Памяць вайны ў віртуальнай прасторы

№ 9 (1396) 02.03.2019 - 09.03.2019 г

Абеліск на салдацкай магіле — досыць звыклая частка тыповага беларускага краявіду. Тыя войны, што пракаціліся па нашай зямлі, пакідалі па сабе і такія сляды. Многія пахаваныя ў нас савецкія салдаты — родам з далёкіх ад Беларусі мясцін, і сваякі дагэтуль шукаюцьіх магілы. Як не даць памяці пра палеглых знікнуць — і зрабіць яе даступнай для ўсіх? На пачатку года ў інтэрнэце з’явіўся сайт праекта “Ваенныя мемарыялы Беларусі”(belmemorial.by). Яго завадатары ставяць перад сабой мэту стварыць адкрытую базу воінскіх пахаванняў на тэрыторыі нашай краіны, з дапамогай якой кожны здолее адшукаць інфармацыю аб салдатах розных войнаў, якія знайшлі спачын у беларускай зямлі.

/i/content/pi/cult/734/15946/5.JPGКаб не адставаць ад суседзяў

— Пачалося ўсё ў 2017 годзе, калі я стварыў у Facebook групу, якая называецца “Поиск погибших и пропавших без вести в Великую Отечественную войну”,— распавядае ініцыятар стварэння праекта Аляксандр Снітко. — Такая ідэя прыйшла пасля таго, як да мяне некалькі разоў звярнуліся прадстаўнікі пошукавых атрадаў з суседніх краін, якім была патрэбная дапамога ў пошуку сваякоў палеглых салдат. Паступова да групы пачалі далучацца архіўныя супрацоўнікі і іншыя неабыякавыя да гэтай тэмы людзі, і на сёння нас ужо каля 1500 чалавек з амаль трыццаці краін.

Людзі з розных краёў пачалі звяртацца да нас з просьбай дапамагчы расшукаць месцы пахавання іх родных, якія загінулі на тэрыторыі Беларусі. Мы браліся за пошук, знаходзілі звесткі пра пахаванні і часта сутыкаліся з тым, што інфармацыя абмяжоўваецца ўказаннем на месцазнаходжанне магілы — максімум агульным здымкам помніка. А вось спісы пахаваных, якія пазначаныя на помніках, у адкрытым доступе могуць адсутнічаць. Мы зразумелі, што патрэбна адзіная база вайсковых пахаванняў Беларусі, даступная для агульнага карыстання. Апошнім штуршком да стварэння сайта для мяне было знаёмства з Вікторыяй Нястраценка з Кіева, якая даўно і актыўна займаецца пошукам палеглых і часта прасіла мяне аб дапамозе. Яна і звярнула маю ўвагу на тое, што падобныя праекты ўжо існуюць у нашых краінах-суседках.

Рашэнне рабіць сайт мы прынялі ў маі 2018 года. Тэхнічны бок пытання забяспечыў праграміст Мікіта Шульгін, і ў снежні сайт пачаў працаваць. У каманду праекта ўваходзяць таксама Дзмітрый Антановіч, які займаецца напаўненнем базы пахаванняў, і ўдзельніцы пошукавага атраду “Гвардыя” Юлія Ліцецкая і Вольга Шабельнік, якія яму ў гэтым дапамагаюць. Праект на сённяшні дзень рэалізуецца цалкам на сродкі валанцёраў.

Салдат вядомы. Як знайсці магілу?

Сёння на сайце змешчаныя звесткі прыкладна пра 670 пахаванняў, і гэтая лічба пастаянна расце:звесткі абнаўляюцца і дадаюцца ледзь ні штодзень. Агульная колькасць вядомых воінскіх пахаванняў у Беларусі — каля васьмі тысяч, з іх каля шасці тысяч — пахаванні салдат Вялікай Айчыннай. Для параўнання — напрыклад, у Аўстрыі такіх пахаванняў налічваецца каля 250. То бок, у праекта наперадзе яшчэ багата працы.

З дапамогай пошуку па сайце можна знайсці інфармацыю аб спачылым паводле яго прозвішча, а інтэрактыўная карта паказвае геаграфічнае размяшчэнне пахаванняў і мемарыялаў. Кожнаму з іх адведзена асобная старонка, якая ўтрымлівае інфармацыю аб яго месцазнаходжанні і стане. Дзе гэта магчыма, змешчаныя актуальныя здымкі з выглядам пахавання, а таксама спісы пахаваных і інфармацыя аб іх асобах.

Паралельна з сайтам працягвае дзейнасць і згаданая група ў фэйсбуку, з якой усё пачыналася. Там кожны ахвочы можа апублікаваць любую інфармацыю, датычную пошуку пахаваных у Беларусі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны: фотаздымкі салдат, справаздачы з экспедыцый, здымкі дакументаў і прадметаў, якія дапамагаюць ідэнтыфікаваць парэшткі палеглых. Таксама можна змясціць запыт аб дапамозе ў пошуку месца пахавання і знайсці добрыя парады і рэкамендацыі на гэты конт.

