Дора па-за правакацыйнасцю

№ 7 (1394) 16.02.2019 - 23.02.2019 г

У загаловак слова “секс” выносяць дзеля таго, каб прыцягнуць да тэксту больш гледачоў. На афішу яго часцяком ставяць з той жа мэтай. Бываюць і выключэнні: прыкладам, незалежны тэатральны праект HomoCosmos спектаклем “Дора, або Сексуальныя неўрозы нашых бацькоў” прапанаваў публіцы развагі на вострую тэму. Аднак пасля таго, як заслона апусціцца, ці не вернуцца думкі гледачоў да першага варыянта?

/i/content/pi/cult/732/15913/13.jpgПачну з таго, што правакацыйная назва спектакля зрабіла сваю справу: білеты на прэм’еру былі размецены публікай за некалькі тыдняў да паказу. Ахвотных трапіць у глядзельную залу было так багата, што арганізатары рызыкнулі і да пляцоўкі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі дадалі вялікую сцэну Палаца прафсаюзаў. Магчыма, на такі ажыятаж паўплывала і імя драматурга. Швейцарац Лукас Берфус прызнаны адным з самых значных сучасных нямецкамоўных пісьменнікаў. У сваіх тэкстах ён закранае далікатныя тэмы, прапаноўваючы паразважаць над вострымі пытаннямі, якія не маюць адназначнага вырашэння. Таму яго п’есы ставяць: тая ж “Дора” мае не адзін сцэнічны варыянт і нават была экранізаваная.

Не дзіва, што такі матэрыял лёг на сэрца аўтару HomoCosmos Кацярыне Саладуха. Гэта незалежны праект, кожны спектакль якога спрабуе зняць табу з нібыта нетэатральных тэм. Цела і цялеснасць, пошук сябе, імкненне адчуць таго, хто побач з табой, нават калі ён надта адрозніваецца ад людзей, якіх звычайна лічаць нармальнымі — у гэтае кола інтарэсаў праекта арыгінальны тэкст “Доры” ўпісваўся шыкоўна. Але ці атрымалася выйсці на ўзровень абагульнення і разваг у рэжысёра спектакля Віталя Дудзіна, якому была прапанаваная гэтая п’еса?

Спектакль быў яшчэ ў працэсе працы, калі па мас-медыя пракацілася хваля расповеду пра яго зараджэнне. Шмат паўтаралася пра ўнука-айцішніка, які вырашыў прафінансаваць пастаноўку дзеда, змушанага на шмат гадоў сысці з прафесіі. Малады чалавек больш не мог назіраць, як вядомы сваімі кінаработамі рэжысёр (стужкі “Развітальныя гастролі”, “Бес”, “Неверагодныя прыгоды Дзяніса Караблёва” і іншыя) не мае магчымасці займацца творчасцю. Такі рашучы крок і сапраўды варты пашаны.

На жаль, спектакль больш кранае менавіта гэтым фактам, чым ўласна творчым вынікам. На сцэне павінна была разгарнуцца трагедыя дзяўчыны з асаблівасцямі, чыя жывасць і дапытлівасць доўгі час падаўлялася моцнымі лекамі. Калі ж яна перастала піць тыя таблеткі, то не змагла са сваёй непасрэднасцю і адкрытасцю свету ўпісацца ў жорсткія правілы існавання соцыуму, праз што і загінула. Аднак замест штуршку да роздуму пра падвоеную мараль грамадства, глядач атрымаў доўгую, месцамі занудлівую меладраму.

Шматлікія паўзы, частыя зацямненні, што хутка пачалі назаляць, безаблічны музычны шэраг не дапамагалі занурэнню ў філасофскія разважанні. Аскетычную прастору акцёры, якія прыйшлі ў праект з розных сталічных тэатраў, абжыць так і не здолелі. За бляклым прамаўленнем тэксту не паўставалі вобразы, якіх ты чакала хаця б з-за гучнай назвы. Выканаўца галоўнай ролі Алена Барсукова ізноў паўстала мілавіднай дзяўчынкай-анёлам. Не раз паўторанае ёю моцнае слоўца не дадало фарбаў у амплуа, якое рэжысёры неаднаразова эксплуатавалі як у тэатры, так і ў кіно. Нават цікавая (у нечым і дзёрзкая) канструкцыя мастака-сцэнографа Андрэя Жыгура не дапамагла спектаклю выруліць хоць на якую ступень абагульненняў і разваг.

Пакуль пастаноўка больш прываблівае шыкоўнай гісторыяй вакол яго стварэння, чым творчай рэалізацыяй. Аднак, магчыма, праз спробы, гузакі, спатыканні беларускі драматычны тэатр дасягне таго, пра што апошнім часам столькі кажуць: стане дыскусійным, пошукавым і актуальным для сучаснікаў.

Фота Ганны ШАРКО

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"