“Кіно здымаюць тут. Кіно жыве тут”

№ 8 (1395) 23.02.2019 - 02.03.2019 г

— Гэтыя словы, якія з’явіліся ў промароліку “Беларусьфільма”, пакрысе становяцца слоганам Нацыянальнай кінастудыі. Яна мэтанакіравана ідзе да ператварэння ў кінакластар, што аб’ядноўвае розных прадстаўнікоў кінаіндустрыі, — такімі словамі распачаў сваё выступленне генеральны дырэктар установы Уладзімір КАРАЧЭЎСКІ.

/i/content/pi/cult/733/15925/6.JPG— У 2018 годзе дзейнасць кінастудыі была скіравана на забеспячэнне эфектыўнай работы, на паляпшэнне яе іміджу. Асноўныя пастаўленыя перад намі паказчыкі перавыкананы, у тым ліку па бізнес-плане. Пакуль мы не змаглі дасягнуць жаданага ў лічбах у разліковых квітках, аднак у лютым павялічылі зарплату нашым супрацоўнікам на 15 працэнтаў. Нягледзячы на фінансава-эканамічную сітуацыю, якая склалася на “Беларусьфільме” яшчэ да майго прыходу, рэальныя страты за апошні год паменшыліся ў некалькі разоў, выплачваюцца і крэдыты, якія раней брала студыя на здымкі фільмаў. Значна павялічылася выручка ад усіх без выключэння відаў дзейнасці. Змяняецца стратэгія рэалізацыі маёмасных праў на фільмы. Асноўным прыярытэтам становіцца пашырэнне сеткі дыстрыб’ютараў, дзеля чаго засвойваюцца новыя рынкі.

У 2018 годзе пры дзяржаўнай падтрымцы “Беларусьфільмам” знята 23 стужкі. Маладыя рэжысёры кінастудыі стварылі альманах “Вайна. Застацца чалавекам”. Яго прэм’ера адбудзецца напярэдадні сёлетняга святкавання Дня Перамогі. Акрамя таго, пры дапамозе пазабюджэтных сродкаў падрыхтаваны два фільмы неігравой формы. У сумеснай нямецка-беларуска-расійскай вытворчасці зроблена ігравая карціна “Урокі пярсідскага”. Яе ўжо прэзентавалі на берлінскім кінарынку, дзе правы на пракат стужкі набылі такія краіны, як Італія, Іспанія, Ізраіль, ПАР і іншыя. Вядзецца гутарка пра паказ фільма на Венецыянскім ці Канскім кінафестывалях. Ідуць перамовы аб стварэнні сумеснага прадукту з Кітаем, Польшчай, Украінай, Казахстанам.

Набірае папулярнасць такі новы кірунак, як кінатурызм. У нас падпісана дамова з Дэпартаментам па турызме пра ўключэнне кінастудыі ў маршруты тураператараў. Таксама мы засвоілі такое ноў-хаў, як відэабуклет — яшчэ адну форму прасоўвання ўласнай прадукцыі. Летась быў уведзены ў эксплуатацыю інтэрнат кінастудыі. У сакавіку пачне працаваць наша гасцініца.

Запушчаны новы сайт Нацыянальнай кінастудыі. Ён працуе на чатырох мовах (беларуская, руская, англійская, кітайская). На ім можна будзе адсочваць, у тым ліку, падзеі і мерапрыемствы акцыі “Беларускаму кіно — 95”, якая стартавала яшчэ ў леташнім верасні і працягнецца да канца года. Мы спадзяемся, што ў рамках буйных фестываляў накшталт “Славянскага базару ў Віцебску” будуць актыўна прадстаўлены айчынныя фільмы.

Нягледзячы на станоўчыя тэндэнцыі, што намеціліся ў дзейнасці кінастудыі, установа мае і шэраг праблем. Сярод іх — недахоп кадраў (як творчых, так і кіраўнічых), кінатэхналагічнага абсталявання, неадпаведнасць стану кінабібліятэкі сучасным патрабаванням.

Прашу паважаныя аблвыканкамы, гарвыканкамы, кінавідэапракат больш актыўна ўключыцца ў правядзенне маштабнай акцыі “Беларускаму кіно — 95”, аказаць садзейнічанне ў такой важнай і патрэбнай дзяржаве справе. І звяртаюся па дапамогу да прадстаўнікоў Міністэрства замежных спраў у прасоўванні магчымасцяў кінастудыі і айчыннага кіно ў замежжы.

“Беларусьфільм” сапраўды атрымлівае новае дыханне. Нацыянальная кінастудыя сумесна з Міністэрствам культуры вядзе работу па распрацоўцы эфектыўнай мадэлі нашай установы, а таксама стварэння новых умоў для кінаіндустрыі ў цэлым.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"