Транспарт пад дзяржзамову

№ 6 (1393) 09.02.2019 - 15.02.2019 г

Артыкул бібліятэкара з Навагрудка Фаіны Малюжэнец друкуецца пад рубрыкай “Соцыум” невыпадкова. Піша яна ў “К”, на жаль, не так часта, як нам хацелася б, але яе артыкулы заўжды вызначаюцца высокім напалам неабыякавасці да вырашэння прафесійных праблем. А праблемы — характэрныя ці не для кожнай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы… Чытайце і не забывайцеся на тое, што вашы меркаванні для нас — выключна важныя. Таму чакаем неабыякавых допісаў.

/i/content/pi/cult/731/15891/10.JPGКрышачку настальгіі

У 1980-я жыццё на вёсцы значна саступала гарадскому ў плане выгод. Затое яно — кіпела! Было шмат моладзі, калгасы цвёрда трымаліся на нагах, людзям плацілі нядрэнныя заробкі… Калі сучасным маладым хлопцам і дзяўчатам расказаць пра тагачасныя дыскатэкі, магчыма, яны не павераць. У вясковых клубах збіраліся ўсе ад 14-ці да 30-ці, прыязджалі нават з горада. І танчылі да ўпаду.

А яшчэ ў той час адным з любімых заняткаў вяскоўцаў было чытанне. Бібліятэкі працавалі ледзь не ў кожным сяле і добра камплектаваліся. Кнігі, часопісы, газеты — на любыя густы. Чытачы не чакалі, як цяпер, што кнігі ім прынясуць на дом. Яны самі ішлі да кніг. Акрамя добрай літаратуры, прапаноўваліся цікавыя мерапрыемствы. Дзе яшчэ можна культурна адпачыць, як не ў бібліятэцы? Камп’ютараў і інтэрнэту тады не было, таму вяскоўцы з ахвотай запісваліся ў клубы па інтарэсах, дзе яны мелі магчымасць сустрэцца з аднадумцамі, развіць свае здольнасці. Карацей, для бібліятэк гэта быў “залаты час”.

/i/content/pi/cult/731/15891/9.JPGЭпоха скарачэння

Тое, пра што я расказала, пацвярджае гісторыя бібліятэк нашага краю. 15 студзеня 1979 года была створана Навагрудская цэнтралізаванная бібліятэчная сістэма, у склад якой увайшло 76 бібліятэк, 70 з якіх былі сельскімі. Мінула 40 гадоў, і сёння ў ДУК “Навагрудская раённая бібліятэка” мы маем толькі 21 бібліятэку, а сельскіх усяго 16. Раён не змяніўся тэрытарыяльна, яго плошча засталася той самай, нават колькасць населеных пунктаў не зменшылася. Пацярпела толькі колькасць насельніцтва. Калі глядзіш на некаторыя вёскі, дзіву даешся. Было немалое сяло — а сёння там усяго некалькі дзясяткаў жыхароў. І ў большасці гэта пажылыя людзі. Са сваімі звычкамі, інтарэсамі. Радуе, што прага да кнігі і чытання ў іх нікуды не падзелася. Мы павінны берагчы гэтых “апошніх з магікан”: пагатоў, яны ўсё сваё жыццё цяжка працавалі, а сялянская праца не з лёгкіх.

Ну а клопат бібліятэкі тут які? Пэўна, забеспячэнне літаратурай. І самы аптымальны інструмент для вырашэння пытання — пазастацыянарнае абслугоўванне, дакладней — бібліёбус.

Паехалі!

Першы выезд бібліёбуса Навагрудскай раённай бібліятэкі адбыўся ў 2007 годзе. На той час у ЦБС налічвалася 31 бібліятэка, у тым ліку 26 сельскіх. Але працэс скарачэння прадаўжаўся. Масцішчанская СБ была зачынена не так даўно — толькі два гады таму. Перад гэтым спыніў сваё існаванне сельскі клуб. Мясцовыя жыхары даведаліся новае слова: “аптымізацыя”. Закрыццё бібліятэкі стала для іх навіной, мякка кажучы, непрыемнай, бо людзі ў Масцішчах прывучаныя да чытання. Але туды адразу пусцілі бібліёбус, і сёння гэтая вёска лідзіруе сярод тых, якія абслугоўвае бібліятэка на калёсах па колькасці чытачоў (46). Там жыве і самы актыўны спажывец паслуг аўтабібліятэкі — Вера Батура.

Другая па колькасці чытачоў — вёска Каменка (39). Памятаю, калі ў 2011-м зачынялі тамтэйшую бібліятэку, мясцовыя жыхары вельмі журыліся. Але з цягам часу змірыліся. Да аўтабібліятэкі ўжо прызвычаіліся. Чалавек да ўсяго прывыкае.

Выезд — штодзённы

Бібліёбус абслугоўвае сёння трохі больш за 700 чытачоў. Ён мае 11 маршрутаў і наведвае 36 населеных пунктаў. Але гэта не пастаянна: змены адбываюцца амаль штогод, калі зачыняюцца стацыянарныя бібліятэкі.

