Ён займаецца архітэктурай Сусвету

№ 6 (1393) 09.02.2019 - 15.02.2019 г

Цікавая гутарка атрымалася паміж пісьменнікам і музыкантам Андрэем ДЗІЧЭНКАМ і мастаком Аляксандрам ШАБЛЫКАМ, які натхняецца імпрэсіянісцкім жывапісам і піша фантастычныя сусветы. Адзін суразмоўца імкнецца вярнуць другога ў паўсядзённую рэальнасць, а той, у сваю чаргу — пераканаць візаві ў рэальнасці ўласных фантазій. Чыя ўзяла, меркаваць вам.

/i/content/pi/cult/731/15900/pages-12-13-copy-2.jpg

— Чаму вы ніколі не малюеце прыроду? Няўжо фантастычны свет пазбаўлены звыклых для беларуса лясоў і палёў?

— Ды не, сустракаюцца часам у мяне i дрэвы, і лес. Ёсць не тое каб палі, але пусткі нейкія. У гэтым свеце наогул можа быць усё што заўгодна. Мае карціны — своеасаблівыя ключы да Туманных Земляў. А таксама генератары і маякі, з дапамогай якіх уяўленне асвятляе прастору вакол і пашырае свет далёка за межы рамы. Карціна таксама можа выяўляць нейкую прывідную сутнасць або своеасаблівы код прадмета, месца, персанажа, і ў гэтага кода ёсць мноства інтэрпрэтацый. Зрэшты, кожны з’яўляецца незалежным падарожнікам у гэтых сусветах і вольны ў сваіх метадах даследавання. Наогул, я б сказаў, што творчасць і падарожжа (або ваенны паход) для мяне — амаль раўназначныя рэчы.

— Вы кажаце пра нейкія паходы з фантастычнага свету. А ці даводзіцца вам здзяйсняць штодзённыя паходы на працу?

— Працую ў тэатры мастаком-афармляльнікам, і таму паход на працу для мяне — не такая штодзённая руціна, як бывала раней, калі я рабіў у офісе. Хутчэй, мне здаецца, быццам я наведваю
нейкі творчы гурток. Наогул, сацыялізацыя ў пэўнай меры для мяне важная. Без рэгулярных хаця б мінімальных зносінаў з соцыумам чалавек нешта губляе і патроху дзічэе — праз такі перыяд я таксама калісьці праходзіў. Улетку на працу езджу на ровары, гэта дадае мне адчуванне свабоды ў
параўнанні з грамадскім транспартам. Хоць метро я таксама люблю, яно натхняе на стварэнне асаблівых падземных сусветаў.

— Вы мастак з андэграўнду, пра якога ведаюць дзякуючы сацыяльным сеткам. А калі б вам зараз прапанавалі ўступіць у Саюз мастакоў, ці пагадзіліся б?

— Я зусім незнаёмы з гэтымі структурамі, таму не ведаю. Я — самавук і адзіночка. Мне больш падабаюцца нефармальныя аб’яднанні людзей, якія займаюцца мастацтвам. І добра, калі гэтых аб’яднанняў шмат, калі паміж імі ўзнікаюць дыялогі і спрэчкі.

— Вашы працы прасякнутыя ХХ стагоддзем. Складаецца ўражанне, быццам гэта навуковая фантастыка 1950-х. Як вы адчуваеце тую эпоху?

— Фантастыку я люблю з дзяцінства. Чытаў у асноўным заходніх пісьменнікаў: Рэя Брэдберы, Роджэра Жэлязны... А калі казаць пра 1950-я, то імперская архітэктура майго горада з’явілася менавіта ў гэты час. Гэта быў, можна сказаць, перыяд новага нараджэння Мінска — бы птушка Фенікс з попелу вайны. Эпоху, прадстаўленую ў Сусвеце Туманных Земляў, можна параўнаць і з 50-мі, але таксама яна сплеценая з сярэднявеччам. Гэта значыць, магія эфіру, вар’яцкія рыцарскія ордэны, медыумы-лучнікі, драконы-кібаргі суседнічаюць тут з паравымі машынамі, прывіднымі цягнікамі і аўтамабілямі з рухавікамі ўнутранага згарання, якія пераадольваюць светлавы бар’ер на Магічнай шашы.

