Рашэнні трэба прымаць хутка

№ 31 (849) 02.08.2008 - 08.08.2008 г

31 ліпеня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка наведаў гасцініцу “Crowne Plaza”. Пад час наведання новага сталічнага аб’екта Кіраўнік дзяржавы адзначыў як станоўчы момант тое, што інвестыцыйныя праекты рэалізуюцца кампаніямі з розных краін, а таксама падкрэсліў неабходнасць улічваць развіццё сацыяльнай сферы пры здзяйсненні буйных праектаў.

Новая гасцініца ўключае 115 нумароў, разлічаных на 223 наведвальнікаў, 2 прэзідэнцкія апартаменты, а таксама казіно, рэстаран, канферэнц-залу, фітнес-залу, басейн.
У праект было ўкладзена 34 мільёны долараў. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў турэцкаму інвестару Судзі Азкану рэалізаваць яшчэ некалькі праектаў у беларускай сталіцы. Дарэчы, у цяперашні час з прыцягненнем замежнага капіталу ў Мінску будуюцца 8 гасцінічных комплексаў, а яшчэ 10 праектаў знаходзяцца ў стадыі прапрацоўкі. Як падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, “добра, што інвестпраекты рэалізуюць кампаніі з розных краін”.
Прэзідэнту паведамілі, што ў 2007 годзе рэнтабельнасць усяго гасцінічнага бізнесу сталіцы склала каля 170%.
Калі летась у мінскіх гатэлях спынілася 550 тысяч чалавек, то за першае паўгоддзе 2008 года іх колькасць павялічылася на 10-15% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
Пад час наведвання гасцініцы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што неабходна больш аператыўна разглядаць прапановы замежных інвестараў па забудове беларускай сталіцы.
“Мы атрымліваем добрыя комплексы, гэты выгадна абодвум бакам. Не трэба тармазіць рашэнні, іх трэба прымаць хутка”, — сказаў Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што пры рэалізацыі буйных праектаў не трэба забывацца на развіццё сацыяльнай сферы.

 Паводле паведамлення Прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь