Шчамялёў, які ён ёсць

№ 4 (1391) 26.01.2019 - 01.02.2019 г

Згадваючы Шчамялёва як самабытнага творцу, мы не павінны забываць і пра іншы ягоны талент — выбітнага педагога. Гады тры запар (пачынаючы з 1966-га) я быў пастаянным рэцэнзентам у дыпломнікаў мастацкай вучэльні, якія амаль усе прайшлі школу Шчамялёва. Да гэтага часу памятаю многіх з гэтага племені.

/i/content/pi/cult/729/15864/25.JPGКалегі і вучні

Сярод іх — Жора Скрыпнічэнка, Юра Багушэвіч, Люда Пуцейка, Галя Харытановіч, Коля Бязберды, Юра Гаўрын, Галя Гаравая, Пеця Грывусевіч, Валерый Даўгала, Жэня Жылін, Валодзя Зінкевіч, Толя Клімянкоў, Тамара Паўлючук, Аляксей Пятрухна, Слава Рускевіч, Коля Стома, Валодзя Ткачоў, Ваня Хоміч, Юра Гудзіновіч, Толя Яскін, Юра Кароўкін... Некаторыя з гэтых хлопцаў і дзяўчат (асабліва Скрыпнічэнка і Кароўкін) амаль штотыдзень наведваліся да настаўніка ў майстэрню, іншыя не супраць былі завітаць “на агеньчык” да “Дзмітрыевіча”, так бы мовіць, у непрацоўны час, калі справа ішла да заходу сонца.

Часам прыходзілі ў майстэрню і “роднасныя душы” — старыя прыяцелі-аднакурснікі Леаніда яшчэ па ягонай пасляваеннай вучобе ў мастацкай вучэльні. Але з той першай плеяды яе выхаванцаў людзей, блізкіх Шчамялёву па духу, у 1960 — 1970-я гады заставалася зусім няшмат: Міхаіл Чэпік, Уладзімір Мінейка, Ізраіль Басаў, Юрый Тышкевіч, Барыс Ус, Канстанцін Пятроў. Менавіта ў шчамялёўскай майстэрні я блізка пазнаёміўся і пасябраваў з гэтымі хлопцамі. На жаль, цяпер нікога з іх няма ў жывых.

Іншыя аднакурснікі Шчамялёва — ужо на той час вядомыя і “абцяжараныя” пасадамі ў кіраўніцтве Саюза мастакоў Міхаіл Савіцкі, Віктар Грамыка, Віктар Пратасеня — у яго майстэрні бывалі вельмі рэдка, і тое па крайняй неабходнасці.

У канцы 1960-х частым наведвальнікам шчамялёўскага “храма” стаў Саша Кішчанка. Яго тагачасная майстэрня была амаль побач, у доўгім доме № 18 па Ленінскім праспекце. Толькі ў Шчамялёва — у 2-м пад’ездзе, а ў Кішчанкі — у 11-м, над кавярняй “Вясна”, у круглай мансардзе-вежы без усялякіх выгод. Вядома, і без ліфта. Да Кішчанкі тут працаваў Уладзімір Лагун, а пасля Кішчанкі — Анатоль Агафоненка. Потым некалькі гадоў яе займаў Валерый Шкаруба, які прывёў гэтае памяшканне ў прыстойны выгляд, забяспечыўшы яго туалетам, тэлефонам і іншымі выгодамі, неабходнымі для нармальнай творчай працы.

Аляксандр Кішчанка таксама быў чалавекам вельмі вясёлым і кампанейскім. Ад прыроды надзелены магутным талентам, ён — выхаванец Львоўскага інстытута дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, вучань Івана Скабалы, Рамана Сельскага, Іосіфа Бакшая і Вітольда Манастырскага — у 1963 годзе прыехаў па запрашэнні Міністэрства адукацыі БССР у Мінск, дзе разам з Гаўрылам Вашчанкам арганізаваў у тэатральна-мастацкім інстытуце кафедру манументальнага жывапісу, на якой выкладаў каля сямі гадоў. Педагог ён быў выдатны, і ўсе яго вучні, якiя сталi цяпер буйнымі майстрамі, успамінаюць Аляксандра Міхайлавіча толькі добрымі словамі. Падкрэслю, што ён з’яўляецца і родапачынальнікам школы сучаснага беларускага манументальнага габелена.

