Два Яны, два Чачоты

№ 4 (1391) 26.01.2019 - 01.02.2019 г

Праз два гады будзе адзначацца 225-я гадавіна “бацькі беларускай этнаграфіі”. Менавіта такую — і, як мне падаецца, трапную —характарыстыку далі літаратуразнаўцы Яну Чачоту. Між тым, у нешматлікіх прысвечаных яму публікацыях беларускіх і польскіх даследчыкаў можна сустрэць настолькі супярэчлівыя звесткі, што сам Шэрлак Холмс мусіў бы выпаліць не адну файку табакі, калі б ён пагадзіўся ўзяцца за даследаванне гэтай справы.

/i/content/pi/cult/729/15863/23.JPGПачну з невялічкага лірычнага адступлення. Апошнія і наступныя гады неверагодна багатыя на выбітныя даты. Мяркуйце самі. Не паспеў прамінуць пазалеташні юбілей геолага Ігната Дамейкі (215 гадоў), як распачалася падрыхтоўка да святкавання ўгодкаў
Адама Міцкевіча (220 гадоў). Толькі сціхлі іх апошнія хвалі, як надышла чарга Станіслава Манюшкі (200 гадоў). У наступным 2020 годзе маем юбілейную дату нашага нацыянальнага героя Тадэвуша Рэйтана (280 гадоў). А там, уласна, і чарга двух сяброў — Яна Чачота і Тамаша Зана.

Забыўся яшчэ згадаць пра юбілей нашага класіка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (210 гадоў). На жаль, прайшоў ён даволі сціпла — калі не лічыць з’яўлення шыкоўнай кнігі гісторыка-архівіста Змітра Дразда “Таямніцы Дуніна-Марцінкевіча” (2018). І гэта папраўдзе смутны знак. Таму, пакуль ёсць час, варта было б добра падрыхтавацца, каб належна ўшанаваць памяць годных сыноў Беларусі. Якім чынам? Праз кнігі, фэсты, вечарыны, фільмы, выставы.

Але паколькі “спачатку было слова”, у аснове ўсяго гэтага павінны быць навуковыя даследаванні, якія б адсунулі ўбок шматлікія міфы, шчодра рассыпаныя па жыццяпісах герояў. Пра адзін з іх я і хацеў бы зараз распавесці.

Пакаранне і выкладанне

У 1824 годзе адбыўся гучны палітычны працэс над беларускай моладдзю. Царскія жандары высачылі студэнтаў Віленскага ўніверсітэта і навучэнцаў гімназіі ў Свіслачы, якія ад 1816 года стваралі розныя патаемныя таварыствы. Трое галоўных філаматаў — Зан, Чачот і Сузін — падчас допытаў узялі ўсю адказнасць на сябе, выгароджваючы астатніх “змоўшчыкаў”. Пішучы пра меры іх пакарання, даследчыкі прыводзяць наступныя звесткі. У кастрычніку 1824 года, пасля гадавога затачэння, згодна з “высочайшей волей” расійскага цара Аляксандра І, гэтую тройцу выслалі ў расійскую глухмень. Тамаш Зан атрымаў год фартэцыі ў Арэнбургу і дзесяць гадоў ссылкі. Ян Чачот і Адам Сузін былі пакараны шасцю месяцамі фартэцыі ў Кізіле і дзесяццю гадамі ссылкі.

То бок, гэта суворая праўда жыцця і дакладны факт іх біяграфіі, які няцяжка праверыць. Але пры гэтым у некаторых беларускіх і польскіх публікацыях, пераважна папулярнага характару, можна сустрэць звесткі пра тое, нібы “знакаміты фалькларыст Ян Чачот” выкладаў у 1825 годзе ў Свіслацкай гімназіі геаграфію і гісторыю. Згадка аб гэтым ёсць і на сайце Свіслацкага раёна.

Таму ўзнікае пытанне: як ён мог адначасова адбываць пакаранне ў задушлівых казематах Кізіла, што далёка на поўдні Расіі, і ў той самы час выкладаць навукі ў Свіслачы, на захадзе Беларусі?

Удалося выявіць крыніцу, з якой дапытлівыя чачотазнаўцы ўзялі звесткі пра свіслацкага Яна Чачота. Гэта трохтомнік Uniwersytet Wilenski. 1579 — 1831 (1899 — 1901), які выдаў у Кракаве Юзаф Бялінскі. У трэцім томе аўтар датуе высылку Яна Чачота 1823 годам, прычым “скіроўвае” яго ў Арэнбург, а не ў Кізіл. І дадае, што паводле Kalendarzyka politycznego на 1825 год, “выкладчыкам гісторыі і геаграфіі ў гімназіі з’яўляецца Ян Чачот, канд.філас. Відавочна, у тым апошнім выпадку ёсць памылка; цяжка дапусціць існаванне двух Янаў Чачотаў канд. філас. у адзін час”.

