З рэвалюцыйным пафасам

№ 8 (1395) 23.02.2019 - 02.03.2019 г

Кожная грамадская з’ява ўваходзіць каранямі ў глыбіні гісторыі, і каб зразумець яе, трэба ведаць вытокі. Перш за ўсё, гэта тычыцца культурнай сферы — шматзначнай, разнастайнай і шматгучнай. Сёлета сістэма культасветустановаў Беларусі адзначае сваё стагоддзе. Яна фарміравалася ва ўмовах разрухі, голаду, барацьбы за ўсталяванне новай улады, якое вяло за сабою змены ў спаконвечнай абрадавай культуры народа.

/i/content/pi/cult/733/15939/21.JPGУ 1919 годзепартыйнымі органамі была пастаўленая задача арганізацыі на вёсках хат-чытален, якія меліся стаць цэнтрамі культурна-асветнай работы. У наступным годзе ў БССР створанае Галоўнае ўпраўленне палітыка-асветнай работы, у сферу дзейнасці якога ўваходзіла і культура.

У гэты час фарміруецца сетка ўстаноў культуры, удакладняюцца асноўныя прынцыпы, формы і змест іх работы. Усе культурна-асветныя ўстановы раёна замацоўваліся за райпалітпросам. Ён ствараў адзіны план іх працы і кантраляваў яго ажыццяўленне “на месцах”. Усе ўстановы культуры воласці падпарадкоўваліся цэнтральнай хаце-чытальні. У горадзе аналагічным агменем культуры быў рабочы клуб.

“Ідзі ў свой клуб”

Загадам старшыні мінскага Губваенкама ад 23 ліпеня 1920 года было аб’яўлена: “Грамадзянскаму насельніцтву і ўстановам г. Мінска, у якіх маюцца духавыя і струнныя інструменты, а таксама раялі, ноты, грамафоны, у пяцідзённы тэрмін са дня апублікавання дадзенага загаду зарэгістраваць такія ў экспедыцыі палітасветаддзела Мінскага губваенкамісарыята”. Рэвалюцыйныя метады папаўнення матэрыяльнай базы прыносілі плён: 31 жніўня гарнізонны клуб імя Кастрычніцкай рэвалюцыі ўжо меў неабходныя музычныя інструменты.

Зрэшты, пра татальны прымус казаць ні ў якім разе не выпадае. Стварэнне клубаў рабочыя сустракалі з энтузіязмам. На яго і рабіўся разлік. Сярод матэрыялаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь ёсць зварот Бабруйскага цэнтральнага рабочага клуба імя Кастрычніцкай рэвалюцыі, апублікаваны ў 1921 годзе:

“Товарищ! Тяжелая хозяйственная разруха, явившаяся следствием 7-летней войны, вынуждает тебя терпеть ряд лишений. Экономические условия не дают возможности сейчас приступить к организации ряда рабочих домов и снабжению тебя всем необходимым.

Ты приходишь усталым после тяжелого дня работы, а тебе негде отдохнуть, поразвлечься и позаниматься. А между тем ты можешь создать свой рабочий дом отдыха — СВОЙ РАБОЧИЙ КЛУБ. Ты должен создать клуб, в котором будет чисто, тепло и уютно, в котором ты найдешь отдых, разумные развлечения. В клубе ты всегда сможешь почитать и позаниматься.

У тебя нет хлеба, обуви, не хватает мануфактуры, дров, гвоздей и пр. Ты не знаешь, почему всегда не достает, и не знаешь, как добыть всего... ИДИ В СВОЙ КЛУБ!”

Заклік быў пачуты. Аднак энтузіязм насельніцтва, і асабліва моладзі, характэрны для першых клубных аб’яднанняў, з часам гасіўся бюракратычнай заарганізаванасцю, фармалізмам, празмерным адміністраваннем клубнай работы.

Адна на дзесяць тысяч

Да 1921 года ў рэспубліцы налічвалася 136 клубаў і народных дамоў, 894 хаты-чытальні. Аднак у сувязі з пераходам да новай эканамічнай палітыкі, з прычыны скарачэння асігнаванняў колькасць клубаў, хат-чытален, бібліятэк стала рэзка змяншацца.

Як сведчаць матэрыялы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь па Мінскай акрузе, у Бягомльскім раёне на 115 населеных пунктаў было ўсяго тры хаты-чытальні — адпаведна, на кожную з іх прыходзілася 11 518 чалавек. У Чэрвенскім раёне паказчык падобны — 9 774 чалавек на адну клубную ўстанову. З 17 раёнаў акругі найлепей справы ішлі ў Бярэзінскім раёне, дзе на адну хату-чытальню прыходзілася 6210 чалавек.

