Майстэрня ў бібліятэцы

№ 31 (849) 02.08.2008 - 08.08.2008 г

2008 год — юбілейны для віцебскай жывапіснай школы: 110 гадоў таму ў горадзе адкрылася першая школа-майстэрня Ю.Пэна. З гэтай нагоды ў зале выяўленчых і відэадакументаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася выстаўка “Майстру абавязкова патрэбна быць педагогам”, прысвечаная творчасці мастакоў, якія працавалі ў тым асяродку напрыканцы XIX — пачатку XX стст.

У экспазіцыі прадстаўлены шматлікія кнігі, дакументы і рэпрадукцыі карцін, якія характарызуюць дзейнасць школы, яе педагогаў і вучняў, іх асобныя дасягненні. Вялікая ўвага аддаецца біяграфіі Пэна і яго ўкладу ў мастацтва.
Самы стары экспанат выстаўкі датуецца 1916 годам — гэта брашура, што дае інфармацыю да роздуму пра жывапіс маладых творцаў. Можна паглядзець таксама на фотаздымкі майстэрні і Віцебска.
Імя Пэна стала вызначальным для адоранай моладзі горада, бо менавіта гэты чалавек, вучань маляра, быў для многіх першым настаўнікам па выяўленчым мастацтве. Пасля яны — сусветна вядомы жывапісец Марк Шагал, скульптар Заір Азгур, мастак Лазар Лісіцкі ды многія іншыя — гаварылі, што Пэн адкрыў ім дарогу ў жыццё і творчасць. Яны навучыліся тут свабоднаму палёту фантазіі, задумваліся над формай, фарміравалі падмурак своеасаблівай мастацкай школы, якую цяпер ведаюць далёка за мяжой.
Пазнаёміцца з экспазіцыяй пра віцебскі творчы асяродак канца ХІХ — пачатку ХХ стст. можна будзе да 24 жніўня.

Алена САБАЛЕЎСКАЯ