/i/content/pi/cult/729/15863/24.JPGБялінскі не стаў праводзіць дадатковага расследавання, і толькі ў 1977 годзе ў адной польскай публікацыі пра вучняў свіслацкай гімназіі прагучаў адказ на пытанне. Аказваецца, другі Ян Чачот сапраўды існаваў і сапраўды, відаць, выкладаў геаграфію ў гімназіі, займаючы больш за год пасаду намесніка яе дырэктара. У той самы час, як “наш” Ян Чачот “вывучаў” геаграфію новадалучаных расійскіх земляў.

І трэба сказаць, што другі Ян Чачот паспеў пакінуць след не толькі ў гісторыі гімназіі, але і ў крымінальных хроніках. Дзякуючы чаму мы маем бясспрэчны доказ таго, што гаворка вядзецца пра двух Янаў, двух Чачотаў — рознага ўзросту, розных перакананняў і невядома якой ступені сваяцтва. Знойдзеныя мною ў віленскіх архівах звесткі, спадзяюся, канчаткова пераканаюць у гэтым гісторыкаў.

“Духобуйный” Ляўковіч

Напачатку сакавіка 1827 года на стол рэктара Віленскага ўніверсітэта Вянцэслава Пелікана было пакладзена данясенне ад прэфекта свіслацкай гімназіі Яна Чачота, які часова выконваў абавязкі яе дырэктара — пакуль сам дырэктар, Ігнат Брадоўскі, быў у ад’ездзе, па ўсёй верагоднасці, вырашаючы пытанні, звязаныя з патаемнымі таварыствамі.

На трох старонках Чачот распавёў аб надзвычайным здарэнні, непасрэдным удзельнікам якога быў ён сам. Вучань другога класа Феліцыян (далей у дакументах Юзаф — З.Ю.) Ляўковіч “отлучился самовольно из класса, не имея никакой надобности к тому” і “провёл время в неприличной праздности и неизвестно где”. 5 сакавіка Чачот выклікаў да сябе “сачка” і запытаўся, чаму той прапусціў дзве гадзіны лекцый. Ляўковіч, які ўжо меў шэсць штрафаў за падобныя ўчынкі, вядома, пачаў “замыльваць тэму” — “сперва вошел со мной в спор и утверждал, что он был в классе, потом претворился будто того не помнит, а напоследок по долговременному упорству признался в своем поступке”.

Зазвычай такога кшталту правіны караліся карцарам, але зухаватасць паводзінаў і “вынаходлівасць” гімназіста падштурхнулі Чачота прымяніць наступную па ўзроўні меру пакарання — пачаставаць Ляўковіча бізунамі. У адказ вучань праявіў тое, што яго настаўнік у рапарце назваў “духобуйством”. Таму Чачот даў загад двум вартавым пакласці небараку на лаву. Завязалася валтузня, студэнт штурхаў экзекутараў і круціўся ў іх руках як уюн на патэльні. Неўзабаве ўся грамада павалілася на падлогу, а зверху на Ляўковіча ўпала і лава. Вынік — “разбила кость ноги его ниже колена. Таким образом, вместо назначеного ему такого наказания, он сам себя жестоко наказал”.

Перабітая косць, разам з яе носьбітам, была адпраўлена ў лякарню. А Чачот прыняўся апісваць падзеі. Гэтым рапартам быў пакладзены пачатак доўгаму ліставанню зацікаўленых бакоў і прывядзення ў рух патаемных спружын палітыкі мясцовага ўзроўню. Бо прагульшчык меў моцных заступнікаў.

Апошні ўдар для дырэктара

“Духобуйство” Ляўковіча, па ўсёй верагоднасці, абумоўлена своесаблівым разуменнем паняцця “шляхецкі гонар”, якое дазваляла падманваць, але не дазваляла быць справядліва пакараным. Сын былога маршалка Пружанскага павета Вінцэнта Ляўковіча, як цяпер бы сказалі, быў тыповым прадстаўніком “залатой моладзі”. Дарэчы, ягоны бацька, відаць, з’яўляўся адным з заснавальнікаў мінскай масонскай ложы “Паўночная паходня”, з якой звязваюць і знакаміты “Дом масонаў”. (Дарэчы, уваходзіў у яе ў свой час і філамат Ян Чачот!).

