Навадзел навадзелу розніца

№ 7 (1394) 16.02.2019 - 23.02.2019 г

Не так даўно Беларускі камітэт ICOMOS абвясціў конкурс з красамоўнай назвай “Спадчына ў дзеянні”. Сімптаматычна, што амаль адначасова з гэтым чарговы прыклад дзеянняў са спадчынай (або уздзеянняў на яе) стаў нагодай для фэйсбучных баталій. Гутарка пра турыстычны комплекс “Сула”, які зусім нядаўна быў “панскім маёнткам”, а цяпер з’яўляецца “паркам гісторыі”.

/i/content/pi/cult/732/15909/_opt.jpegКоратка нагадаю прэамбулу. Бізнесмен Андрэй Запольскі выкупіў лядашчы і паўзруйнаваны гаспадарчы двор колішняй сядзібы Ленскіх і давёў яго да ладу — за што, дарэчы, стаў пераможцам папярэдняга конкурсу на прыклад аховы спадчыны, зладжанага ў 2012 годзе (на жаль, у першы і апошні раз) Міністэрствам культуры.

Але гэтым амбіцыі прадпрымальніка вычарпаныя не былі. У тым месцы, дзе за панскім часам набіралі вагу крамяныя кароўкі ды пасвіліся коні, распачалося вялікае будаўніцтва. Спярша былая стайня набыла вонкавае падабенства з гатычным замкам. Потым замест гурбы цэглы, якая засталася ад млына, вырасла дзіўнай архітэктуры вежа. Урэшце, аднавіўся і сядзібны дом — для гэтай мэты ў ваколіцах быў куплены будынак ліквідаванага сельсавета, перавезены ў Сулу і аранжыраваны пад класіцызм. Вянцом усяго сталі “прыстань варагаў” і “дракар вікінгаў”.

З аднаго боку, такі імпэт не можа не цешыць. Наўрад ці ў нас знойдзеш іншы помнік спадчыны, які б настолькі жвава набываў доўгачаканае “другое жыццё”. Бо звычайна добрымі намерамі справа і абмяжоўваецца. І стоячы год шэсць таму сярод “утыркнутых у неба” калон колішняй спачывальні Ленскіх (даху над імі даўно ўжо не засталося), я, прызнацца, таксама не даваў веры абяцаннем, што ў самым хуткім часе яна адновіцца. Тым не меней, гэта ўжо здарылася.

Болей за тое — не самы, мякка кажучы, цікавы помнік даўніны, размешчаны ў не забытым хіба Богам кутку, стаў папулярным турыстычным аб’ектам, да якога народная сцяжына не зарастае. Бо ў плане маркетынгу там усё ОК.

Што да аўтэнтычнасці… Яе аднаўленне ў планы гаспадароў Сулы і не ўваходзіла: філасофія іх праекта зусім іншая. Яно і зразумела — аднаўляць банальны гаспадарчы двор, які быў тут у мінулыя часы, не надта цікава. Хочацца чагосьці больш пафаснага.

І, у адрозненне ад спецыялістаў-гісторыкаў, папракаць у нечым уласнікаў я б не наважыўся. Было б папраўдзе кашчунным сцвярджаць, нібы такі экзатычны фармат прыстасавання пайшоў помніку на шкоду. Пагатоў, колькі яшчэ ў нас падобных двароў у поўным занядбанні! Таму замест папроку можна выказаць хіба недаўменне.

Рэч у тым, што “панскія маёнткі” ў нас усё больш выразна падзяляюцца на дзве катэгорыі. Першая — гэта тыя, дзе даўно ўжо конь не валяўся (нягледзячы на формы ўласнасці). На жаль, іх лік не менее. Другая — навадзелы, як зусім фантазійныя ды збудаваныя ў чыстым полі (кшталту Каробчыцаў пад Гродна), так і проста моцна перайначаныя.

Што прыкра, абодва гэтыя працэсы ідуць нібы паралельна. Аўтэнтыка спакваля руйнуецца, навадзелы — будуюцца.

Прычынаў, чаму так адбываецца, мінімум некалькі. Тут і брак прэферэнцый, прадугледжаных для тых, хто схільны сур’ёзна працаваць над аднаўленнем той аўтэнтыкі, і чысты камерцыйны разлік прыватнікаў. І фактар выпадковасці, урэшце рэшт. Бывае, што каштоўныя аб’екты дастаюцца не самым дбайным гаспадарам — і наадварот.

Але ў кожным разе — навадзел навадзелу розніца. Можна ж і фантазійныя аб’екты рабіць на добрым навуковым базісе. Можна і не надта цікавы, здавалася б, помнік крута праінтэрпрэтаваць. З адной і той самай цэглы можна скласці нешта зусім недарэчнае, а можна — рэпліку даўно страчанай вежы. І спецыялісты тут, вядома ж, памогуць. Хаця б нават добрай парадай.

У кожным разе, гэта ўсё сведчыць пра актуальнасць конкурсу — як чарговай спробы наладзіць масткі паміж тымі, хто працуе ў нас у сферы аховы спадчыны. І робіць гэта, на жаль, паасобку.