Без выхадных і святаў

/i/content/pi/cult/729/15864/26.JPGНягледзячы на частыя загулы, Кішчанка, як і Шчамялёў, ішоў у майстэрню амаль штодня — як толькі вызваляўся ад выкладання. Абодва яны працавалі без выхадных і святаў. А калі надыходзіла “хвіліна адпачынку”, мы ўтрох, сабраўшыся, часцей за ўсё, у больш зручнай майстэрні Леаніда ды заставіўшы стол пітвом і сціплымі стравамі, гадзінамі вялі культурныя дыспуты. Дагэтуль дзіўлюся, як гэта яны, ведучы “багемны” лад жыцця, умудраліся ствараць такія шэдэўры, як шчамялёўскія “Маё нараджэнне”, “Чырвоная кавярня”, “Коннікі”, “Восеньскі кліч”, “Сёстры”, “Працаўнікі муз”, альбо “Цыркавы хлопчык”, “Дзяўчына з кавуном”, “Нацюрморт з грушамі”, “Агонь бацькоў”, “Чаканне” Кішчанкі.

Тым не менш, цяжка сказаць, у якім кірунку доўжылася б далейшае жыццё Шчамялёва (і ці доўжылася б наогул), калі б не Святлана, якая ў самым канцы 1960-х стала жонкай мастака. Апісанне іх няпростых лёсаў не ўваходзіць у задачы гэтага майго апавядання (пагатоў, яны ўжо апісаныя ў маёй кнізе “Леанід Шчамялёў. Фарбы і рытмы часу”). Але скажу адно: Святлана Мікалаеўна стала для майго сябра сапраўдным Анёлам-апекуном, Музай, каханай на ўсё астатняе жыццё, Жанчынай, Маці, Гаспадыняй, Натуршчыцай і... першым Крытыкам яго карцін. Пасля доўгіх пакут, зведаўшы ўсе “вабноты” побыту на здымнай кватэры і ў майстэрні, Леанід і Святлана, нарэшце, атрымалі ўласнае жытло ў доме № 139 па бульвары Ракасоўскага. Менавіта там мы і адзначылі 50-гадовы юбілей Майстра.

У 1976 годзе Шчамялёвы, як і дзясяткі іншых сем’яў членаў Саюза мастакоў БССР, перабраліся ў добраўпарадкаваную дзевяціпавярхоўку па вуліцы Друкарская, 42 (пазней Сурганава). Так мы сталі жыць з Лёнем у адным доме, толькі ў розных пад’ездах. І майстэрня Шчамялёва таксама была побач: спярша яна знаходзілася на дзявятым паверсе ў пятым пад’ездзе, а потым, пасля смерці настаўніка Віталя Канстанцінавіча Цвіркі, Леанід перасяліўся ў яго прасторную майстэрню № 5 у “слупку” — спецыяльнай прыбудове практычна да гэтага ж дому, хаця афіцыйна будынак мае нумар 44.

І па сённяшні дзень Леанід Дзмітрыевіч — у гэтай майстэрні. Да нядаўняга часу працаваў штодня, без адпачынкаў, выходных і святаў, з 11 раніцы да 16 — 17 гадзін з кароткімі перапынкамі на абед. Часам, праўда, адрываўся на гадзінку — другую для ўдзелу ў пасяджэннях розных мастацка-экспертных фарміраванняў Міністэрства культуры, членам якіх ён з’яўляўся; на сустрэчы з людзьмі, на прыём гасцей у майстэрні, на грамадскія справы ў Саюзе мастакоў і ў рэдакцыі газеты “Культура”, дзе шмат гадоў ён быў членам рэдкалегіі. Наогул, “грамадскі” досвед у яго ўнікальны: ён быў і першым сакратаром Саюза мастакоў БССР, і старшынёй Мастацкага фонду БССР, і старшынёй Рады Саюза мастакоў Беларусі.

Я ўжо не кажу пра яго творчыя выезды з эцюднікам у розныя рэгіёны Беларусі або на адкрыццё сваіх шматлікіх персанальных выстаў. Амаль на ўсіх вернісажах я бываў; зразумела, выступаў, і павінен сказаць, што атрымліваў велізарнае задавальненне ад той атмасферы душэўнай цеплыні і прыгажосці, якія заўсёды панавалі ў залах, будзь гэта Мінск або невялікі горад.

