Па розныя бакі чыгункі

№ 6 (1393) 09.02.2019 - 15.02.2019 г

Кажуць, што калі пры ясным надвор’і залезці на дах сталічнага спартыўна-забаўляльнага комплексу “Чыжоўка-Арэна”, то можна разглядзець Міханавічы. Сам я не правяраў, але, верагодна, гэта ўсяго толькі жарт. Аднак тое, што да згаданага паселішча з Мінску рукой падаць — факт. Як жа жыве рэгіянальная культура пад бокам у сталіцы?

/i/content/pi/cult/731/15897/17.JPG

Дзве Аксаны…

Мінская цэнтральная раённая бібліятэка, якой у гэтым годзе “стукне” 95, лічыцца адной з лепшых у сваёй намінацыі ва ўсёй краіне. Прынамсі, такое меркаванне я чуў ад тых, хто разбіраецца ў справе захоўвання і выдачы літаратуры значна больш за мяне. Калі я наўпрост запытаўся ў дырэктара МЦРБ Аксаны Пунiнскай, ці думае яна гэтаксама, тая, трохі збянтэжыўшыся, адказала:

— Прыемна, вядома, такое чуць, але сказаць, што мы самыя-самыя, было б перабольшваннем. Нават пры тым, што бібліятэку ці не кожны год адзначаюць нейкімі ўзнагародамі. А вось наша раённая бібліятэчная сетка і сапраўды займае вядучыя пазіцыі.

У МЦРБ працуюць 16 спецыялістаў. Аксана Ільінічна прызнае, што часам узнікаюць праблемы з недахопам высокакваліфікаваных кіруючых кадраў. Але галоўнай праблемай у дзейнасці не толькі бібліятэкі, але і наогул усіх культурных устаноў Міханавічаў яна лічыць тое, што яны размяшчаюцца ў пабудовах паўвекавой і большай даўніны. Вось каб МЦРБ знаходзілася ў добрым сучасным будынку, ды яшчэ і памяшканнямі прырасла — тады ў вольным доступе для чытачоў мог бы апынуцца калі не ўвесь яе фонд (а налічвае ён каля 50 тысяч адзінак захоўвання), то вялікая яго частка. Пакуль жа каля паловы фонду “пыліцца” ў кнігасховішчы або “ходзіць” па сельскіх бібліятэках рэгіёна.

Тым не менш, адзін з пакояў бібліятэкі цалкам аддадзены пад дзіцячую літаратуру. Ну а калі намячаецца буйное мерапрыемства, заўсёды на дапамогу прыйдзе Цэнтр культуры і прадаставіць сваю залу. Прычым многія iмпрэзы нельга называць чыста літаратурнымі або “лекцыйнымі” — яны будуюцца комплексна, калі асноўную ідэю падтрымлівае, да прыкладу, музычнае суправаджэнне, і нярэдка “жывое”.

Чытачамі “раёнкі” з’яўляюцца амаль тры тысячы чалавек, кнігавыдача складае 40 тысяч асобнікаў. У беларускіх яе топах — кнігі Святланы Алексіевіч, Наталлі Батраковай, Яўгеніі Пастэрнак, Андрэя Жвалеўскага... Дарэчы, спадарыня Батракова часцяком праводзіць у сценах МЦРБ свае творчыя сустрэчы — як і іншыя госці-пісьменнікі, сярод якіх, напрыклад, Тамара Лісіцкая, Ірына Карнавухава, Валерый Квілорыя. Кожны месяц для жыхароў тут праходзяць і кансультацыі юрыстаў.

Разважаючы пра тое, як павінна развівацца “яе” сфера ў Беларусі, Аксана Ільінічна, у прыватнасці, адзначыла: на ейную думку, моладзь у масавым парадку ўжо наўрад ці ўдасца вярнуць у бібліятэкі. Але ёсць сродак прыпыніць адток чытачоў (і дарослых у тым ліку). Гэта мадэрнізацыя ўстаноў — за кошт аснашчэння іх сучасным тэхнічным абсталяваннем: тымі ж шматфункцыянальнымі аўдыя- і відэасістэмамі, якія будуць даносіць да людзей друкаванае слова па-свойму.

