Падмурак нацыянальнага адзінства

№ 8 (1395) 23.02.2019 - 02.03.2019 г

З выступлення міністра культуры Рэспублікі Беларусь Юрыя Бондара на пасяджэнні выніковай калегіі Міністэрства культуры
18 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы краіны прайшло пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, на якім абагульняліся вынікі прамінулага года і ставіліся задачы на цяперашні.

/i/content/pi/cult/733/15922/1.jpgУ сваім дакладзе міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар, зазначыў, што беларуская культура — неад’емны складнік дзяржаўнага суверэнітэту. Яна дапамагае нам адчуваць сябе адзіным, унікальным і самабытным народам. У сучасным свеце гісторыя і культура з’яўляюцца падмуркам патрыятызму, сродкам умацавання незалежнасці, яднання нацыі, асноваўтваральным элементам дзяржаўнасці.

Па словах міністра, комплекснае вырашэнне задач у сферы культуры павінна быць скіравана на далейшае развіццё і ўмацаванне згуртаванай, культурнай і здаровай нацыі. Гэта залог дабрабыту краіны як сёння, так і ў будучыні.

Сацыяльна эканамічнае развіццё

Па словах кіраўніка галіны, аб’ём бюджэтных сродкаў на ўтрыманне і развіццё сферы культуры склаў летась 483,3 мільёны рублёў, або 0,41 працэнты ад ВУП (у 2017 годзе — 0,39 працэнты). Выдаткі на культуру за кошт бюджэтнага фінансавання на аднаго жыхара склалі дзве базавыя велічыні — пры ўстаноўленым нарматыве 1,3 базавай велічыні.

У 2018 годзе ад пазабюджэтнай дзейнасці арганізацыямі культуры атрымана 161,2 мільёнаў рублёў, што на 9,2 працэнты больш, чым у 2017 годзе. Самы вялікі рост даходаў адзначаны ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях — адпаведна на 19 і 17 працэнтаў.

/i/content/pi/cult/733/15922/2.JPGЗа мінулы год прыцягнута 6,8 мільёнаў рублёў спонсарскай дапамогі, што на шэсць працэнтаў больш, чым пазалетась. За 2018 год прагназуецца аб’ём экспарту паслуг у суме 6,2 мільёнаў долараў ЗША і ростам больш, чым на 35 працэнтаў, сальда па знешнім гандлі паслугамі — каля 4,8 мільёнаў долараў.

Сярэднямесячная заработная плата работнікаў культуры за студзень-снежань 2018 года дасягнула 570 рублёў. Рост за год склаў 116,3 працэнта (2017 — 490 рублёў). У той самы час, Юрый Бондар падкрэсліў, што ўзровень заработнай платы работнікаў культуры застаецца нізкім — усяго 60 працэнтаў ад агульнага паказчыка па рэспубліцы. Міністр агучыў мэту — дасягнуць узроўню не ніжэй за 80 працэнтаў. На жаль, вырашыць гэтую задачу толькі за кошт росту пазабюджэтных даходаў практычна немагчыма.

— Мы не маем маральнага права спадзявацца толькі на дзяржбюджэт, — зазначыў Юрый Бондар. — Сацыяльнасць сферы мае на ўвазе і яе сацыяльную адказнасць: неабходна зарабляць сродкі сваім розумам і талентамі, як гэта робіць свет. Разам з тым, мы не павінны кідацца і ў іншую крайнасць, зводзячы культуру да ўзроўню бізнесу.

Па словах міністра, пакуль што пазабюджэтныя крыніцы фінансавання задзейнічаны слаба. Палепшыць сітуацыю магло б стварэнне падатковых ільгот для прыватных прадпрыемстваў, якія наўпрост падтрымліваюць культуру.

Сур’ёзнай праблемай, лічыць міністр, з’яўляецца таксама нізкі ўзровень навыкаў праект-менеджменту ў кіраўнікоў устаноў культуры. Рашэннем гэтай праблемы магло б стаць стварэнне кластара, арыентаванага на пошук знешніх інвестыцый.

На думку Юрыя Бондара, высокія цэны на білеты ў музеі і тэатры і сацыяльна значныя кнігі не павінны станавіцца спробай выправіць фінансавую сітуацыю ў сферы культуры. Натуральна, нельга забараніць дзяржаўным арганізацыям зарабляць. Аднак можна наладзіць маркетынгавае суправаджэнне: ладзіць акцыі, распродажы квіткоў, больш актыўна ўкараняць партнёрства ўстаноў культуры з недзяржаўнымі арганізацыямі.

