Аршанская перспектыва

№ 7 (1394) 16.02.2019 - 23.02.2019 г

Рэдакцыя працягвае асвятляць развіццё культуры Аршанскага рэгіёна, аднаго з унікальных на Беларусі па насычанасці гісторыка-архітэктурных аб’ектаў і багацці літаратурна-мастацкіх набыткаў. Сёння гаворка вядзецца пра музейную і бібліятэчную справы.

/i/content/pi/cult/732/15904/5.jpgСувеніры з дакладнай радаслоўнай

“К” пастаянна піша пра недахоп у продажы мясцовых сувеніраў. У адным з “замкавых” гарадоў уладальнік сувенірнага шапіка паведаміў па вялікім сакрэце, што большасць магніцікаў беларускай гісторыка-культурнай тэматыкі вырабляецца калі не ў Кітаі, дык ва Украіне — дакладна. У свой час гаворку пра гэта давялося весці і з дырэктарам музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны Юліяй Камаровай.

А літаральна днямі Юлія Вячаславаўна паведаміла, што ў філіялах комплексу, у гасцініцы “Орша” і крамах дамоў рамёстваў у Копысі і Оршы неўзабаве з’явяцца магніцікі, вырабляць якія прапанаваў мясцовы мастак і архітэктар Сяргей Шарай. Першая партыя сувеніраў з пап’е-машэ і альфагіпсу ўжо гатова.

Кожная выява, як распавядае Юлія Камарова, дэталёва абмеркавана і мае ўласнае імя (магніцікі пакуюцца разам з “суправаджалкай”, якая тлумачыць гістарычную і мастацкую існасць сувеніра). Вось, да прыкладу, герб горада, упісаны у сэрца — “Я люблю Оршу”. А вось — “Ільнушка з дачушкай”. Выява Спірыдона Собаля — побач з выявай Свята-Духавага храма. Так, нарадзіўся знакаміты друкар у Магілёве, але знакаміты Буквар выдаў менавіта ў Куцеінскім манастыры.

Сяргей Шарай не толькі мастак і вандроўнік, ён яшчэ і цудоўны знаўца гісторыі малой радзімы. Сваю любоў да Оршы імкнецца перадаць і ў сувенірных работах: выявах Канстанціна Заслонава, батарэі “кацюш” капітана Флёрава, летуценнага Уладзіміра Караткевіча…

Паколькі сувеніры робяцца з зыходнікаў шляхам адліўкі з наступнай афарбоўкай, кошт магніцікаў не павінен, як абяцае мастак, надта адрознівацца ад “імпартных”.

Калі бібліятэкар — тэлевядоўца

Пра самыя апошнія праекты распавядае дырэктар Аршанскай ЦБС Аксана Кулагіна. Па-першае, плануецца ўкараненне аўтаматызаванай бібліятэчнай інфармацыйнай сістэмы ALIS-Web. Па-другое, мяркуецца капітальна адрамантаваць Бабініцкую сельскую бібліятэку. Яна стане бібліятэкай-клубам. Там з’явіцца зала для наладжвання імпрэзаў. А вось у Барздоўскай СБ капітальны рамонт з мадэрнізацыяй будзе завяршацца.

/i/content/pi/cult/732/15904/6.jpgНекалькі слоў пра сталыя праекты, якія добра сябе зарэкамендавалі. Аршанскі тэлеканал “Скіф” працягне штотыднёвы анонс навінак з нашых фондаў. Вядучыя праграм — бібліятэкары горада і раёна. З 11 па 16 сакавіка ў нашых установах пройдзе пяты фестываль праваслаўнай кнігі. Будуць працягнуты бясплатныя юрыдычныя кансультацыі.

А новы праект, які стартаваў у лютым, называецца “Пушкінскі вянок”. Ён прымеркаваны да 220-годдзя Аляксандра Пушкіна і 120-годдзя Цэнтральнай бібліятэкі, што носіць імя паэта. Абвешчаны конкурс сачыненняў і эсэ “А мне приснился сон, что Пушкин был спасён”. Вынікі будуць падведзеныя ў чэрвені. 10 лютага ў Цэнтральнай бібліятэцы адбыўся паэтычны марафон. Кожны ахвотны мог прачытаць верш рускага класіка.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"