Мова — у прэміум-сегменце

№ 8 (1395) 23.02.2019 - 02.03.2019 г

Cем пытанняў мовазнаўцу са стажам
У Дзень роднай мовы “К” вырашыла задаць сем пытанняў — лічба, пагадзіцеся, харошая і ўдалая — пра розныя моўныя праблемы кандыдату філалагічных навук, дацэнту Дзмітрыю ДЗЯТКО, які ўжо не першы год узначальвае кафедру мовазнаўства і лінгвадыдактыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

/i/content/pi/cult/733/15930/10.jpg— Беларускамоўная рэклама, курсы “Мова нанова”, “Мова ці кава”, беларускамоўныя суполкі ў сацыяльных сетках... Мова — гэта мода? Ці гэта часовы трэнд, які праз колькі гадоў сплыве, змяніўшыся на які-небудзь іншы?

— Прадпрымальнікі ва ўсе часы ўмелі добра лічыць грошы. Таму калі беларускамоўная рэклама ёсць — значыць, яна працуе. Прычым у апошнія гады па-беларуску рэкламуецца шмат тавараў, скажам так, прэміум-сегмента, разлічаныя нават не на сярэдні клас. Іншымі словамі, частка бізнес-эліты сімпатызуе беларускай мове. Гэта вельмі важна. Таму, з аднаго боку, беларускамоўная рэклама і разнастайныя курсы па вывучэнні мовы — гэта, канешне, трэнд. Але, з другога боку, гэты трэнд у спрыяльных умовах можа стаць традыцыяй.

Мы павінны разумець, што, калі не захаваем сваю родную мову, апынёмся на задворках цывілізацыі.

— Вельмі часта кантактую з выпускнікамі журфака БДУ, якія працуюць у розных СМІ Беларусі, з калегамі, якія размаўляюць па-беларуску, у тым ліку і з філалагічнай адукацыяй. Дык вось, праблемы ў многіх адны і тыя ж — слабая беларуская мова. Няведанне нарматыўных канчаткаў слоў (асаблівая блытаніна — у канчатках назоўнікаў мужчынскага роду адзіночнага ліку ў родным склоне), русізмы ў галіне фразеалогіі, сінтаксісу і гэтак далей. Як вы лічыце, па якой прычыне выпускнікі многіх ВНУ краіны даволі часта парушаюць моўныя нормы?

— Магчыма, для выкладчыка мае погляды на гэтую праблему занадта ліберальныя... Я лічу, што канчаткі, блытаніна ў словаўжыванні, рускія выразы — усё гэта некрытычна на фоне жадання чалавека гаварыць і працаваць на беларускай мове. Прычына невалодання нормамі зразумелая — адсутнасць рэгулярнай маўленчай практыкі. Сучасныя ўніверсітэцкія праграмы пабудаваны такім чынам, што выпускнік-філолаг або журналіст можа авалодаць усімі тонкасцямі роднай мовы. Але ў дадатак павінна быць жаданне і магчымасць практыкавацца. Тым не менш, я перакананы, што лепш дрэнна гаварыць па-беларуску, чым не гаварыць ніяк.

— Згодна з нядаўнім апытаннем, зробленым Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі Прэзідэнта і змешчаным на яго сайце ў зборніку “Рэспубліка Беларусь у люстэрку сацыялогіі”, на “трасянцы” гавораць паміж сабой у сярэднім 43,5 працэнта апытаных. Магчыма, справа слабага ведання беларускай мовы — у гэтым? А ўвогуле, наколькі цяжка спецыялісту вызначыць той момант, калі заканчваецца “трасянка” і пачынаецца беларуская ці руская мова?

— Матэматыка — навука дакладная, і вельмі часта дапамагае прадстаўнікам навук гуманітарных. Але пры гэтым важна правільна разумець матэматычныя дадзеныя. Патлумачу.

Па-першае, мы павінны разабрацца з тым, што такое трасянка. Па-сутнасці, гэта незаконнанароджанае дзіця беларускай і рускай моўных сістэм, якое з’явілася ва ўмовах маскульту. Асноўная прычына — жаданне чалавека “абынтэлігенціцца”, пацвердзіць сваю прыналежнасць да “сапраўднай культуры”. На працягу апошніх некалькіх стагоддзяў беларусам настолькі настойліва прывівалі думку пра “вясковасць” іх мовы, што яна прыжылася досыць трывала. Многім пакаленням вяскоўцаў, якія пераязджалі ў гарады, было няёмка гаварыць па-свойму, а недахоп адукацыі не дазваляў карыстацца рускай літаратурнай мовай. У выніку ў іх маўленні захаваліся беларуская фанетыка і граматыка, а лексіка была змяшанай. Аднак! Працэнт “рускага” і “беларускага” кампанентаў “трасянкі” істотна змяняецца ў залежнасці ад канкрэтай камунікатыўнай сітуацыі. Таму 43,5 працэнта — гэта як сярэдняя тэмпература па бальніцы.

