Фенікс супраць Марэны

№ 9 (1396) 02.03.2019 - 09.03.2019 г

І вось, вясна наступіла. Пакуль пост не пачаўся, самы час для масленічных гулянняў. Сёння, 2 сакавіка, старажытнае славянскае свята ладзяць у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту. Кульмінацыяй, вядома ж, стане спальванне саламянага пудзіла зімы — “Марэны”.

/i/content/pi/cult/734/15941/1.jpg“Марэна”, як вядома, абазначае зіму, маразы і злыя сілы, а агонь — гэта сімвал ачышчэння, абнаўлення, жыцця, якое, нібы старажытная птушка Фенікс, штогод нараджаецца з прыходам вясны.

— Таму спальванне на Масленіцу негатыўнага і кепскага заўсёды выклікае ва ўсіх людзей — у тым ліку, і тых, хто прыязджае на наша свята — адно толькі радасць, усмешкі і весялосць, — распавёў “К” намеснік дырэктара Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту па навуковай рабоце Яўген Мікула. — А папярэднічаюць гэтаму абрадаваму спаленню саламянага пудзіла песні, гульні, скокі, карагоды, якія суправаджаюцца частаваннем гарачым збітнем, блінцамі і, канешне, так званымі булачкамі-жаўрукамі.

Супрацоўнікі музея рыхтуюць "галоўную гераіню" Масленіцы.

Сапраўды, у якасці ахвярапрынашэння на гэтае свята заўжды ў беларускіх вёсках выраблялі вялікую ды смешную, але адначасова і страшную ляльку з саломы ды ануч, якая ўвасабляла сабой пудзіла Масленіцы. Гэтае самаробнае саламянае стварэнне прыбіралі звычайна ў жаночую вопратку. Затым пудзіла неслі праз усю вёску і, выйшаўшы з паселішча, тапілі ў палонцы ці спальвалі на вялікім вогнішчы. Менавіта так і збіраюцца зрабіць у гэтую суботу ў Азярцы.

Цікава, што ў некаторых вёсках часцяком замест пудзіла вазілі жывую “Масленіцу”. Ёю была прывабна апранутая дзяўчына ці жанчына, або старая ці нават стары. Затым яе вывозілі за сяло і там, са смешкамі і жартамі… не, не спальвалі, натуральна, і не тапілі, а проста вывальвалі ў снег.

— А сама назва “Марэна” (або яе яшчэ называюць “Мара”) — досыць старажытны жаночы міфалагічны персанаж, звязаны з сезоннымі абрадамі памірання і аднаўлення прыроды. Гэта нешта накшталт багіні смерці, — кажа Яўген Мікула. — Беларусы верылі, што спальванне пудзіла забяспечвае хуткі надыход лета, добры ўраджай, абароніць паселішча ад павадкаў і пажараў, ад хваробаў і смерці. А дзяўчатам забяспечыць добрае замужжа.

/i/content/pi/cult/734/15941/2.JPGПадчас вясновых гулянняў у музеі народнай архітэктуры і побыту запланавана маштабная фальклорная праграма, якая прадоўжыцца зрання і да самага вечара. Наведвальнікаў чакае ўнікальная выстава старажытных прадметаў, з дапамогай якіх нашы продкі выраблялі масла і сыр, выпечка бліноў па старадаўніх рэцэптах, конкурс масленічнай лялькі, майстар-класы па вырабе абярэгаў ды многае іншае.

Адбудуцца таксама выступленні папулярных фальклорных груп, паказы беларускага ценявога тэатра “Вяртэп” і лялечнага тэатра “Батлейка”, катанне на канях і палёты на мотадэльтаплане (зразумела, пры добрым надвор’і), дэманстрацыя народных масленічных абрадаў “Пахаванне Дзеда” і “Наведванне бабкі-павітухі”, вясновыя карагоды. А хэдлайнерам стане гурт Recha. Зразумела, не абыдзецца і без традыцыйнай забаўлянкі.

 — Сёлета мы пачалі супрацоўніцтва з мінскай фабрыкай “Камунарка”, і яна як партнёр забяспечыла нас каштоўнымі прызамі (прычым іх багата!), якія будуць вісець на масленічным слупе, — падзяліўся яшчэ адной “фішкай” фэсту Яўген Мікула. — Так што тыя смельчакі, якія захочуць прадэманстраваць свой спрыт і зухаватасць перад шаноўнай публікай і залезці на слуп, будуць узнагароджаны абавязкова.

Як дадаў намеснік дырэктара музея, суботняя паездка ў Азярцо стане сапраўды цікавай і змястоўнай для наведвальнікаў любога веку: ад малога да старога. Балазе, у суботу, акрамя звычайных прыгарадных аўтобусных маршрутаў Мінск — Дубянцы і Мінск — Чыкі ды гарадскога аўтобуса нумар 170Э, у музей усіх ахвотных даставіць дадатковы аўтобус 203Э, які будзе кіравацца са станцыі “Паўднёва-Заходняя” з прыпынкамі каля метро “Пятроўшчына” і “Малінаўка”.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"