І вось мы ўжо напрадвесні…

№ 6 (1393) 09.02.2019 - 15.02.2019 г

Апошні месяц зімы… Спрабуе лютаваць, а нам — не страшна. Ужо дзесьці над Эквадорам вясна збірае свае жыццедайныя роты і батальёны, каб надзейна атачыць Беларусь. Хто адмовіцца ад сонечнай блакады пад радасны клёкат бусліных эскадрылляў (там у іх лецішча, а тут — Радзіма!) і кананаду крыгаходаў? Здрада абрыдлай зіме — не грэх. Стомленыя ад вірусаў і перападаў ціску беларусы чакаюць цёплай акупацыі. Дзесьці за Мар’інай Горкай, казалі, ужо бачылі перадавыя дазоры вясновай разведкі. А ў раёнах пачалі ўзмоцнена рыхтавацца да гукання вясны і наладжвання Масленкі.

/i/content/pi/cult/731/15899/pages-12.jpgТак, будзённага клопату ў работнікаў нашай культуры — заўжды вышэй за галаву. Тым больш, напрадвесні, калі нават запозненая лютаўская завіруха нагадвае чаканую майскую залеву, калі літаральна ўсё жыве ў прадчуванні любові, кахання ды пазітыўных зменаў. Узор тут, як і заўжды, даюць нашы ветэраны вайны і працы. Да прыкладу, народны хор “Надзея” (цэнтралізаваная клубная сістэма Маладзечанскага раёна) накіраваўся з гастролямі ў Валожынскі раённы цэнтр культуры. Надзея Станкевіч піша: “Лірычныя і рамантычныя творы пад акампанемент непераўзыдзенага музыканта, кампазітара і аранжыроўшчыка Леаніда Алейніка — візітоўка “Надзеі”. З поспехам выступілі і салісты — Аляксей Выбарнаў, Ларыса Грынеўская, Ніна Падцялежнікава, Кацярына Малец, а таксама дуэты — Ніны Ізмайлавай і Наталлі Бладыка, Ірыны Былінскай і Івана Чарненкі, Таццяны Грэкавай (кіраўнік “Надзеі”) і Пятра Крупчанкі. Такія гастролі для калектыву — традыцыйныя. Сёлета “Надзеі” спаўняецца 35 гадоў”.

Тэму ветэранскай няўрымслівасці працягвае вядучы рэдактар цэнтралізаванай клубнай сістэмы Валожынскага раёна Надзея Бондар. Аказваецца, пры мясцовым РЦК дзейнічае свой ветэранскі хор “Спеўныя сэрцы”. Ёсць тут і клуб для пажылых — “Верас”. Дык вось, творчыя калектывы Валожынскага цэнтра культуры выступілі ў Маладзечне. Гэта “алаверды” на гасціннасць суседзяў. Абменныя канцэрты — вялікая справа! Маладзечанцы да іх даўно прызвычаіліся, таму ў канцэртнай зале быў несумненны аншлаг. Вывад: раўняцца на ветэранаў! Тым больш, сёлета мы адзначаем 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Няма сумневу, што згаданыя вышэй харавыя калектывы ўжо цяпер старанна рыхтуюцца да гэтай святой даты. Як, зрэшты, і іншыя творчыя сілы краіны.

Да прыкладу, работнікі культуры Наваполацка прэзентавалі ў дзіцячай школе мастацтваў № 3 новы краязнаўчы праект “Аб мінулым памяць захаваем”. Яго распрацавалі супрацоўнікі бібліятэкі-філіяла № 8. Як распавядае дырэктар установы Таццяна Чэрнікава, у ходзе рэалізацыі праекта для шырокай грамадскасці прыадкрыюцца шматлікія таямніцы гарадскога пасёлка Баравуха. У тым ліку, і датычныя Полацкага ўмацаванага раёна, доты якога размешчаныя непадалёк. Дзякуючы ім, абарона ў раёне Баравухі трымалася ў 1941 годзе два тыдні…

Гэты год багаты на юбілеі і для народнага ансамбля народнай музыкі “Радуніца” аграгарадка Козенкі Мазырскага раёна. Днямі ў рэдакцыю заскочыў кіраўнік “Радуніцы” Мікола Туравец. Вы яго павінны памятаць, я шчыра паважаю гэтага чалавека і час ад часу пішу пра яго “прыдумкі”. У студзені споўнілася Міколу Васільевічу 60 гадоў. А “Радуніцы” — 30. Але ўражвае не гэта. У галаве не надта ўкладаецца тое, што з гармонікам на сцэне выступае Туравец роўненька 55 гадоў! Інакш кажучы, чытаў ён яшчэ так сабе, а ўжо на сельскай сцэне музіцыраваў. Варта дадаць яшчэ і тое, што “Радуніца” — адзін з першых на Гомельшчыне ансамбляў, які працуе ў змяшаным жанры: спявае, танцуе, выконвае музыку. І робіць гэта паспяхова, заўжды вынікова выступаючы на знаных фестывалях і конкурсах. Напрыклад, летась на рэспубліканскім фэсце “Хрысціянская культура Беларусі” самадзейныя артысты з-пад Мазыра атрымалі не толькі дыплом, але і запрашэнне ў Італію. Яны таксама чакаюць вясны, каб выправіцца ў гастрольную вандроўку. Не сумняваюся, экспансіўным італьянцам даспадобы прыйдуцца вясельны барабан, гармонік, цымбалы і скрыпічны кантрабас. Варта толькі раз паслухаць гэтае гучанне, каб задаць сабе пытанне: і як я толькі жыў раней без такога неўтаймоўнага мажору?