Адміністратары групы раяць зацікаўленым: перш чым прасіць дапамогі ў пошуку, варта самастойна высветліць асноўную інфармацыю аб чалавеку, чый лёс вас цікавіць: пажадана ведаць не толькі імя, прозвішча і імя па бацьку, але таксама дату і месца нараджэння, назву ваенкамата, якім ён быў прызваны, воінскае званне, нумар часткі, звесткі аб родных і іх месца пражывання да вайны. Ад паўнаты інфармацыі залежыць эфектыўнасць пошуку.

База адкрытая для ўсіх

Акрамя пахаванняў Вялікай Айчыннай вайны, каманда праекта плануе займацца і іншымі воінскімі мемарыяламі, месцамі пахавання ахвяраў Халакосту, мемарыяламі на месцы спаленых нацыстамі вёсак, а таксама воінскімі пахаваннямі Першай сусветнай, Грамадзянскай, Савецка-польскай і нават вайны 1812 года...

Аўтары падкрэсліваюць, што іх мэта — стварыць базу дадзеных, якая б утрымлівала звесткі аб усіх салдатах, пахаваных на тэрыторыі Беларусі, незалежна ад іх нацыянальнасці, дзяржаўнай прыналежнасці, палітычных поглядаў і іншых перакананняў. Тым больш, у нашых краях нярэдкія выпадкі, калі побач адначасова хавалі прадстаўнікоў розных бакоў канфлікту альбо ўдзельнікаў розных войнаў— асабліва гэта тычыцца Першай сусветнай і Савецка-польскай.

Каманда ўжо робіць канкрэтныя крокі ў кірунку стварэння на базе свайго праекта новай грамадскай арганізацыі. Гэта дазволіць больш актыўна развіваць супрацоўніцтва як з органамі ўлады, так і з тымі ініцыятывамі, якія займаюцца аналагічнымі праблемамі ў іншых краінах. Таксама пры арганізацыі будзе створаны свой пошукавы атрад.

Задачай грамадскага аб’яднання таксама павінен зрабіцца маніторынг стану захаванасці і знешняга выгляду пахаванняў і мемарыялаў. Здараюцца выпадкі, калі помнікі даглядаюць не найлепшым чынам — напрыклад, пакрываюць фарбай пліты з імёнамі пахаваных, і прачытаць іх робіцца немагчыма. Таксама варта звярнуць увагу на выяўленне і ўпарадкаванне воінскіх пахаванняў, не пастаўленых на ўлік — падчас работы ў межах праекта ўжо былі адшуканыя некалькі такіх месцаў.

Дапамагчы можа кожны

Важным кірункам работы сайта павінна таксама зрабіцца публікацыя тэкстаў, прысвечаных праблемам воінскіх пахаванняў. Стваральнікі праекта заклікаюць да ўдзелу ў ім краязнаўцаў і аматараў ваеннай гісторыі з усёй краіны. Каманда сайта ўжо плённа супрацоўнічае з упраўленнем Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войн, а таксама з пошукавымі клубамі. Вялікую дапамогу аказваюць і простыя энтузіясты, якія дапамагаюць збіраць інфармацыю аб пахаваннях.

Істотнай праблемай з’яўляецца таксама ўдакладненне інфармацыі пра пахаваных — падчас пашпартызацыі нярэдка дапускаліся памылкі.Здараліся выпадкі, калі адзін і той самы чалавек мог быць згаданы на некалькіх помніках, альбо наадварот — калі ў спісы палеглых памылкова трапляў баец, які выжыў. Таму ў перспектыве варта заняцца таксама спраўджваннем інфармацыі, змешчанай у пашпартах пахаванняў.

Вы можаце дапамагчы праекту, нават проста даслаўшы падрабязныя здымкі надмагілляў, дзе ўказаныя прозвішчы салдат, пахаваных у вашай мясцовасці. Таксама аўтары сайта з радасцю прымуць дапамогу ў зборы любой інфармацыі па дадзенай тэме — як ад прыватных асобаў, так і ад органаў мясцовай улады і ўстановаў адукацыі і культуры тых населеных пунктаў, дзе размешчаныя воінскія пахаванні. На сайце працуе форма для зваротнай сувязі.

Відаць, невыпадкова праект “Ваенныя мемарыялы Беларусі” з’явіўся акурат у год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нацызму. Збор і абагульненне інфармацыі аб воінскіх пахаваннях, а таксама клопат аб стане і выглядзе мемарыялаў мусяць зрабіцца адным з найбольш пераканаўчых сведчанняў таго, што памяць аб палеглых у Беларусі захоўваецца і шануецца. Гэта справа, да якой варта далучыцца кожнаму.