Спявае віяланчэль

№ 7 (1394) 16.02.2019 - 23.02.2019 г

Вялікая зала Белдзяржфілармоніі запрашае прыхільнікаў класічнай музыкі на канцэрт віяланчаліста-віртуоза Івана Карызны. 5 сакавіка знакаміты музыкант, выпускнік Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Парыжскай кансерваторыі выступіць з арыгінальнай праграмай у дуэце з піяністам Барысам Кузняцовым (Германія).

/i/content/pi/cult/732/15907/7.jpgУ Беларусі Іван Карызна не выступаў ужо тры гады. Геаграфія яго гастроляў ахоплівае ўвесь свет. Беларускаму таленту апладзіруюць у краінах Еўропы і Бліжняга Усходу, а таксама ў Мексіцы, ЗША і Японіі. Графік распісаны яшчэ на тры гады наперад, але спадар Карызна не мог больш трываць без сустрэчы з роднай публікай.

Прадстаўнік сучаснай выканаўчай школы прапануе праграму, якая складаецца з санат Шуберта, Бетховена і Брамса. Па яго меркаванні, кожны з трох твораў — шэдэўр рэпертуару для струнных інструментаў і мае сваю цікавую гісторыю. Напрыклад, Саната “Арпеджыёне” першапачаткова была напісана Шубертам для аднайменнага інструмента, пра які сёння мала хто ўспомніць. Арпеджыёне мае шэсць струнаў і лады на грыфе, аднак паводле спосабу гуказдабывання і памеру ён нагадвае віяланчэль. Не дзіўна, што музыканты, беручыся за дадзеныя ноты, паступова перайшлі менавіта на больш распаўсюджаны інструмент.

— Пра Крэйцараву санату Бетховена чулі многія. Дарэчы, да моманту прэм’еры кампазітар ледзь паспеў завяршыць сачыненне, але на перапісванне нот часу не засталося, таму Бетховен выконваў фартэпіянную партыю часткова па сваіх чарнавіках, а скрыпачу даводзілася заглядаць у ноты праз плячо піяніста, — распавёў Іван Карызна. — А кампазітар Іаганас Брамс быў віаланчалістам-аматарам. У сваёй санаце ён прадэманстраваў усе лепшыя якасці інструмента, што спявае.

Разам з Іванам на сцэну выйдзе Барыс Кузняцоў. Піяніст пачынаў вучыцца ў Акадэміі Гнесіных у Маскве, пасля пераезду ў Германію перайшоў да прафесара Бернда Гетцке. Цяпер ён сам выкладае ў Гановерскім універсітэце музыкі, драмы і медыя, а таксама ў Школе музыкі Ганса Эйслера ў Берліне. І, вядома, актыўна канцэртуе.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"