На месцах бібліёбус вельмі чакаюць. Як толькі затрымка, пажылыя людзі тэлефануюць у раённую бібліятэку. Вельмі важна, каб мы строга вытрымлівалі свой графік і каб кожная вёска маршрута наведвалася рэгулярна. А самыя аддаленыя паселішчы, якія абслугоўвае наш бібліёбус — Заполье, Мілеўцы, Ятра — знаходзяцца ў 35 кіламетрах ад райцэнтра. У сярэднім, у адзін маршрут трапляе тры — пяць вёсак. У кожнай з іх трэба прыпыніцца, зайсці ў хату чытача, пагутарыць з гаспадарамі, абмяняць кнігі.

На жаль, пры аптымізацыі сеткі бібліятэк мы губляем чытачоў — нават пры наяўнасці мабільнай установы. Каб зменшыць гэтыя страты, неабходна ўвесці яшчэ хаця б адну адзінку бібліятэкара бібліёбуса, і аўтобус павінен без агаворак выязджаць на маршрут штодня. Значыць, трэба як мінімум яшчэ адзін бібліёбус з яшчэ адным бібліятэкарам. Магчыма, гэтую праблему можна было б вырашыць з дапамогай спецыяльна абсталяванага аўтамабіля, каб яго было нерацыянальна і нязручна выкарыстоўваць у іншых мэтах. Бо часам такая спакуса ўзнікае.

Пішу пра гэтую, на першы погляд, канкрэтную для Навагрудка сітуацыю з разуменнем таго, што насамрэч яна тыповая, характэрная для многіх іншых бібліятэчных сістэм краіны.

Марыць — не шкодна

Спецыяльна абсталяваны бібліёбус — гэта камфорт чытачоў, па-першае, і бібліятэкара, па-другое. А яшчэ гэта магчымасць даць жыхарам аддаленых вёсак усе інфармацыйныя і сацыяльныя паслугі, якімі валодае сучасная бібліятэка. Гэта аўтобус, укамплектаваны кнігамі, даведачна-энцыклапедычнымі і перыядычнымі выданнямі, прававымі базамі дадзеных, электроннымі дакументамі. А яшчэ гэта камунікацыйны цэнтр, забяспечаны сучасным абсталяваннем — праектар, экран, ноўтбук, МФУ, доступ да хуткаснага Інтэрнэту. Усё гэта робіць магчымасці бібліёбуса амаль бязмежнымі. Яго камплектацыя дазваляе праводзіць мерапрыемствы любога ўзроўню — ад маленькага бібліяграфічнага агляду да буйнога сельскага свята.

А што маем мы — і, мяркую, большасць нашых калег? У нас гэта аўтамабіль ГАЗ 322132, набыты ў 2007 годзе, а яшчэ пластыкавыя скрынкі для транспарціроўкі кніг і часопісны столік. Вельмі не хапае абсталявання — вітрын, стала выдачы кніг, палегчаных складных чытацкіх сталоў і крэслаў...

Бібліёбус па-фінску

Бібліёбусы як з’ява ўзніклі ў Скандынавіі. Фінская кампанія Kiitokori з невялікага гарадка Каусала спецыялізуецца на выпуску мабільных медыцынскіх цэнтраў, аўтамагазінаў, аўтобусаў спецыяльнага прызначэння, у тым ліку бібліятэчных. Першую перасоўную бібліятэку тут сабралі ў пачатку 1960-х гадоў ХХ стагоддзя, і з тых часоў на дарогі выйшла больш за 640 такіх машын. Кожная з іх разлічана на 4,5 тысяч кніг і часопісаў, на паліцах бібліятэкі можна ўбачыць падборкі аўдыё- ці відэадыскаў. Для бібліятэкараў створаны ўсе ўмовы камфортнай працы і адпачынку ў дарозе. Акрамя сталоў і стойкі для абмену кніг, у салоне выдзелены куток для невялікай чытальнай залы. Мабільныя бібліятэкі апошніх гадоў выпуску маюць Wi-Fi і відэапраектары. У аўтобусе ёсць прыбіральня, невялікая кухня і гардэроб.

Вядома гэта ідэал, да якога трэба імкнуцца. Але чаму б у Беларусі не арганізаваць выпуск аўтобусаў, хаця б па мінімуме абсталяваных пад бібліёбус? Ёсць жа ў нас аўтамабільныя заводы. Вядома, гэта не можа быць масавай вытворчасцю (яна і ў Фінляндыі не масавая), але пад дзяржзаказ такім транспартам, напэўна, можна было б забяспечыць усе раёны Беларусі.

Адзінаццацігадовая практыка нашай работы пацвярджае вялікае значэнне пазастацыянарных формаў бібліятэчнага абслугоўвання. Бібліёбус дазваляе рацыянальна будаваць сетку бібліятэк у сельскай мясцовасці.

Зразумела, што трымаць бібліятэку ў кожным дробным населеным пункце немэтазгодна. Але і эканоміць на людзях, якія жывуць у аддаленых малюткіх вёсачках, ні ў якім разе нельга. Бібліятэка павінна прыязджаць да іх хаця б раз на месяц, і хочацца, каб яна была сучаснай, а гэта значыць — здольнай забяспечыць усе запыты насельніцтва. Важна, каб бібліёбус, які прыедзе на вёску, не проста істотна палепшыў уяўленне сяльчан аб бібліятэчных паслугах, але і дапамог выпрацаваць звычку да лепшага ўзроўню культурнага жыцця.

Фаіна МАЛЮЖЭНЕЦ,
супрацоўнік Навагрудскай ЦРБ