/i/content/pi/cult/733/15922/3.JPGМіністр культуры перакананы, што для кіраўнікоў усіх узроўняў асноўнымі задачамі на гэты год павінны стаць: забеспячэнне росту пазабюджэтных (уласных) сродкаў; павелічэнне аб’ёму экспарту паслуг; забеспячэнне росту заработнай платы ў кожнай арганізацыі культуры за кошт нарошчвання даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці; актывізацыя работы па прыцягненні спонсарскай дапамогі.

Прафесійнае мастацтва

У 2018 годзе ўзрасла колькасць дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў, але адначасова і павысіўся ўзровень патрабаванняў да іх правядзення. Міністр распавёў, што было арганізавана больш за 70 такіх падзей (пяць — шэсць у месяц). У цэлым усе яны прайшлі на годным творчым узроўні і заслужылі высокую ацэнку кіраўніцтва краіны і шырокай публікі.

Разам з тым, наспела неабходнасць мадэрнізацыі падыходаў, карэкціроўкі творчых канцэпцый такіх акцый. Па перакананні Юрыя Бондара, патрабуецца, далейшае абнаўленне і амаладжэнне складу рэжысёрска-пастановачных груп, больш шырокае выкарыстанне сучасных тэхнічных сродкаў. Над вырашэннем гэтых праблем працуе зноў створанае ў сістэме Міністэрства культуры галоўнае ўпраўленне дзяржаўных спецыяльных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва. Асноўная ўвага будзе нададзена падрыхтоўцы маштабных мерапрыемстваў міжнароднага ўзроўню: цырымоніі адкрыцця і закрыцця II Еўрапейскіх гульняў ды святкаванне 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Як зазначыў міністр, мы павінны падумаць і аб стварэнні цэнтра, які аб’яднаў бы ўсе функцыі аналітыкі і крэатыву ў сферы культуры, стаў бы “фабрыкай нестандартнай думкі”.

Тэатры

Развіццё беларускага тэатральнага мастацтва ў 2018 годзе характарызавалася дзвюма важнымі тэндэнцыямі. Першая: удалося пераадолець “крызіс даверу” гледача да тэатра. У параўнанні з пазамінулым годам колькасць прэзентаваных спектакляў у 2018 годзе вырасла больш чым на 300, а колькасць гледачоў — больш чым на 66 тысяч. Юрый Бондар перакананы: за гэтым стаяць якасныя змены ў развіцці айчыннага тэатра, які ўсё больш актыўна бярэ на сябе грамадзянска-выхаваўчыя функцыі. Невыпадкова ў лідарах глядацкіх пераваг апынуліся Купалаўскі тэатр і Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, якія не баяцца адысці ад “забаўляльнага жанру” і звярнуцца да нашай гісторыі, культуры, да надзённых грамадскіх праблем. На тэатральных падмостках з’явіліся такія вострасацыяльныя сатырычныя спектаклі, як “Рэвізор” Мікалая Пінігіна або “Мудрамер” Аляксандра Гарцуева, якія імгненна знайшлі водгук у публікі.

/i/content/pi/cult/733/15922/4.JPGДругая важная тэндэнцыя — з’яўленне “новай хвалі” беларускіх рэжысёраў. Іх пераканаўчае лідарства ў фінале пятай Нацыянальнай тэатральнай прэміі стала сведчаннем таго, што беларускі тэатр паступова выходзіць з таго застойнага стану, за які яго не раз папракалі крытыкі. Міністр культуры перакананы, што варта пашырыць падтрымку тэатральнай моладзі. Конкурс рэжысёрскіх эксплікацый, дзякуючы якому пабачылі свет спектаклі “Радзіва “Прудок” Рамана Падалякі, “Музыка вуліц” Карыны Рыбак і “Ураджай” Дзмітрыя Цішко, стане традыцыйным, прычым мяркуецца, што паўдзельнічаць у ім змогуць тэатры ўсіх формаў уласнасці.

Плануецца рэфармаваць Нацыянальную тэатральную прэмію. Яе галоўная задача — улоўліваць і развіваць лепшыя, прагрэсіўныя тэндэнцыі, адкрываць новыя імёны, вызначаць арыенціры развіцця тэатра на перспектыву.

