Сустрэча зімы з летам

№ 9 (1396) 02.03.2019 - 09.03.2019 г

У адным з мінулых нумароў “К” вядомая фалькларыстка Рэгіна Гамзовіч заклікала работнікаў культуры захоўваць ды адраджаць уласныя, мясцовыя традыцыі зімовых святаў. Пра адну з іх хацелася б распавесці. У вёсцы Нова-Янчына, што на Барысаўшчыне, Грамніцы адзначаюць па-свойму.

/i/content/pi/cult/734/15945/4.JPGГаспадыні свята — гурт “Суседкі”, які збіраецца пры мясцовым Доме фальклору вось ужо чвэрць стагоддзя, — паказалі гасцям, як робяцца грамнічныя свечы. Цягам года яны запальваюцца падчас іншых народных святаў: на Дзяды, у Крывыя вечары, на Куццю. А таксама для ацалення чалавека або падчас знакавых падзеяў у сям’і.

Грамніцы — свята ўшанавання хатняга агню, якое адзначаецца праз сорак дзён пасля зімовага сонцастаяння, калі новае сонейка ўпершыню паказвае ўсю сваю моц, і раптам сярод зімы суровае надвор’е мякчэе, а на вуліцы можна пачуць спевы птушак і нават першыя грымоты. Лічыцца, што ў гэты час адбываецца першая сустрэча зімы і лета.

Сучасныя Грамніцы ў Нова-Янчына спалучаюць як звычаі самой вёскі, так і традыцыі, якія прынеслі з сабой дзяўчаты, выходзячы сюды замуж. Гэтак, звычай рабіць грамнічныя абярэгі з воску для дзяцей захавала кіраўніца “Суседак” Раіса Аніеева. Захавала па памяці са свайго дзяцінства, калі падобны абярэг рабіла для яе бабуля. А вось абрад Жаніцьбы печы прывезла ў вёску з суседняга Крупскага раёна Ніна Дубень. Печ упрыгожваецца ручніком і самаробнымі кветкамі, а ў адзін з момантаў свята нежанатая моладзь па падказцы старэйшых падыходзіць да яе і гукае ў комін: “Хачу жаніцца!” ці “Замуж хачу!” Зрабіць гэтак са шчырым сэрцам — нібы данесці сваё пажаданне да нябёсаў.

Яшчэ адзін звычай Нова-Янчына — перадача Грамнічнай свячы — цяпер выконваецца ў інсцэніраваным выглядзе ў Доме фальклору. А калісьці вяскоўцы збіраліся разам ляпіць свечы, і адну з іх перадавалі на захаванне выбранай жанчыне, якая праз год вызначала, каму жаночая грамада зноў перадасць грамніцу.

Іншыя цікавосткі сёлетніх Нова-Янчынскіх Грамніц — народныя гульні і выстава вясельных ручнікоў, некаторыя з якіх паходзяць з пачатку ХХ стагоддзя і маюць адметныя мясцовыя рысы. А адна з грамнічных песень, якія выконваюць “Суседкі”, напісана яе ўдзельніцай Нінай Дубень.

Ала СІДАРОВІЧ,
малодшы навуковы
супрацоўнік Цэнтра
традыцыйнай культуры
г. Барысаў

Фота Алены Паўлоўскай