Такая сітуацыя была і ў іншых акругах. Да прыкладу, у Бабруйскай адзін народны дом абслугоўваў тэрыторыю ў 1100 квадратных вёрст з насельніцтвам у 40 тысяч чалавек. Адна хата-чытальня прыходзілася на 300 квадратных вёрст з насельніцтвам 18 тысяч чалавек. Зразумела, што пры такіх суадносінах казаць пра “абслугоўванне” можна хіба фігуральна.

Узроўню 1921 года колькасць устаноў культуры дасягнула толькі ў 1935-м. Да ўсяго, нават наяўныя народныя дамы, хаты-чытальні, клубы на пачатку мелі вострую патрэбу ў кадрах. І, трэба адзначыць, яна вырашалася з першых дзён.

Са жніўня 1919 па красавік 1920 года ў Віцебску праходзілі месячныя курсы па падрыхтоўцы інструктараў для хат-чытален. Рэгулярна на базе Магілёўскай партшколы ладзіліся курсы загадчыкаў хат-чытален, а таксама па перападрыхтоўцы палітасветработнікаў з ўсяго БССР, разлічаныя на 80 чалавек. На вучобу пасылалі школьных, канцылярскіх, сельскагаспадарчых работнікаў, сакратароў сельскіх саветаў… Бадай любога больш-менш пісьменнага і актыўнага маладога чалавека імкнуліся навучыць і прызначыць загадчыкам хаты-чытальні.

Аднак слабая прафесійная падрыхтоўка, адукацыя, адсутнасць ведаў па гісторыі і культуры народа і вялікая цякучка кадраў плённай дзейнасці не спрыялі. З-за непадрыхтаванасці клубных работнікаў за правядзенне святаў нярэдка браліся прадстаўнікі савецкіх і
партыйных органаў. Станаўленне новай абраднасці ў якойсьці меры стрымлівала непісьменнасць сельскага насельніцтва. У той час гэты фактар як бы “кансерваваў” традыцыйныя звычаі беларусаў.

Новая абраднасць

З першых год савецкай уладай фарміруюцца дзяржаўныя святы і памятныя дні (Першамай, гадавіна Кастрычніка, 8 сакавіка, Дзень савецкай арміі і іншыя), да падрыхтоўкі якіх актыўна падключаліся культурна-асветныя работнікі. Ішоў пошук новых форм урачыстасцей, рытуалаў, сімволікі. У канву пралетарскіх свят увайшлі інсцэніроўкі на рэвалюцыйную тэматыку, карнавальныя шэсці, дэманстрацыі, мітынгі, маёўкі, спевы рэвалюцыйных гімнаў. Пазней да іх далучыліся ўрачыстыя сходы, уручэнне чырвонага сцяга перадавому калектыву, ганаровая варта каля яго, урачысты вынас сцяга і іншае.

Асаблівая ўвага надавалася дзецям. Школьнікі ўдзельнічалі ў дэманстрацыях. Для дзяцей дашкольнага ўзросту і малодшых школьнікаў у дні свят арганізоўваліся ранішнікі, дні адпачынку, ім давалі падарункі. Характэрна, што ў гэты час новыя святы распаўсюджваліся пераважна ў вялікіх гарадах, вылучаючыся размахам і відовішчнасцю. На вёсцы ж захоўвалася традыцыйная абраднасць.

Палітыка дзяржавы ў адносінах да рэлігіі, народных святаў і абрадаў мела дваісты характар. З аднаго боку, іх святкаваць як быццам бы не забаранялася. А з другога — адразу давалася ў знакі непрыманне ўладамі рэлігіі і наогул традыцыйнай культуры. Пры гэтым, калі ў першыя паслярэвалюцыйныя гады прымаюцца спробы прыстасаваць традыцыйныя святы да новых умоў, папярэдне пазбавіўшы іх рэлігійнага зместу (чырвоны Вялікдзень, чырвоныя Каляды), то ў далейшым іх імкнуліся замяніць рэвалюцыйнымі ўрачыстасцямі.