Адпаведна, за сына было каму заступіцца. На прэфекта Яна Чачота паляцелі скаргі і Пелікану, і ў судовыя інстанцыі. У адказ дырэктар гімназіі Ігнат Брадоўскі пісаў у сваіх тлумачальных лістах, што такія справы — гэта выключна прэрагатыва гімназічнага суда, таму яны не павінны разглядацца ў павятовых судах. Тым не менш, Ляўковіч-старэйшы вырашыў ісці да канца. Ён казаў, што не пацерпіць, каб двое яго малодшых сыноў, якія працягвалі навучацца ў гімназіі (Юзафа ўжо адтуль забралі), сталі аб’ектам помсты Чачота, і таму патрабаваў выдалення яго з пасады. Брадоўскі ўсяляк бараніў падначаленага, бо ведаў яго 15 гадоў, за якія той аніводнага разу не меў спагнанняў.

Аднак каб залагодзіць узбунтаваную шляхту, было прынятае рашэнне, каб Чачот або пакінуў гімназію без права займацца педагагічнай дзейнасцю, або прымірыўся з Ляўковічамі — і тады яму дазволяць настаўнічаць, але толькі не ў Свіслачы.

У выніку, дамовіцца не ўдалося. Настаўніка ад пасады адхілілі. На яго месца прынялі іншага чалавека. Ігнат Брадоўскі, не вытрымаўшы “перагрузак”, раптоўна памёр на працоўным месцы ва ўзросце 48 гадоў. Здарылася тое 16 траўня 1829 года. Прамову на пахаванні дырэктара ад студэнтаў агучыў Юзэф Крашэўскі — будучы знакаміты пісьменнік. Магіла дырэктара павінна быць недзе на парафіяльных свіслацкіх могілках.

Цікавы гэта быў чалавек, і ў гісторыі Беларусі ён адыграў пэўную ролю. Паходзіў з незаможнай шляхты. Вучыўся спярша ў жыровіцкіх базыльянаў, потым у шчучынскіх піяраў, потым у Віленскім універсітэце, па завяршэнні якога, у 1805 годзе, выдаў падручнік па граматыцы рускай мовы для польскамоўных. Выкладаў спярша гісторыю і права ў Слуцкай павятовай школе, потым у мінскай гімназіі, дзе неўзабаве стаў намеснікам дырэктара. У 1812 годзе горача вітаў аднаўленне ВКЛ і нават стаў на нейкі час рэдактарам Tymczasowej Gazety Minskiej, дзе друкаваліся навіны вайны 1812 года.

Пасля сыходу французаў за сваю дзейнасць Брадоўскі пакараны не быў. Але з Мінска яго перавялі ў Свілач, дзе ён і стаў дырэктарам. Магчыма, у гэты самы час там з’явіўся і настаўнік Ян Чачот, пра якога мы маем такія сціплыя звесткі.

На маю думку, менавіта пераслед прэфекта Яна Чачота стаў апошняй кропкай, якая прывяла да заўчаснай смерці Брадоўскага. Свіслацкая гімназія, разам з Віленскім універсітэтам, была той кузняй, у якой яшчэ ад 1816 года нараджаліся і гартаваліся патаемныя студэнцкія гурткі — Шубраўцаў, Філаматаў, Замранкаў, Прамяністых, Філарэтаў. Падтрымлівалі студэнты і “Таварыства баявых сяброў”, якое нават рыхтавала паўстанне ў 1826 годзе. Таму калі закруціліся жорны “Працэса філарэтаў”, гэтыя дзве навучальныя ўстановы патрапілі пад самы ўважлівы нагляд. Пры гімназіі нават была створана свая паліцыя, каб лепей пільнаваць “благанадежность нравов”.

Таму дырэктару шмат чаго давялося перажыць за 1820-я гады. І вось, калі ўляглася палітычная віхура, гімназія патрапіла ў “крымінальны” скандал. Брадоўскаму было з-за чаго ўвесь час быць у стрэсавым стане.

Далейшы лёс настаўніка Яна Чачота, які таксама “претерпел по службе”, нам невядомы. У аналах гісторыі ён застаўся выключна праз той трагікамічны выпадак. І менавіта дзякуючы яму з’явілася аблудная інфармацыя пра тое, нібы “знакаміты філамат Ян Чачот” выкладаў у Свіслацкай гімназіі. Хаця насамрэч у той час ён сядзеў у кізільскай вязніцы.

Зміцер ЮРКЕВІЧ,
гісторык-архівіст