— Па сваёй адукацыі вы архітэктар. Ці даводзілася працаваць па спецыяльнасці? Або адукацыя — гэта фармальнасць?

— Адукацыя для мяне — не проста фармальнасць. Архітэктура ўяўляецца мне магчымасцю ўвасаблення магіі ў камяні і геаметрыі. Сам я займаюся архітэктурай Сусвету.

— Мастак — гэта заўсёды фантаст?

— На мой погляд, задача мастака — з дапамогай фантазіі ствараць з бясформеннай руды і хаосу новую канструкцыю, аб’ект штучнай прыроды і парадку. Уяўляць — значыць быць фантастам.

— Дзе для вас праходзіць лінія размежавання паміж дылетантызмам і прафесіяналізмам у жывапісе?

— Цяжка сказаць. На мой погляд, прафесіяналізм павінен выяўляцца ў максімальна адказным стаўленнi да напісання карцін і ў нейкай апантанасці творчасцю. Самавук Анры Русо, несумненна, быў вялікім прафесіяналам.

— А што для вас рэалiзм?

— Рэалізм заключаецца ў дакладным адлюстраванні сусвету — каб па тваіх карцінах можна было яго вывучаць. Мае героі жывуць у свеце, дзе рэальна ўсё, што яны змогуць уявіць, удыхаючы выпушчаны са шкляной колбы туман, які быў набыты дзе-небудзь на чорным рынку ў горадзе-лабірынце Уверзанху. І мроя пачынае матэрыялізавацца з бясформеннай шыпячай масы эфіру. Калі ў вачах майго героя дрэва ператвараецца ў гатычны храм, то гэта рэальнасць — ён здатны ўвайсці ў гэты храм і схіліць калена перад сваімі багамі. Але вярнуцца назад ва ўласны свет можа аказацца нялёгка.

— У вашых працах вельмі шмат сіняга колеру. Чаму вам падабаецца менавіта ён?

— Сіні і блакітны колеры ды іх адценні мне заўсёды здаваліся вельмі моцнымі па ўздзеянні, і пры гэтым яны робяць уражанне таямнічасцi і чыстай энергіі. Я люблю зіму: хоць сіняга колеру ў зіме амаль няма, яе прынята маляваць блакітна-белай. Сінім можа быць і акіян, і космас, і асвечаная неонавымі агнямі ноч у мегаполісе кіберпанкавай будучыні — мне камфортна ў такіх прасторах. Але іншых колераў на маіх карцінах таксама хапае.

— Вы адразу адчуваеце каляровую атмасферу будучай карціны?

— Адразу. Прыкрыўшы павекi, я перамяшчаюся ў іншае вымярэнне і бачу карціну цалкам, у колеры, скрозь заслону і скажэнне ў прасторы. Ты чуеш хруст снегу, рух паветра… Часам карціну запаўняе цішыня. Бывае, на цябе з іншага свету накіраваны чыйсьці позірк. Далей — праца. Гэта працэс доўгі, з пошукам і мноствам змяненняў — пакуль я не адчую, што вынуў з пароды патрэбны мне артэфакт.

— Як здарылася, што вы прыйшлі да жывапісу, і ён праглынуў вас цалкам?

— Маляваў я патроху з дзяцінства, але сур’ёзна заняўся жывапісам параўнальна позна, у 26 гадоў. Да таго часу я ўжо дастаткова вывучыў гісторыю паралельнага сусвету, каб прыступіць да яго выяў. А натхнялі мяне тады ў асноўным менавіта кнігі і кіно, толькі потым жывапіс. Памятаю, як падчас хваробы прачытаў апошнюю трылогію раманаў Уільяма Берроўза — гэта быў сапраўдны вопыт трансцэндэнтнага перамяшчэння ў створаныя выдатным мастаком сюррэальныя прасторы. І, вядома, на мяне паўплываў наш пануры горад. Пошукі месцаў сілы, парталаў, якія вядуць у Вежу-Вось-Сусветаў, дамоў, прарослых з іншай рэальнасці, былі маім заўсёдным баўленнем часу. З дзяцінства ў мяне ўзнікала жаданне пабудаваць вялікую канструкцыю з малюнкаў і знакаў, стварыць нейкі вялікі лабірынт, чым па-свойму і з’яўляецца Сусвет Туманных Земляў. Таксама на мяне вялікі ўплыў аказалі такія вялікія міфатворцы ХХ стагоддзя, як Лаўкрафт і Толкін.

