Хто ўзначаліць кампазітараў?

№ 9 (1396) 02.03.2019 - 09.03.2019 г

Беларускі саюз кампазітараў святкуе сваё 85-годдзе. У сераду ў Белдзяржфілармоніі адбыўся канцэрт прэм’ер камерных твораў, сёння — юбілейны сімфанічны канцэрт. А за некалькі гадзін да яго пройдзе пазачарговы з’езд нашых творцаў, дзе павінна быць прынята новая рэдакцыя статута гэтай грамадскай суполкі, а галоўнае — пасля нядаўняга сыходу з жыцця Ігара Лучанка адбудуцца выбары новага старшыні праўлення.

Пра багаты творчы патэнцыял таварыства прафесійных кампазітараў і музыказнаўцаў сведчыў ужо камерны канцэрт. Яго правядзенне ў філарманічнай зале імя Рыгора Шырмы было шмат у чым сімвалічным: гэты легендарны дзеяч музычнай культуры Беларусі таксама ў свой час узначальваў наш Саюз кампазітараў. Не менш сімвалічным было і завяршэнне згаданага канцэрта буйным творам Аляксандра Гулая з Гомеля: яго Фартэпіяннае трыа памяці Міхала Клеафаса Агінскага быццам падкрэсліла куды больш даўнейшую за 85 гадоў гісторыю беларускай музычнай спадчыны.

У першым аддзяленні пераважалі спакойныя, амаль “псіхатэрапеўтычныя” творы, якія выпраменьвалі лагоду, прыгажосць, зачараванасць: “Сляза анёла” Ніны Сіняковай для флейты, альта і арфы, вакальны цыкл “Ціхае святло” Аліны Безансон, п’есы Ірыны Пяткевіч “Раніца ў Венецыі” для квартэта мандалін, “Месяцовы камень” для домры і фартэпіяна. Дый кампазіцыя “Да часу” Аляксандры Даньшовай, якая жыве і працуе ў Германіі, рэгулярна наведваючы Мінск, нагадвала “Пастаянства памяці” Сальвадора Далі: не столькі адлюстраваны там “мяккі гадзіннік”, колькі само ўспрыняцце часу як павольнай рачной плыні, што незаўважна зацягвае цябе мяккімі, чароўнымі струменямі гучання марымбы з вібрафонам.

Другое аддзяленне ўпрыгожыў суцэльны блок музыкі для дзяцей, часткова яшчэ і ў цудоўным выкананні юных музыкантаў: фартэпіянныя Таката, “Швейная машынка” Уладзіміра Грушэўскага, сюіта “Хаты ў глухім лесе” Ганны Кароткінай паводле карціны кітайскага мастака, гумарэска “Стары Хатабыч” Аляксандра Клеванца для ансамбля баяністаў. Не бяздзейнічалі і самі кампазітары. Усевалад Грыцкевіч іграў на раялі свае п’есы. Ларыса Сімаковіч чытала вершаваныя эпіграфы да сваіх фартэпіянных твораў. Віктар Кісцень (гучалі яго “Тры вершы Набокава”) рабіў радыёзапіс канцэрта. Вячаслаў Пяцько (выконвалася яго п’еса “Пахне чабор” для скрыпкі і фартэпіяна) вёў канцэрт.

Стылістыка, як таго і трэба было чакаць, аказалася размаітай: ад авангардных п’ес Дзмітрыя Лыбіна для кларнета і прыгатаванага раяля да эстрадна-рамантычных фартэпіянных Накцюрнаў Уладзіміра Браілоўскага. Але ў адрозненне ад некаторых ранейшых юбілеяў, канцэртаў у рамках і насустрач з’ездам ды пленумам, цяперашняя праграма, пры ўсёй яе працягласці і насычанасці, не ўспрымалася перагружанай.

Такім жа не грувасцкім, а “натхнёна палётным” павінен быць і сённяшні сімфанічны канцэрт, дзе сабрана папулярная (падкрэслю гэта слова) беларуская аркестравая класіка і, зноў-такі, прэм’еры. А 12 сакавіка музычныя святкаванні працягнуцца ў невялічкай зале самога Саюза, дзе прагучаць творы студэнтаў кафедры кампазіцыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"