Сур’ёзныя змены чакаюць у 2019 годзе Вялікі тэатр Беларусі. Паводле канцэпцыі развіцця ўстановы, прапанаванай яе мастацкім кіраўніком Валянцінам Елізар’евым, стаўка будзе рабіцца на моладзь, на нацыянальны рэпертуар і беларускія кадры.

Праблема рэпертуарнага планавання з’яўляецца актуальнай для многіх рэспубліканскіх і рэгіянальных тэатраў Беларусі. У кастрычніку — лістападзе мінулага года быў праведзены аналіз эфектыўнасці работы тэатральна-відовішчных арганізацый рэспублікі, які выявіў адсутнасць у асобных тэатрах выразнага перспектыўнага рэпертуарнага планавання. У выніку новыя пастаноўкі маюць невысокую наведвальнасць і акупнасць. Як запэўніў Юрый Бондар, для выпраўлення дадзенай сітуацыі будзе працягнута практыка вочнай абароны планаў тэатраў іх кіраўнікамі.

Істотнай праблемай з’яўляецца і адсутнасць альбо недастатковы аб’ём субсідый, якія выдзяляюцца аблвыканкамамі тэатрам камунальнай формы ўласнасці на новыя пастаноўкі і правядзенне гастроляў.

Канцэртная дзейнасць

Стабільныя вынікі дзейнасці дэманстравалі Нацыянальны акадэмічны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”, Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца Беларусі.

Як адзначана ў дакладзе, адной з істотных праблем, якія замінаюць развіццю канцэртнай дзейнасці, з’яўляецца недастаткова актыўнае далучэнне да яе таленавітай моладзі, асабліва ў галіне эстраднага мастацтва. Адбіваецца адсутнасць сістэмнай работы, якая б не толькі забяспечвала выяўленне і прафесійную падрыхтоўку маладога выканаўцы, але і стымулявала яго замацаванне ў Беларусі.

Міністр культуры распавёў, што плануецца перабудаваць работу Маладзёжнага тэатра эстрады, зрабіць у ім прадзюсарскі цэнтр для работы з маладымі выканаўцамі, падрыхтоўкі самых перспектыўных з іх да ўдзелу ў нацыянальных і міжнародных конкурсах. Пастаўлена задача ўключыць у план гастрольна-канцэртнай дзейнасці тэатральна-відовішчных арганізацый у рэгіёнах канцэрты маладых беларускіх артыстаў з абавязковым аказаннем ім рэкламна-інфармацыйнай падтрымкі.

Выяўленчае і манументальнае мастацтва

Мінулы год выявіў тут шэраг сур’ёзных праблем. Неаднаразова былі выпадкі, калі мясцовыя ўлады звярталіся ў Міністэрства культуры з просьбай узгадніць стварэнне манументальнай скульптуры ўжо пасля таго, як яна была ўсталяваная. Не праводзяцца конкурсы (альбо праводзяцца фармальна) на выбар лепшага эскізнага праекта твора манументальнага мастацтва, што прыводзіць да з’яўлення на вуліцах гарадоў твораў нізкага мастацкага ўзроўню і выклікае справядлівае абурэнне ў мастацкім асяроддзі. Юрый Бондар зазначыў, што міністэрства мае намер весці рашучую барацьбу з падобнымі фактамі парушэння заканадаўства.

Як падкрэсліў міністр культуры, гэты год павінен стаць і часам актыўнай падрыхтоўкі да святкавання ў 2020 годзе 100-годдзя мастацкага аб’яднання УНОВИС.

Кінематаграфія

Як зазначыў міністр, па выніках леташняй працы ў разы перавыкананы ключавыя паказчыкі: павялічылася выручка ў адносінах да 2017 года ад усіх без выключэння відаў дзейнасці (пры гэтым ад рэалізацыі маёмасных правоў паказу фільмаў выручка павялічылася ў 2,8 разы).

Разам з тым, кінастудыі па-ранейшаму не хапае абаротных сродкаў. Адчуваецца “дэфіцыт” высокамастацкіх сцэнарыяў актуальнага сацыяльнага зместу. Не ўдалося спыніць працэс зніжэння наведвальнасці кінасеансаў. Як падкрэсліў Юрый Бондар, цяпер стаіць задача ператварыць кінатэатры ў прэстыжныя элітарныя цэнтры кінамастацтва.

