Час збіраць “Ураджай”

№ 5 (1392) 02.02.2019 - 09.02.2019 г

Хто сказаў, што нашы дзяржаўныя тэатры ва ўпор не бачаць п’есы Паўла Пражко, неаднаразова ўганараваныя ў Расіі? Калі ласка, у адным з самых прэстыжных, а менавіта ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы — прэм’ера спектакля “Ураджай”. І паставіў яго малады, але ўжо спрактыкаваны (узгадаем яго “Каханне як мілітарызм” на той жа Камернай сцэне) рэжысёр Дзмітрый Цішко, выхаванец мастацкага кіраўніка тэатра Мікалая Пінігіна.

/i/content/pi/cult/730/15880/17.JPGЗа больш як дзесяцігоддзе свайго існавання п’еса стала жывой класікай: яе актыўна ставяць, аналізуюць з пазіцый не толькі новай драмы, але і, што цалкам справядліва, тэатра абсурду. Амаль шэсць гадоў таму яе ставілі ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы, паказвалі на тамтэйшым Міжнародным фестывалі “Белая Вежа”. У Магілёў на Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “М.@rt.кантакт” свой “Ураджай” прывозіў летась Маскоўскі губернскі тэатр. Чым жа вылучаецца цяперашняя інтэрпрэтацыя?

На купалаўскай афішы новы спектакль пазначаны проста і лаканічна — камедыя. Але рэкламны плакат, выдатна зроблены Кацярынай Сімановіч, штосьці не настройвае на смех. Яблык там — нават не падгнілы, а зусім гнілы, зацягнуты цвіллю. Ды не яблык гэта ўвогуле, а змярцвелы чалавечы профіль з заплюшчанымі вачыма і “пакусанай” патыліцай. Гэткая скульптурная выява з адбітым кавалкам, хіба што ў карычнева-шэрых тонах. Асацыяцый — безліч! Куды больш, чым уласна ў спектаклі.

Ды будзем сумленнымі: рэжысёрскіх прыдумак, якія выклікаюць не столькі смех, колькі ўсмешку, у пастаноўцы хапае. Тут і акцёрскія эцюды з разгляданнем кожнага яблыка, бы невядомага касмічнага аб’екта, і клаўнада з надрэзам рукі, каб пазбавіцца пчалінага джала, і гімнастычная эквілібрыстыка з паламанымі скрынямі, і дырыжорскія выкрунтасы з малатком, і шаленствы “параненага байца” — то хлопца, які атрымаў малатком, то дзяўчыны, што б’ецца ў канвульсіях, бо скончыліся каплі для носа. Яшчэ больш смешнымі ўяўляюцца “ўстаўныя нумары”: і папулярная дзіцячая песенька “Ураджай збірай” з інтанацыйнымі запазычаннямі імяніннага “Каравая”, і баксёрскі паядынак з вялізным плюшавым яблыкам, што ўбачыўся герою, калі той страціў прытомнасць, і пародыя на тэлевізійныя ток-шоу.

Некаторыя згаданыя ідэі прысутнічалі ў папярэдніх “Ураджаях”. Але тут яны развіліся, набылі іншае ўвасабленне, спалучыліся з новымі. Іншымі сталі самі героі. У купалаўскім спектаклі няма асаблівай персаніфікацыі характараў, адсутнічае псіхалагізм паводзінаў, не акцэнтуюцца асабістыя стасункі (усё гэта было, да прыкладу, у версіі Маскоўскага губернскага тэатра, дзе да яркай клаўнады далучаліся парадыйна пададзеныя тэмы кахання са зменай партнёраў, а тое ж забіванне цвікоў ператваралася ў любоўную сцэну, смешную да колікаў у жываце).

Чацвёра артыстаў паўстаюць не столькі індывідамі, хай і “аднаклетачнымі”, колькі носьбітамі пэўных тыпажоў. Валерый (Павел Астравух) — гэткі мача з прэтэнзіяй на ўсеахопную дасведчанасць. Ягор (Міхаіл Зуй) — неўрастэнік-прыкаліст. Іра (Іларыя Шашко) — ракавая жанчына, здольная любую дробязь ператварыць у сусветную трагедыю. Люба (Антаніна Дубатоўка) — мілая ў сваёй дзіцячай непасрэднасці дурнічка. Пры такім раскладзе спектакль становіцца падобны да барочнай оперы seria, у аснову якой пакладзена міфалагізаваная гісторыя, а на першы план выходзяць не жывыя людзі, а носьбіты пэўных якасцей, пачынаючы з героікі.

Гэтая паралель узмацняецца тым, што дзеянне нагадвае не збор яблыкаў, а праславутую “бітву за ўраджай”. Чым не міфалогія савецкіх часоў? Дый смешныя ўстаўкі, адсутныя ў п’есе, не што іншае, як лёгкія камічныя інтэрмедыі ва ўлонні “сур’ёзнай оперы”, з якіх потым нарадзілася опера buffa. На гэта працуе і рознасць стылістыкі паміж асноўнымі часткамі аповеду і дададзенымі “ўкрапваннямі”.

Цудоўны пераклад на беларускую мову, зроблены Марынай Казлоўскай, некаторыя дробныя скарачэнні, згаданыя ўстаўкі-“дапіскі”, выкарыстанне навамодных слоўцаў (да прыкладу, месэдж замест цыдулкі) — усё гэта вельмі маленькія змены, зробленыя ў спектаклі ў адносінах да арыгіналу. Галоўнае — гэта змена фіналу, прычым без прынцыповых паправак у тэксце.

Хлопцы, каб паласавацца вітамінным прадуктам, ламаюць у спектаклі не галіны яблыні, а адразу ўсё дрэва. Зробленае з асобных дошчачак, яно бездакорна адпавядае астатняй сцэнаграфіі, схільнай да мінімалізму: скрыні, паддоны — усё з тых жа “дошчачак”. Яблыкі — пераважна муляжы. Але на вяршыні зламанага дрэва было некалькі прышпіленых сапраўдных ды сакавітых, і героі смачна жуюць іх у фінале.

Сцэнаграфію і касцюмы распрацаваў малады віцебскі мастак і дызайнер Андрэй Жыгур. І дрэва тое зроблена з дошчачак не толькі дзеля стыльнасці ці “эканоміі сродкаў”. У такім выглядзе яно нагадвае слуп з указальнікамі: маўляў, направа пойдзеш — тое ды гэтае знойдзеш. Але дрэва зламана, вектараў руху няма, і ўраджая больш таксама не будзе. Трэба садзіць новае дрэва. Але ж ці здольныя на гэта героі?

І п’еса, і ранейшыя спектаклі канцэнтравалі ўвагу на бездапаможнасці новага пакалення, якое, маўляў, не ўмее збіраць ураджай — гэта значыць, скарыстаць назапашанае папярэднікамі, хаця гэта і “прыкольна”. Цяперашні спектакль быццам вяртае нас у 1990-я. Ці ў іншыя часы злому, калі востра паўстае пытанне, што і як будаваць на руінах, хто гэта зможа зрабіць. Бо знішчаць заўжды куды прасцей.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"