/i/content/pi/cult/733/15930/pages-6-7-S.jpgПа-другое. Не існуе методыкі, якая б дазволіла размежаваць “трасянку” і беларуска-рускія, беларуска-літоўскія, беларуска-польскія, беларуска-латышскія, беларуска-ўкраінскія пераходныя гаворкі, на якіх традыцыйна гавораць па абодва бакі дзяржаўнай мяжы.

І апошні важны момант. Мне складана ўявіць беларуса, які на пытанне “На якой мове вы гаворыце?” так і адкажа: “На трасянцы”. Можа сказаць, што “на сваёй”, “па-свойму”, “на мясцовай”, “на тутэйшай”, але каб “на трасянцы” — ніколі. А такой “сваёй” часта з’яўляецца не “трасянка”, а родная гаворка, якой спакон веку карысталіся ў яго мясцовасці. Таму паўстае праблема інтэрпрэтацыі. Ну а калі ўлічыць, што аснова ў нашай “трасянкі” — усё ж беларуская, то ў маёй інтэрпрэтацыі ўсе гэтыя 43,5 працэнта — носьбіты і карыстальнікі найперш беларускай мовы.

— Пра трэнд на пачатку размовы я спытаў нездарма. У сферы культуры падобных трэндаў — безліч: гэта і выданне невялікіх слоўнікаў бібліятэкарамі, і справаводства на беларускай мове (праўда, ад яго чамусьці нядаўна адмовіліся на Брэстчыне), і стварэнне “Мапы дыялектаў” ды многае іншае. Ці ёсць падобныя ініцыятывы сярод школьных настаўнікаў? Можа, ім аб’яднаць намаганні з бібліятэкарамі? Скажам, збіраць матэрыялы для тых жа дыялектных слоўнікаў маглі б і вучні сельскай школы пад наглядам дасведчанага педагога і бібліятэкара...

— Грамадская ініцыятыва цікавая і карысная амаль ва ўсіх выпадках, бо само грамадства заўсёды лепш адчувае свае патрэбы. Аднак ёсць выключэнні. На мой погляд, навука — адно з такіх выключэнняў. Практыка, калі слоўнікавыя матэрыялы збіралі праз сетку мясцовых карэспандэнтаў, была калісьці ў 1920-я гады. І для свайго часу яе можна лічыць апраўданай, таму што за кароткі тэрмін патрэбна было падняць велізарны пласт краязнаўча-лінгвістычных скарбаў. Цяпер, калі мы ўжо маем сотні слоўнікаў, варта больш сканцэнтравацца на іх якасці, таму што ва ўмовах актыўнага развіцця камунікацыйных тэхналогій колькасныя паказчыкі з’яўляюцца адноснымі.

— Газета “Культура” яшчэ ў 2009 годзе перайшла на напісанне назваў гарадоў Мёры, Лёзна, так, як і патрабавалася згодна з нарматыўным даведнікам “Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь”. Разам з тым, шэраг СМІ, як рэгіянальных, так і рэспубліканскіх, дасюль карыстаюцца формамі Ліёзна, Міёры, спасылаючыся ці на традыцыю, ці на непрыгожае гучанне “новых” слоў. Магу прывесці яшчэ сотні выпадкаў варыянтных напісанняў. Што ў такіх выпадках вы б параілі рабіць тым, хто актыўна карыстаецца беларускай мовай: работнікам сферы культуры, артыстам, педагогам, выкладчыкам? Трымацца нарматыўнасці або ўвогуле не зважаць на гэтую праблему?

— Для яе вырашэння мала выдання слоўнікаў, нават нарматыўных. Безумоўна, даведнік “Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь” мае вельмі важнае значэнне для ўнармавання тапонімаў. Аднак тут пытанне не толькі ў правільным лінгвістычным рашэнні, а яшчэ і ў самапавазе. У беларусаў вельмі глыбока сядзіць няёмкасць за ўсё сваё і сімпатыя да чужога — рускага, польскага, нямецкага — не істотна. Таму ў свой час спрадвечныя назвы накшталт Пляшкі , Казадоі, Худзяні, Парасятнікі, Швалі актыўна замяняліся безаблічнымі, але “ідэалагічна выверанымі” ўльянаўкамі, ільічоўкамі, акцябрамі, рассветамі, першамайскімі і новымі жыццямі.

