Пачну з таго, што правакацыйная назва спектакля зрабіла сваю справу: білеты на прэм’еру былі размецены публікай за некалькі тыдняў да паказу. Ахвотных трапіць у глядзельную залу было так багата, што арганізатары рызыкнулі і да пляцоўкі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі дадалі вялікую сцэну Палаца прафсаюзаў. Магчыма, на такі ажыятаж паўплывала і імя драматурга. Швейцарац Лукас Берфус прызнаны адным з самых значных сучасных нямецкамоўных пісьменнікаў. У сваіх тэкстах ён закранае далікатныя тэмы, прапаноўваючы паразважаць над вострымі пытаннямі, якія не маюць адназначнага вырашэння. Таму яго п’есы ставяць: тая ж “Дора” мае не адзін сцэнічны варыянт і нават была экранізаваная.
Не дзіва, што такі матэрыял лёг на сэрца аўтару HomoCosmos Кацярыне Саладуха. Гэта незалежны праект, кожны спектакль якога спрабуе зняць табу з нібыта нетэатральных тэм. Цела і цялеснасць, пошук сябе, імкненне адчуць таго, хто побач з табой, нават калі ён надта адрозніваецца ад людзей, якіх звычайна лічаць нармальнымі — у гэтае кола інтарэсаў праекта арыгінальны тэкст “Доры” ўпісваўся шыкоўна. Але ці атрымалася выйсці на ўзровень абагульнення і разваг у рэжысёра спектакля Віталя Дудзіна, якому была прапанаваная гэтая п’еса?
Спектакль быў яшчэ ў працэсе працы, калі па мас-медыя пракацілася хваля расповеду пра яго зараджэнне. Шмат паўтаралася пра ўнука-айцішніка, які вырашыў прафінансаваць пастаноўку дзеда, змушанага на шмат гадоў сысці з прафесіі. Малады чалавек больш не мог назіраць, як вядомы сваімі кінаработамі рэжысёр (стужкі “Развітальныя гастролі”, “Бес”, “Неверагодныя прыгоды Дзяніса Караблёва” і іншыя) не мае магчымасці займацца творчасцю. Такі рашучы крок і сапраўды варты пашаны.
На жаль, спектакль больш кранае менавіта гэтым фактам, чым ўласна творчым вынікам. На сцэне павінна была разгарнуцца трагедыя дзяўчыны з асаблівасцямі, чыя жывасць і дапытлівасць доўгі час падаўлялася моцнымі лекамі. Калі ж яна перастала піць тыя таблеткі, то не змагла са сваёй непасрэднасцю і адкрытасцю свету ўпісацца ў жорсткія правілы існавання соцыуму, праз што і загінула. Аднак замест штуршку да роздуму пра падвоеную мараль грамадства, глядач атрымаў доўгую, месцамі занудлівую меладраму.
Шматлікія паўзы, частыя зацямненні, што хутка пачалі назаляць, безаблічны музычны шэраг не дапамагалі занурэнню ў філасофскія разважанні. Аскетычную прастору акцёры, якія прыйшлі ў праект з розных сталічных тэатраў, абжыць так і не здолелі. За бляклым прамаўленнем тэксту не паўставалі вобразы, якіх ты чакала хаця б з-за гучнай назвы. Выканаўца галоўнай ролі Алена Барсукова ізноў паўстала мілавіднай дзяўчынкай-анёлам. Не раз паўторанае ёю моцнае слоўца не дадало фарбаў у амплуа, якое рэжысёры неаднаразова эксплуатавалі як у тэатры, так і ў кіно. Нават цікавая (у нечым і дзёрзкая) канструкцыя мастака-сцэнографа Андрэя Жыгура не дапамагла спектаклю выруліць хоць на якую ступень абагульненняў і разваг.
Пакуль пастаноўка больш прываблівае шыкоўнай гісторыяй вакол яго стварэння, чым творчай рэалізацыяй. Аднак, магчыма, праз спробы, гузакі, спатыканні беларускі драматычны тэатр дасягне таго, пра што апошнім часам столькі кажуць: стане дыскусійным, пошукавым і актуальным для сучаснікаў.
Фота Ганны ШАРКО