— Якой вы бачыце эвалюцыю сваёй творчасці ў будучыні?

— Хутчэй за ўсё, Ордэн туману разрасцецца да макрамаштабаў, ахопліваючы цэлы шэраг галактык. Сетка ордэнскіх крэпасцяў і канцылярый апляце сусвет, час будзе неспакойны. Ордэн зробіцца цяжка кантралюемым, і ва ўсіх цёмных кутках галактык распладзяцца мафіёзныя групоўкі, секты, карлікавыя галактычныя імперыі і іншыя змрочныя ўтварэнні, якiя адкалолiся ад Таемнага ордэна туману. У рэшце рэшт, ён прыйдзе да заняпаду, але адродзіцца зноў, як не раз ужо адраджаўся. Цяперашняе ўвасабленне ордэна далёка не першае, а яго заснавальнік і вялікі магістр быў археолагам і даследчыкам, які вывучыў і ўваскрасіў старажытныя традыцыі магіі эфіраў.

— Зразумела. А адкуль увогуле ўзяўся Ордэн? І чаму вы яго так называеце?

— Я яго не называў. Традыцыя гэтай арганізацыі вельмі старажытная, і я дапушчаны толькі ў яе знешнія колы. Члены ордэна не прымаюць гасцей і неаднаразова выказвалі мне сваю незадаволенасць з нагоды ўмяшання ў справы гэтай “дзяржавы ўнутры дзяржавы”. Ордэн не прывязаны да тэрыторыі, таму што фокусы з прасторай — гэта яго дзейнасць і зброя. Будучы мабільным, на захопленых тэрыторыях ордэн перш за ўсё ўзводзіць цэлы шэраг пабудоваў асаблівай архітэктуры. Яны валодаюць дзіўнай прыцягальнасцю формаў фасадаў, пры крайняй сваёй прастаце і аскетызме. Гэтыя некалькі дамоў, мастоў і васьмiвугольных вежаў мяняюць аблічча ўсяго горада, яго аўру, самі гараджане становяцца іншымі. Горад, аднойчы захоплены ордэнам, назаўжды набывае яго адмысловую метку: у ім не спыняюцца туманы, а на траве, лісці і галінах дрэў выступае іней, нават у параўнальна цёплае надвор’е. Гэта спалучаецца з начным свячэннем палёў вакол гарадской рысы, а вада ў рэках і студнях набывае прысмак дурманлівага віна. Такім стаў велічны Ахаратме, горад з камня колеру слановай косці, які таемны ордэн захапіў усяго на адну ноч. І нават хуткае вызваленне сталіцы нараніцу не пазбавіла яго ад меткі ордэна.

— Прабачце, перапыню і задам апошняе пытанне: ці такія падарожжы часам вас не стамляюць?

— Пасля доўгага паходу, калі патрапанае ў баях падраздзяленне гразне ў мокрым снезе, акутанае імглой, а запаветная цытадэль усё яшчэ не ўзятая, стомленасць непазбежная. Але гэта да часу. Бывае, я пакідаю карціну і пачынаю новую, адчуўшы які-небудзь раптоўны імпульс, а пасля, перагрупаваўшы войскі, вяртаюся да папярэдняй. Або пішу паралельна дзве карціны. Як сцвярджаюць некаторыя летапісныя крыніцы, ордэн ніколі не знікае, а часова сыходзіць у створаныя ім разломы ў прасторы і вечна маршыруе там, у імгле іншых вымярэнняў, каб аднойчы вярнуцца.