Тая ж самая праблема і з назвай нашай краіны. Не сакрэт, што многія салідныя інфармацыйныя агенцтвы, найперш расійскія, да гэтага часу карыстаюцца неіснуючымі назвамі накшталт Беларусія, Малдавія, Туркменія. На справе такая некарэктнасць сведчыць не столькі пра непавагу да названых краін і іх народаў, колькі пра закасцянеласць мыслення. І лічыць, што гэта “ўжыванне па традыцыі” таксама не варта. Традыцыя — гэта тое, што звязана з вытокамі. Калі назвы Мёры і Лёзна выкарыстоўвалася з сярэдзіны XVI стагоддзя, то гэта і ёсць традыцыя.

Адносна сучаснасці... Канешне, у афіцыйных сферах я раіў бы карыстацца выключна нарматыўнымі варыянтамі тапонімаў — тымі, якія ёсць у названым даведніку. Бо менавіта ад журналістаў, настаўнікаў, грамадскіх дзеячаў залежыць іх папулярызацыя.

— А ўвогуле, ці не варта было б стварыць у Беларусі які-небудзь дзяржаўны орган ці камісію, члены якой назіралі б за тым, каб у рэкламе, у назвах вуліц, у надпісах на спажывецкіх таварах была выкарыстана нарматыўная беларуская мова, без памылак і парушэнняў?

— Такая ідэя ў апошнія гады неаднаразова абмяркоўвалася грамадскасцю. Асноўны аргумент, чаму такі орган патрэбны, — нібыта дзякуючы яму можа павысіцца культура беларускага маўлення. Але асабіста я не вельмі падтрымліваю гэтую ідэю. Сёння вытворцы, арганізатары імпрэз, прадпрымальнікі дастаткова актыўна выкарыстоўваюць беларускую мову, паколькі гэта эфектыўны спосаб прыцягнуць увагу. І калі нехта з вытворцаў, напрыклад, сыру напісаў, што ён называецца “Слівачным”, а не “Вяршковым”, то гэта ўсё роўна крок насустрач беларускасці. Няхай сабе і не надта ўпэўнены. Сёння каб выправіць такія неістотныя памылкі, дастаткова рэакцыі грамадства, скажам, у сацыяльных сетках. А стварэнне новых дзяржаўных органаў прывядзе да малавыніковай рэгламентацыі. І ў такіх умовах вытворцы пойдуць прасцейшым шляхам — будуць пісаць па-руску.

З назвамі вуліц сітуацыя іншая. Любая шыльда афіцыйнага характару — гэта аўтарытэт мясцовай улады. І памылкі будуць сведчыць пра неахайнасць у іх працы. Таму практыка афіцыйнага зацвярджэння надпісаў на ўказальніках і шыльдах з назвамі вуліц карысная. Падаецца, існуючая Рэспубліканская тапанімічная камісія пры НАН Беларусі вельмі добра магла б справіцца з гэтай задачай.

— Як вы лічыце, ці трэба ўводзіць даплаты работнікам сферы культуры і настаўнікам, якія выкарыстоўваюць беларускую мову пры навучанні народным рамёствам, правядзенні музейных экскурсій або пры выкладанні матэматыкі, хіміі, фізікі, прыродазнаўчых і іншых дысцыплін? Наколькі апраўданая падобная тактыка і ці прынясе яна, на вашу думку, станоўчы вынік?

— Падобны вопыт у нашага грамадства ёсць. І не магу сказаць, што ён адназначна станоўчы. Мова павінна аб’ядноўваць людзей. А фінансавы фактар — не лепшы аб’яднальнік. Знойдуцца настаўнікі, у якіх па-беларуску будзе толькі “добры дзень” і “да пабачэння”. Калі беларускасць пачне асацыіравацца з прагнасцю — што ў гэтым добрага?.. Такім чынам мы паставім людзей у розныя ўмовы. На мой погляд, актывізаваць выкарыстанне беларускай мовы зможа толькі ўнутраная матывацыя — людзі павінны зразумець, што без ведання роднай мовы (як і некалькіх замежных) нельга будзе атрымаць прэстыжную адукацыю, зрабіць паспяховую кар’еру, плённа
займацца бізнесам і гэтак далей.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"