У танальнасці гуманізму

№ 6 (1393) 09.02.2019 - 15.02.2019 г

8 лютага ў канферэнц-зале сталічнага Храма Усіх Святых адбыўся круглы стол на тэму “Роля кнігі ў фарміраванні культуралагічнага, духоўна-маральнага грамадства”. Мерапрыемства прайшло ў рамках 26-й Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу.

/i/content/pi/cult/731/15887/4.jpgСярод удзельнікаў круглага стала — намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі, настаяцель Усіхсвяцкага прыходу протаіерэй Фёдар Поўны, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, епіскап Юрый Касабуцкі, архімандрыт Сергій, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Марзалюк, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, пісьменнік Вячаслаў Бандарэнка і іншыя.

Напачатку Ігар Бузоўскі падзякаваў іерархам Беларускай Праваслаўнай Царквы за магчымасць арганізаваць кніжную экспазіцыю і правесці круглы стол на тэрыторыі храма, які з’яўляецца агульнанацыянальнай святыняй. Далей слова бралі святары, навукоўцы, выдаўцы, пісьменнікі. Танальнасць і скіраванасць размовы ў значнай ступені вызначыла прамова протаіерэя Фёдара Поўнага, які засяродзіў увагу прысутных на ролі кнігі як носьбіта духоўнасці і выказаў занепакоенасць тым, што кніжны сегмент інфармацыйнай прасторы імкліва звужаецца. На думку святара, праблема не ў тым, што кніга пераходзіць у іншы, прыкладам, электронны фармат, а ў тым, што яна можа знікнуць як з’ява. Бо адна справа, калі адаптаваную да Сеціва інфармацыю счытвае чалавек, які мае досвед работы з кнігай, іншая — калі выява на экране камп’ютара цалкам замяняе кнігу. Таксама святар закрануў тэму культуры памяці як стрыжнявога чынніка нацыянальнага менталітэту.

Падчас сустрэчы прайшла прэзентацыя кніжных навінак, што адпавядаюць сваім зместам тэме размовы.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"