйдуць музыканты і прынясуць свае грошы. Аднак спадзяваўся, што яны дапамогуць інфармацыйнай падтрымкай, неабыякавасцю, розгаласам. Многім дзеячам пісаў асабіста з просьбай хоць бы рэпост зрабіць. Нават гэтага яны не здолелі! Хіба толькі Лявон Вольскі адгукнуўся, хаця ў яго ў свой час былі не самыя простыя адносіны з Жукавым. Дык і што, маё знаёмства з Андрэем наогул пачыналася з бойкі. А Drum Ecstasy ён называў крыварукімі (смяецца).

Тым не меней, Філіп Чмыр практычна ад самага пачатку прымаў чынны ўдзел у “выратаванні” Андрэя Жукава. На пытанне, чаму лідар “бубначоў” так рупіцца пра лёс іншага чалавека, адказ прагучаў вельмі просты:

— Не кажучы пра дзясяткі гадоў знаёмства і сумеснай працы, мы яго вельмі цэнім як спецыяліста, як генія, як абсалютна вар’яцкага фаната сваёй справы. А гэта ж не толькі музыка, але яшчэ і фізіка, чыстая інжынерыя, з чым у беларускіх студыях зусім слаба. Па шчырасці, я шчаслівы, што яго выгналі з Харкава, бо ў Беларусі ён такі адзін, і здавалася, мы ўжо назаўсёды страцім гэтага ўнікума. Тое, што ўмее ён, болей не ўмее ніхто! Так, як Drum Ecstasy гучыць у запісе Жукава, мы нідзе больш гучаць не будзем!

Таму Філіп абяцае працягваць сваю кампанію салідарнасці і для набыцця неабходнай для гукарэжысёра тэхнікі плануе звярнуцца па дапамогу да бізнес-структураў.

— Дарэчы, карысная інфармацыя для беларускіх музыкантаў, — кажа ён. — Мы прапанавалі бясплатна для дзесяці калектываў ці артыстаў звесці і зрабіць майстарынг іх песні ў такога прафесіянала, як Жукаў. Пакуль шансам скарысталіся толькі дзве групы, так што звяртайцеся. Лепей ніхто не зробіць!

* * *

Хочацца спадзявацца, гісторыя з Андрэем Жукавым будзе мець шчаслівы фінал. Наша краіна не згубіць спецыяліста высокага ўзроўню, і ў Мінску з’явіцца яшчэ адна студыя з якасным гукам. Можна парадавацца, што ў гэтага чалавека ў складаны момант яго жыцця ўсё ж знайшлося некалькі ўдзячных калег, якія не кінулі ў бядзе.

Але што наконт салідарнасці прафесійнай грамады? Праявіць яе не атрымалася — ужо ў чарговы раз, бо здараліся ж і раней выпадкі, калі нехта марна чакаў падтрымкі. Так, жыццё ва ўсіх няпростае, кожны выжывае як можа. Плакаць па памерлых мы яшчэ здольныя, а вось дапамагчы жывым калегам — няхай нехта іншы? Ды, як кажуць, гэта не час такі — гэта мы такія.

Надзея КУДРЭЙКА

Фота прадастаўлена Міжнароднай арганізацыяй міграцыі.