“Срэбная нітка” Святланы Ветравай

№ 7 (1394) 16.02.2019 - 23.02.2019 г

Мінская мастачка Святлана Ветрава 7 лютага прэзентавала ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча свой праект “Кола года”. Уключае ён не толькі выставу гэтай разнапланавай аўтаркі, але і цэлы шэраг тэматычных імпрэзаў.

/i/content/pi/cult/732/15916/16.JPG— Гэта не толькі мой праект, — каментуе мастачка. — У ім удзельнічаюць і мае сябры, якім таксама неабыякавыя звычаі нашых продкаў. Што ж тычыцца тэмы, якая бачыцца ў першую чаргу этнаграфічнай, дык тут варта сказаць пра саму этнаграфію як з’яву. Мне падаецца, што этнаграфія — гэта не столькі пошук і нават аднаўленне старых звычаяў. Гэта і адсочванне зменаў традыцый. І таму ў назве праекта — менавіта кола, якое, не спыняючыся, круціцца і сімвалізуе рух.

Змена пор году — з’ява натуральная, і ад нас яна не залежыць. Аднак мастачка перакананая, што менавіта ад нас залежыць, як гэтую змену асэнсоўваць. Уласна, гэтаму і прысвечаны праект.

— Мы кожны сезон прадстаўляем па-свойму, адпаведна з ягоным побытавым і нават сакральным зместам. Таму і запланавалі чатыры “сезонныя” сустрэчы, — распавядае яна.

На адкрыцці “Кола года” выступіў гурт “Збег абставiн” з Вольгай Акуліч і рэканструктары з клуба “Волат”. Вясну падчас імпрэзы з адпаведнаю назвай “Гуканне” прадставіў 13 лютага фальклорны гурт “Горынь”. Яго ўдзельнікі паказалі аўтэнтычныя спевы, якія самі сабралі падчас вандровак па беларускіх вёсках.

Лета — гэта час, у славянскай старажытнай традыцыі, прысвечаны войску, у прыватнасці, успамінам пра загінулых ваяроў. 20 лютага вядомы рэканструктар Юрый Усціновіч і яго сябры прадставяць “Пярунава войска ва славу продкаў”. Яны пакажуць, як нашы прашчуры валодалі зброяй, зладзяць дэманстрацыю тагачасных баёў.

Восень — не толькі заключны цыкл палявых работаў, але і час, калі жанчыны займаюцца ткацтвам. Таму сама мастачка 27 лютага правядзе майстар-клас для ўсіх, хто жадае навучыцца ткаць на кроснах.

— Зімовая імпрэза выпала на вясновыя дні, але, спадзяюся, нам даруюць такі анахранізм, — распавядае Святлана. — Я ўжо казала аб этнаграфіі як доследу змены традыцыяў — і таму 6 сакавіка адбудзецца “Калядны аліўе” (наўрад ці хтосьці будзе спрачацца, што прыгатаванне гэтай стравы таксама стала ў славянаў нейкай традыцыяй). Але сустрэча, вядома ж, прысвечаная не страве, хаця падчас яе эксперт у галіне беларускай кухні Алена Мікульчык распавядзе пра тое, чым сілкаваліся нашы продкі ў эпоху Напалеона. Асноўнае ж — аўтарская праграма вядомага музыкі Макса Івашына і невялічкі сюрпрыз для тых, хто верыць у калядную варажбу.

Святлана Ветрава — адна з нешматлікіх на беларускай зямлі мастачак, якія ўсур’ёз цікавяцца старадаўняй культурай нашых продкаў. Свае творы яна прысвячае, у асноўным, сакральным і эмацыйным звёнам таго непарыўнага ланцуга, які злучае эпохі. Некаторыя называюць яго “срэбнаю ніткай”, але хіба нітка здольная злучыць тысячагоддзі і не парвацца пад парывамі ветра часу?

 

Алесь ПАЛЫНСКІ