Адукацыя і навука

Установы адукацыі ў мінулым годзе паспяхова правялі прыёмную кампанію, установы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі забяспечылі 100-працэнтнае размеркаванне сваіх выпускнікоў. Але толькі за верасень — снежань 2018 года кантынгент навучэнцаў ВНУ знізіўся на 130 чалавек. Асноўная прычына сыходу — уласнае жаданне студэнтаў. У працэнтных адносінах гэта нібыта няшмат, але, як падкрэсліў Юрый Бондар, усё адно варта задумацца над удасканальваннем прафарыентацыйнай і вучэбна-метадычнай работы.

У 2018 годзе чатырма навуковымі арганізацыямі, падпарадкаванымі Міністэрству культуры, завершана шэсць навукова-даследчых работ, скіраваных на вырашэнне актуальных праблем развіцця, адбылося шэсць навуковых канферэнцый, у якіх прынялі ўдзел дакладчыкі з Беларусі, а таксама блізкага і далёкага замежжа. Цалкам выкананы кантрольныя лічбы прыёму ў аспірантуру і дактарантуру за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

Клубная дзейнасць

У цэлым па рэспубліцы працэнт скарачэння колькасці клубаў у 2018 годзе нельга назваць катастрафічным (-1,6). Па словах міністра, сёння гэтая тэндэнцыя не носіць масавы характар і, як правіла, з’яўляецца ўзважаным рашэннем мясцовых уладаў у адказ на аб’ектыўную дэмаграфічную ці іншую сітуацыю ў пэўным населеным пункце.

Міністр упэўнены, што закрыццё клубных устаноў у аграгарадках — недапушчальнае. Між тым, у 89 аграгарадках яны адсутнічаюць. Выйсце — стварэнні ўстаноў змяшанага тыпу (напрыклад, клуб-бібліятэка). Відавочна і тое, што для сельскага насельніцтва, якое пражывае ў маланаселеных і аддаленых вёсках, паралельна неабходна развіваць сетку нестацыянарнага абслугоўвання. На канец 2018 года ў краіне было 106 аўтаклубаў, за год іх колькасць павялічылася толькі на чатыры адзінкі. Найбольшы недахоп адчуваецца ў Гродзенскай вобласці, дзе аўтаклубаў не маюць шэсць раёнаў, у Мінскай і Віцебскай абласцях такіх раёнаў па тры, у Гомельскай — два.

У 2018 годзе клубнымі ўстановамі было праведзена больш за 500 тысяч разнапланавых мерапрыемстваў, у тым ліку для сельскага насельніцтва — больш за 400 тысяч. Дадзены паказчык застаўся на ўзроўні 2016 — 2017 гадоў, аднак практычна паўсюдна было дапушчана скарачэнне платных паслуг клубных арганізацый. Так, на платнай аснове імі было праведзена на 1,2 працэнты менш мерапрыемстваў, чым у 2017 годзе. Адпаведна, на 7 працэнтаў зменшылася колькасць наведванняў платных мерапрыемстваў.

Бібліятэчная справа

У 2018 годзе ў падпарадкаванні Міністэрства культуры функцыянавала больш за 2,5 тысячы бібліятэк. Агульная колькасць іх наведванняў за тры гады рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” павялічылася на 19 працэнтаў пры планавым заданні ў 12 працэнтаў.

Камп’ютарны парк публічных бібліятэк вырас на 2,5 працэнты. Сёння цалкам камп’ютарызаваны бібліятэкі Мінска і Гродзенскай вобласці, практычна наблізіліся да гэтага і бібліятэкі Магілёўскай і Мінскай абласцей. Недастаткова забяспечаны камп’ютарным абсталяваннем сельскія бібліятэкі Гомельскай і Віцебскай абласцей.

Па-ранейшаму актуальнае пытанне перавышэння нарматыўных тэрмінаў эксплуатацыі камп’ютарнага абсталявання бібліятэк. Як канстатаваў Юрый Бондар, сёння патрабуе мадэрнізацыі 77,6 працэнты бібліятэчнага камп’ютарнага парку. Вырашэнню гэтай праблемы павінна спрыяць няўхільнае выкананне планаў-графікаў мадэрнізацыі, распрацаваных мясцовымі органамі ўлады на трохгадовы перыяд у адпаведнасці з рашэннем мінулагодняй выніковай калегіі Міністэрства культуры.

