На шляху “з варагаў у грэкі”

№ 31 (849) 02.08.2008 - 08.08.2008 г

На днях у Полацку поруч з Домам гандлю ўсталявалі помнік полацкаму купцу. Урачыстае адкрыццё яго адбылося напярэдадні прафесійнага свята, якое гандляры адзначылі 27 ліпеня.

 /i/content/pi/cult/170/1594/Na shlyahu.jpg
Скульптуру заказалі полацкія работнікі гандлю, і зроблена яна за іх грошы ў памяць пра тое, што спрадвеку Полацк быў цэнтрам, дзе жылі рамеснікі і купцы. Пра гэта распавёў першы намеснік старшыні Полацкага гарвыканкама Сяргей Куксаў. Сапраўды, у Полацку было зручна займацца гандлем, паколькі горад размясціўся на рацэ. Вядома, што праз беларускія землі, у тым ліку і праз Полацк (па Заходняй Дзвіне), праходзіў буйны водны шлях “з варагаў у грэкі”.
Пра гандлёвыя сувязі Полацка з Візантыяй, Арабскім халіфатам і германскімі гарадамі сведчаць шматлікія скарбы з манетамі гэтых краін, знойдзеныя на Полацкай зямлі. Стварыў статую полацкаму купцу мінскі скульптар Аляксандр Прохараў, аўтар помніка Усяславу Чарадзею ў старажытным беларускім горадзе.

Алена АЛІМАВА
Фота аўтара