Большае, на жаль, не патрэбна

№ 8 (1395) 23.02.2019 - 02.03.2019 г

Галерэя “Універсітэт культуры” прапануе мінскай грамадзе наведаць сталіцу беларускага аўтапрама. Не на маршрутцы або электрычцы, але праз выставу “Арт-Жодзіна”. З досведу сваіх вандровак магу зрабіць выснову, што менавіта мастацтва, ягоны фармат і стылёвыя рысы — зрэшты, сама яго наяўнасць або адсутнасць — дае найлепшае ўяўленне пра краіну, рэгіён, горад.

/i/content/pi/cult/733/15934/viber image 2019-02-20_opt.jpegВыстава адкрылася 18 лютага і будзе працаваць да канца месяца. На ёй экспануецца каля трох дзясяткаў твораў жывапісу, графікі, дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва. Адразу адзначу, што гаварыць пра наяўнасць у Жодзіна нейкай асаблівай мастацкай школы па аналогіі з Віцебскам ці Гродна не выпадае. Бо, як вядома, школа ўзнікае на грунце традыцыі, а той мусіць папярэднічаць доўгая гісторыя. Непрыкметнае мястэчка Жодзіна атрымала статус горада толькі ў 1963 годзе — і, зразумела, мусіў прайсці немалы час, перш чым яно насамрэч стала горадам хаця б вонкава. Адкуль тут быць мастацкай традыцыі? Мастакоў жа, чыя творчасць прадстаўлена на гэтай выставе, яднае не падабенства эстэтычных прыярытэтаў, а хіба толькі геаграфічны фактар — яны жывуць у Жодзіна.

Апошні раз жодзінцы ладзілі сваю выставу ў сталіцы больш як дзесяць гадоў таму. І параўноўваючы экспазіцыі, можна зрабіць выснову, што за прамінулы час мастацкі патэнцыял горада не паменшыўся. Праўда, і чагосьці выбухова адметнага таксама не здарылася. Роўнае развіццё ў рэчышчы агульнай для краіны тэндэнцыі пераарыентацыі творчых сіл, раней задзейнічаных у асэнсаванні сацыяльных з’яў і гістарычнага досведу, на аздобу побыту і спрыянне псіхалагічнаму камфорту гледача. Сёння ў нашай грамады попыт пераважна на такое мастацтва.

Жывапіс на выставе ў асноўным пейзажны. Якасны, прафесійны, у фармаце звыклага рэалізму (Н. Антонава, “Рака Жодзінка”, Г. Міхейчык, “Палігонная дарога”), калі-нікалі з дамешкам падкрэсленай дэкаратыўнасці (В. Навіцкі, “Распевы лета”). Ёсць пейзажы і блізкія да абстракцыі (В. Зайцаў, “Лён”). Сюжэтныя творы фактычна адсутнічаюць, але ў некаторых работах ёсць падабенства апавядальнасці (А. Фралянкоў, “Памяці прыгарада”) і спробы мастакоўскага асэнсавання каштоўнасцей, якія прынята лічыць адвечнымі (У. Гладкевіч, “П’ета”; Н. Камінская, “Вечнае”). Асобныя творы ўспрымаюцца цытаваннем класікі і эпохі Мадэрну ў прыватнасці (В. Сокал, “Русалкі”).

Графіка на выставе мяне не зачапіла. Дэкаратыўна-ўжытковае мастацтва, прадстаўленае керамікай (Ю. Пухлякова, “На дне мора”) стылёва нагадала мне тое, што робіцца на “Арт-Жыжалі”. Аднак, падаецца, тэхналагічная база не дазваляе выйсці за фармат дробнай пластыкі.

Агульнае ўражанне ад убачанага станоўчае. Такімі работамі можна ўпрыгожыць жытло і офіс. У пэўнай ступені, выстава з’яўляецца люстэркам стану культуры невялікіх гарадоў. На маю думку, жодзінскія мастакі дзейнічаюць у межах прапанаваных абставін, задавальняючы эстэтычныя запыты мясцовай грамады. Але калі б склаліся адпаведныя варункі, маглі б зрабіць большае і для горада, і для Беларусі ўвогуле. Праблема як раз у тым, што нешта большае Жодзіна пакуль не патрэбна.

Мастацтва рэдка наўпрост звязана з рэальным жыццём. Часцей яно ўзаемадзейнічае з ім паводле прынцыпу складанай экасістэмы. Вось і ў Жодзіна культурныя далягляды звязаныя з перспектывай агульнага развіцця горада. Зрэшты, менавіта дзеля таго, каб паспрыяць рэгіёнам у вырашэнні іх праблем — і культурных у тым ліку — доўжыцца Год малой радзімы. У ягоны кантэкст добра ўпісваецца згаданая выстава.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"