Праўда, у апошні час Леанід Дзмітрыевіч бывае ў майстэрні рэдка: даецца ў знакі і ўзрост, і розныя хваробы... Тым не менш, і ў сваёй кватэры ён часта бярэ ў рукі аловак. Вось і падчас нашай нядаўняй сустрэчы мастак падарыў мне два цудоўныя вялікія “кветкавыя” нацюрморты, зробленыя фламастарам.

Задуменны імператар

Які мой асабісты ўнёсак у “палітру” жыцця Леаніда? Ну, па-першае, без лішняй сціпласці скажу, што я першы мастацтвазнаўца, які напісаў пра яго творчасць прафесійны артыкул — ён выйшаў яшчэ ў 1966 годзе ў газеце “Літаратура і мастацтва”. І першы, хто зрабіў каталог (хай і даволі сціплы) яго персанальнай выставы — яна прысвячалася 50-годдзю мастака. Затым былі некалькі альбомаў і манаграфій, выдадзеных у Маскве і Мінску, дзясяткі артыкулаў, нарысаў, эсэ, інтэрв’ю.

Па-другое, некаторыя карціны Шчамялёва былі створаны, так бы мовіць, з маёй падачы — чым, вядома, ганаруся. Напрыклад, я ўгаварыў Лёню стварыць палатно пра арышт Барыса Савінкова ў Мінску (існуе два яго варыянты: адзін закуплены Масквой, другі — у Мінску) і героіка-рамантычнае “Гуляй Поле” — пра Нестара Махно.

Таксама я навёў Леаніда на думку напісаць карціну пра Напалеона Банапарта — у кантэксце яго паходу ў Расію праз беларускія землі. Пра імператара я сёе-тое сам пісаў у прэсе і “ў стол”. Рабіў нават віртуальнае “інтэрв’ю” з ім, змешчанае на старонках “К” у 1999 годзе. Асабліва мяне цікавіў драматычны перыяд жыцця Напалеона ў ссылцы на востраве Святой Алены.

Зрэшты, цікавасць самога мастака да гэтай эпохі з’явіліся яшчэ ў дзяцінстве. Аказваецца, у сям’і Шчамялёва захавалася паданне, быццам прапрабабуля Леаніда бачыла самога Напалеона, калі імператар у канцы ліпеня 1812 года спыняўся ў Віцебску па дарозе на Маскву. І, натуральна, назірала за адступленнем французаў халоднай восенню таго ж года. Адстаўшы ад сваіх частак, напалеонаўскія салдаты паасобку і дробнымі групамі прабіраліся ў Віцебск, шукаючы ў пераможцаў выратавання ад лютых маразоў і голаду. Віцебскі губернатар Павел Сумарокаў забараніў жыхарам упускаць у свае дамы галодных і абадраных французаў. Аднак знаходзіліся чуллівыя людзі, сярод якіх была і шчамялёўская прапрабабуля, якія давалі ім часовы прытулак, ежу і
абагрэў.

У 1990-я гады ўжо ХХ стагоддзя Шчамялёў (магчыма, у пэўнай ступені тут адыгралі нашы з ім шматлікія гутаркі пра напалеонаўскую эпоху і наогул часы Касцюшкі і Пушкіна) напісаў некалькі выдатных гістарычных палотнаў на гэтую тэму. Сярод іх — тры “зімовыя” карціны, звязаныя з адступленнем Напалеона праз Бярэзіну. У цэнтры адной з іх, асабліва ўдалай — задуменны імператар, які стаіць на пранізліва белым снезе побач з карэтай, у якой ён зараз пакіне межы Беларусі. Праца так і называецца: “Бярэзіна. 1812 год”.

Яшчэ адна карціна прысвечана ўступленню рускіх “сініх гусараў” у Віцебск. У гэтым жа шэрагу — нацюрморт “Памяці 1794 года”, партрэт паплечніка Касцюшкі генерала Якуба Ясінскага і трыпціх “Пушкін. Імгненні вечнасці”. А яшчэ — Кастусь Каліноўскі, першы князь Вялікага Княства Літоўскага Міндоўг...

Барыс КРЭПАК

Фота аўтара
і з яго асабістага архіва