Часцяком такія абрады нараджаліся непасрэдна ў клубах, працоўных калектывах, воінскіх падраздзяленнях. З’яўляліся яны стыхійна, не мелі сур’ёзнага абгрунтавання і не ўлічвалі лад жыцця народа. Таму і нядзіўна, што многія з іх неўзабаве і адміралі — праз неадпаведнасць духоўнаму менталітэту беларусаў. Але асобныя працягвалі жыць і развівацца.

Першы ўзор новай абраднасці на вёсцы — Дзень Ураджаю, узніклы ў процівагу Пакрову. У гэты дзень на сцэну сельскіх клубаў выходзілі хлопцы і дзяўчаты, якія вызначыліся добрай працай. У іх гонар на сцэне ўсталёўваліся імянны сноп і вянкі з залацістых калоссяў. Паступова святы працы станавіліся самастойнымі формамі работы, і ва ўстановах культуры пачынае складвацца працоўная абраднасць.

Характэрнай асаблівасцю Дня Ураджаю стала правядзенне самых розных курсаў прафесійнага майстэрства, сельскагаспадарчых выстаў. У час урачыстасцей ладзіліся беспартыйныя канферэнцыі сялян, мітынгі, сходкі, вечары, спектаклі, карнавалы. Добрая традыцыя складвалася пры арганізацыі штогадовага святкавання Дня лесу: праводзілася азеляненне гарадоў і пасёлкаў, ачыстка паркаў, сквераў, садоў.

У 1920-я сталі з’яўляцца і безрэлігійныя абрады сямейнага цыкла: “акцябрыны” (“красныя хрэсьбіны”), чырвоныя вяселлі. Новыя савецкія святы падкуплялі сваёй незвычайнасцю і рэвалюцыйным пафасам. Аднак аналіз літаратуры і перыядычных выданняў тых гадоў паказвае, што з цягам часу цікавасць насельніцтва да іх зніжалася.

У вёску новыя павевы траплялі толькі ў адзінкавых выпадках, — магчыма, у сілу “моды”, жадання атрымаць дывідэнды, вылучыцца са свайго асяроддзя або з-за кар’ерных меркаванняў. А наогул сяляне глядзелі на афіцыйныя абрады як на заморскае дзіва і ў большасці сваёй іх не прымалі. Аднак тыя ж “акцябрыны” знаходзілі глебу ў гарадскім рабочым асяроддзі — сярод нядаўніх выхадцаў з вёскі, якія адкінулі патрыярхальны лад жыцця, але яшчэ не далучыліся да гарадской культуры.

Вясельныя ўрачыстасці ў клубе, таксама як і радзіны, праводзіліся па адной схеме: даклад пра новы быт, прывітанне ад грамадскасці і прадстаўнікоў прадпрыемстваў, афармленне і ўручэнне пасведчанняў аб узяцці шлюбу, уручэнне падарункаў. У новым абрадзе не было традыцыйных сватоў, дружак, заручальных пярсцёнкаў, фаты, каравая — што, натуральна, збядняла ўрачыстасць.

Таму і нядзіўна, што вясельная абраднасць у 1920-я гады, асабліва ў вёсцы, захоўвала сваю традыцыйную аснову. Разам з тым, карэнная ломка асноў старога жыцця не абышла і гэтую сферу. Нават традыцыйнае вяселле прыстасоўвалася да новай рэчаіснасці. Вось, да прыкладу, тыповае пажаданне маладым: “Дару вам шчасце, долю, жыта мерку і дачку — піянерку”.

Паступова распаўсюджваюцца і грамадзянскія шлюбы — без вянчання ў царкве. Аднак яны не азначалі адыход ад традыцыйнага вяселля ў ходзе самой урачыстасці. Тым больш, што клубных і ідэалагічных работнікаў пасля правядзення рэгістрацыі далейшыя святкаванні ўжо не цікавілі. Гэта ў якойсьці меры і захавала ў народзе вясельныя традыцыі.

На прыкладзе станаўлення клубных устаноў і ўкаранення імі новых форм работы ў 1920-я гады праглядаюцца тэндэнцыі разбурэння традыцыйнай культуры, страты пераемнасці духоўных каштоўнасцяў — што ў канчатковым выніку абярнулася раз’ядноўваннем малодшага і старэйшага пакаленняў. Разам з тым, у ходзе пошукаў новай абраднасці выкрышталізоўваліся і пазітыўныя яе формы, да якіх можна аднесці працоўную абраднасць з ушанаваннем чалавека працы, формы дзяржаўных урачыстасцяў. Многія з тых добрых набыткаў жывуць і развіваюцца ў наш час.

Віталь КАСПЯРОВІЧ