Усталяваны Кіраўніком дзяржавы фінансавы нарматыў па вылучэнні на камплектаванне фондаў публічных бібліятэк не менш за 12 працэнтаў ад сумы, прадугледжанай на іх утрыманне, у 2018 годзе быў выкананы ўсімі абласцямі і Мінскам — па рэспубліцы сярэдні паказчык склаў 13 працэнтаў. У той жа час, казаць аб безумоўным выкананні гэтага даручэння нельга, бо 12 раёнаў краіны яго не дасягнулі.

Музейная справа

Па выніках года асноўныя мэтавыя паказчыкі дзейнасці музеяў, прадугледжаныя Дзяржаўнай праграмай “Культура Беларусі”, выкананы. Музейны фонд Рэспублікі Беларусь павялічыўся на 4,9 працэнты пры заданні Дзяржпраграмы 3 працэнты і склаў больш за 3 мільёны прадметаў.

Колькасць наведванняў музеяў у 2018 годзе склала больш за 6,5 мільёнаў, што таксама перавысіла планавы паказчык. Найбольшая колькасць наведванняў музеяў было зафіксавана ў Брэсцкай, Гомельскай і Гродзенскай абласцях.

Адначасова вырасла наведвальнасць рэспубліканскіх музеяў (на 5,4 працэнты). Лідарамі ўжо не першы год з’яўляюцца: Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (20,4 працэнты ад наведванняў рэспубліканскіх музеяў), Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” (18, 7), Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” (15).

Пачалася работа над найбуйнейшым экспазіцыйным праектам у гісторыі музейнай справы краіны: распрацоўваецца архітэктурна-мастацкае рашэнне новай пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

Нацыянальныя культуры і міжнароднае супрацоўніцтва

Для падтрымкі 21 нацыянальна-культурнага грамадскага аб’яднання, якія дзейнічаюць пры Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур, у 2018 годзе было арганізавана больш за 370 мерапрыемстваў. Яркай культурнай падзеяй стаў ХІІ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. У склад удзельнікаў яго заключных мерапрыемстваў у Гродна ўвайшлі больш за 800 прадстаўнікоў 35 нацыянальнасцяў, якія пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Аднак, як зазначыў міністр, патэнцыял узаемавыгаднага супрацоўніцтва з беларусамі замежжа пакуль не быў выкарыстаны ў поўным аб’ёме. Таму на гэты год і бліжэйшую перспектыву распрацаваны план па актывізацыі работы Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур з суайчыннікамі за мяжой.

Летась Дні беларускай культуры і кіно з поспехам прайшлі ў Кітаі, Туркменістане, Узбекістане, Таджыкістане, Кіргізіі, Пермскім краі Расійскай Федэрацыі. У Рэспубліцы Беларусь адбыліся мерапрыемствы Дзён культуры Татарстана, В’етнама, Украіны, Грузіі, Расіі, Казахстана.

Інтэнсіўна фарміруецца дагаворная база міжнароднага культурнага супрацоўніцтва, што дазваляе наладжваць прамы дыялог з замежнымі калегамі. У мінулым годзе былі падпісаны сем міжнародных дагавораў аб культурным супрацоўніцтве. Цяпер дзейнічае 71 такі дакумент.

Геаграфія супрацоўніцтва пашыраецца. Так, у 2018 годзе ўпершыню быў падпісаны Мемарандум аб супрацоўніцтве з Султанатам Аман, у Нацыянальным музеі якога з поспехам дэманстравалася выстава “Беларусь на скрыжаванні цывілізацый”.

Паспяховым быў удзел прадстаўнікоў сферы кінематографа Рэспублікі Беларусь у мерапрыемствах “Кінафэсту краін-удзельніц Шанхайскай Арганізацыі супрацоўніцтва”.

СМІ

Міністр культуры Юрый Бондар зазначыў таксама, што найбольш важныя культурныя падзеі адлюстраваны ў ведамаснай газеце “Культура” і часопісе “Мастацтва”.

— Выклікае трывогу тая акалічнасць, — адзначыў кіраўнік галіны, — што падпісныя тыражы на гэтыя выданні год ад года зніжаюцца. І тут мы вельмі разлічваем на падтрымку гэтых унікальных беларускамоўных выданняў з боку аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама.

Занатаваў Яўген РАГІН

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"