— Сёння бібліятэкі не з’яўляюцца чыста інфармацыйнымі цэнтрамі, як гэта было яшчэ ў 1990-я гады. У цяперашні час яны — сацыяльна-культурныя цэнтры, — кажа спадарыня Пунiнская. — Пры нашай бібліятэцы дзейнічаюць дзіцячы экалагічны клуб “Крынiчка”, сямейны “Дом”, клуб здаровага ладу жыцця “Біруза”, дзіцячы тэатр ценяў “Залюстрэчча”. Мы ініцыявалі раённыя конкурсы на лепшую чытацкую сям’ю і “Захаваем прыроду разам”. Вялікую ўвагу надаем духоўнаму выхаванню людзей, на што накіраваны шэраг мерапрыемстваў, якія праводзяцца намі сумесна з міханавіцкім праваслаўным прыходам — Свята-Дзімітраўскiм храмам.

Вельмі адказна ставяцца ў МЦРБ да прапаганды “беларускасці”. Так, у Дзень беларускай мовы ўсе працаўнікі ўстановы стараюцца гаварыць з чытачамі толькі па-беларуску, а пры правядзенні акцыі “Чытаем разам — чытаем па-беларуску!” яны апранаюць нацыянальныя касцюмы і прапануюць людзям прачытаць урывак з якога-небудзь беларускамоўнага твору.

Прыкметнае месца ў функцыянаванні ўстановы займае экалагічная дзейнасць, ды і сама бібліятэка неаднаразова станавілася пераможцам конкурсаў на лепшае азеляненне і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. І прыгажосць гэтую відаць адразу — каля МЦРБ разбіты яблыневы сад, а ля ўваходу ў будынак цешыць вока Казачны гарадок.

— Так, мы не можам пахваліцца нашым будынкам, але затое ганарымся прылеглай да яго тэрыторыяй! — смяецца Аксана Пунiнская. — У цёплае надвор’е тут збіраюцца цэлымі сем’ямі і ладзяць фотасесіі. Людзі нават сталі прыносіць нам кветкі, каб мы іх высадзілі ў сваім двары!

Адна з падначаленых Аксаны Пунiнскай — яе цёзка Раманюк, якая працуе галоўным бібліятэкарам аддзела камплектавання. А яшчэ яна — мясцовая рукадзельніца. Цікава, што захапленнем вышыўкай крыжыкам яе гадоў дзесяць таму “заразіла” дачка, якую ў школе папрасілі прынесці што-небудзь зробленае ўласнаручна. Яна звярнулася да мамы: “Многiя дзяўчынкі ў класе вышываюць, я таксама хачу гэтаму навучыцца, дапамажы!” На што Аксана Канстанцінаўна толькі развяла рукамі: не ўмею. Затое ўмела яе калега па працы, якая і дала сяброўцы першыя ўрокі вышыўкі.

І вось, навучыўшы дачку, спадарыня Раманюк сама “падсела” на гэтае мастацтва. Мала таго — яна “заразіла” ім палову роднага калектыву! А ва ўласным доме — ад
падушак да ручнікоў, ад абрусаў да нават карцін — амаль усё з яе вышыўкай. Выстаўляе свае работы майстрыха і ў бібліятэцы.

— Адзін раз сёе-тое вывозілася і на раён, — кажа яна. — Але ў мяне няма асаблівых амбіцый. Хаця калі хтосьці з куратараў выстаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва даведаецца пра маё хобі і прапануе мне паўдзельнічаць, я, вядома ж, пагаджуся.

Я ж прапанаваў бібліятэкару стаць каментатарам культуры аграгарадка, на што яна таксама пагадзілася.

Каментарый Аксаны РАМАНЮК:

— Можа, тое, пра што я скажу, не зусім наўпрост адносіцца да бібліятэчнай справы, але тэма гэтая для нас балючая. Усе нашы ўстановы культуры размяшчаюцца па адзін бок чыгункі, а агульнаадукацыйная школа — па другі. Сёння дзеці наведваюць гэтыя ўстановы, пераходзячы рэйкі па наземным пераходзе і пераездзе, што ўжо напружвае. А калі надыходзіць позняя восень, тым больш — зіма, уяўляеце, як хвалююцца мамы і таты, якія чакаюць сваіх сыноў і дачок з вячэрніх заняткаў? Таму сёй-той, баючыся за жыццё дзяцей, і не адпускае іх у гурткі (у цэлым жа з наведваннем, наколькі я ведаю, ва ўсіх установах культуры ўсё ідзе добра). Але ўлады абяцаюць у будучыні ўзвесці яшчэ адзін пераход — ужо над чыгункай.