Рэдактар Полацкага раённага цэнтра культуры Кацярына Паўловіч распавяла пра святкаванне Дня ручнога пісьма альбо почырку: “Ветлівыя дзяўчаты прапаноўвалі запоўніць анкету з тэматычнымі пытаннямі, мацавалі эмблему “Размаўляем па-беларуску!” Творчая група ў складзе мастацкага кіраўніка Алены Кабяковай, метадыста Надзеі Зайцавай і кіраўніка народнага клуба Кацярыны Квашніной прааналізавала анкеты і падрыхтавала мерапрыемства пра нашых лепшых пісьменнікаў і іх творчасць. Далучыўся да свята і ансамбль народных інструментаў Полацкага РЦК”.

Галоўны бібліятэкар па бібліяграфічнай рабоце інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Вольга Гулеўская не паленавалася і вызначыла, у каго з беларускіх літаратараў сёлета круглая дата з дня нараджэння. Вось гэты спіс: Міхась Лынькоў — 120 гадоў; Паўлюк Трус — 115; Алесь Якімовіч — 115; Васіль Быкаў — 95; Артур Вольскі — 95; Уладзімір Мазго — 60. Цягам года кожнаму са згаданых пісьменнікаў, я так зразумеў, будзе прысвечана асобнае мерапрыемства. Пры гэтым вельмі не хацеў бы, каб уся “актыўнасць” зводзілася адно толькі да арганізацыі якой-небудзь фармальнай кніжнай выставы. У Год малой радзімы да пытання варта падыходзіць больш узважана. Узяць, да прыкладу, Паўлюка Труса. Год таму мы пісалі пра тое, што ў вёсцы Нізок Уздзенскага раёна, апрача згаданага Паўла Адамавіча, нарадзіліся Кандрат Крапіва і Лідзія Арабей. Вёска — неперспектыўная. Дык каму, як ні бібліятэкарам казаць у поўны голас пра тое, што Нізок павінен застацца, няхай і не як паселішча, а як літаратурны мемарыял! Якім ён павінен стаць? Няхай вырашае грамадства. Але рэй па каардынацыі меркаванняў тут павінны весці ўсё ж бібліятэкары — захавальнікі слова, уражання, мары. У адваротным выпадку “гуглаўскі” перакладчык калі-небудзь выдасць неахайнаму карыстальніку не Паўлюка Труса, а Паўлюка Баязліўцу. І апошні варыянт, не дай Бог, падасца больш прыдатным для паўсядзённага карыстання.

Цяпер — пра мастацкія выставы. З Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці паведамляюць: у аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры працуе выстава “Жанчына-чараўніца”. Яна ўжо стала традыцыйнай і праходзіць у чацвёрты раз. Сёлета вынік уласнага натхнення дэманструюць 22 майстрыхі з Ліды і Лідскага раёна. Сярод экспанатаў — лялькі, вырабы з саломы, вышыўка, упрыгожанні, вязанае адзенне, кераміка.

Персанальная выстава Таццяны Карчажкінай працуе ў Палацы мастацтваў Бабруйска. Супрацоўніца аддзела мастацкай творчасці Наталля Кулікова распавядае: “Таццяна Сяргееўна, добра вядомая як мастацтвазнаўца і цудоўны майстар па рабоце са скурай, выступае ў амплуа таленавітага графіка. Серыя з дваццаці работ у розных тэхніках монатыпіі, акватыпіі, акварэлі па сырым і ў класічным выкананні пяром і тушшу адлюстроўвае доўгія гады творчага шляху. Самыя лепшыя работы былі створаны яшчэ ў 1980-х гадах мінулага стагоддзя пасля сканчэння Мінскага мастацкага вучылішча імя Аляксея Глебава па спецыяльнасці “Выкладчык чарчэння і малявання” і ў перыяд навучання ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце на факультэце “Гісторыя і тэорыя выяўленчага мастацтва”. За пятнаццаць апошніх гадоў адбылося больш за дзесяць персанальных выстаў Таццяны Карчажкінай у Мінску, Светлагорску, Барысаве, Лагойску, Старых Дарогах, Слуцку, Капылі, Клецку”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"