…і дзве Валерыі

Да Валерыі Чубат стаўленне ў “К” як да чалавека роднага. Мая калега
Надзея Бунцэвiч выкладала ў яе ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Сёння Валерыя — намеснік дырэктара Міханавіцкай дзіцячай школы мастацтваў па вучэбна-выхаваўчай рабоце. А паколькі яе шлях да прафесіі быў звілістым, яна лічыцца маладым спецыялістам і адпрацоўвае размеркаванне, прыйшоўшы ў ДШМ летась 7 верасня.

— У Міханавічах свой шарм, — лічыць спадарыня Чубат. — Я вырасла на Гомельшчыне ў сельскай
мясцовасці, і своеасаблівы яе дух мне добра знаёмы і блізкі. І тут атмасфера вельмі прыемная. Дзеці больш непасрэдныя, больш простыя. Я ўжо прыкіпела да іх. Па заканчэнні адпрацоўкі тут бы, можа, і засталася, але пакуль у мяне не вырашана пытанне з жыллём: цяпер я здымаю кватэру ў Мінску, там у мяне муж, дзіця.

У ДШМ музыцы і выяўленчаму мастацтву вучацца амаль паўтараста дзяцей. Ёсць ва ўстанове падрыхтоўчае аддзяленне, на якое могуць трапіць будучыя музыканты. Зарабляюць тут канцэртамі, навучаннем маляванню ў студыі “Чароўны пэндзлік” і спеву ў студыі “Музычнае асарці”, заняткамі ў групе ранняга музычнага развіцця.

Да тармазоў у развіцці ўстановы Валерыя Чубат адносіць тое, пра што ўжо сказала Аксана Пунiнская: будынак, у якім даводзіцца займацца дзецям, хоць і ў прыстойным стане, але пабудаваны ён ледзь не да Другой сусветнай — і відавочна не разлічаны на такую колькасць вучняў. Таму кіраўніцтву школы даводзіцца праяўляць вынаходлівасць у складанні графіка заняткаў. “Крайнімі” апынуліся маладыя мастакі: частка выхаванцаў навучаецца ў сярэдняй школе, якая ласкава прадаставіла адзін са сваіх кабінетаў.

— Валерыя Канстанцінаўна, а ці ёсць сярод вашых падапечных па-сапраўднаму таленавітыя дзеці?

— У кожнага ёсць таленты, толькі выяўлены яны ў рознай ступені, — адказала яна. — Нашы “зорачкі” вакалістка Маша Швяцова, скрыпачкі Аня Герыловіч і Ліза Глуская, піяніст Данііл Хандошка, выканаўцы на дудцы Даша Сарокіна, Маша Коршук, Маргарыта Жырнова, мастакі Мікіта Станкевіч і Маша Марозава. Або вось, знаёмцеся, піяністка Валерыя Кругленя. Зараз мы будзем з ёй займацца сальфеджыа.

У пакой уваходзіць чароўная дзяўчынка, садзіцца за інструмент, і пачынаецца таемства...

Каментарый Аксаны РАМАНЮК:

— Дзіцячая школа мастацтваў вельмі папулярная ў Міханавічах. Навучэнцы яе музычных класаў пастаянна спаборнічаюць у конкурсах рознага ўзроўню. Праўда, як мне паскардзілася мама адной з вучаніц, удзел у іх часам патрабуе грашовых унёскаў. Але, думаю, гэта праблема не толькі нашага аграгарадка. Няўжо нельга фінансаваць з бюджэту ўсе дзіцячыя фестывалі?

Ад знаходжання ў Міханавічах у мяне застаўся самы прыемны “асадак”. Ад бібліятэкі, дзе на маіх вачах ва ўсю моц бурліла жыццё: Аксана Пунінская пераводзіла ў лічбу дакументацыю па краязнаўстве, а чытачоў, да майго здзіўлення, у гэты будні дзень ва ўстанове хапала. Ад Валерыі Чубат, якая пакуль сумняваецца, ці заставацца ёй пасля размеркавання ў аграгарадку. Ад той самай атмасферы, пра якую яна мне распавядала. Здаровай, як я пераканаўся.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"