Амфітэатр праз 10 тэлекамер

№ 28 (846) 12.07.2008 - 18.07.2008 г

Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь нязменна выступае галоўным тэле- і радыёвяшчальнікам “Славянскага базару ў Віцебску”. Штогод тыя гледачы, што не змаглі прыехаць у фестывальную сталіцу, атрымліваюць самую поўную і дакладную інфармацыю пра падзеі на найбуйным культурным форуме з эфіраў Першага канала, тэлеканала “ЛАД”, а таксама Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, радыёканала “Культура”, радыёстанцый “Беларусь”, “Сталіца” і “Радыус-FM”. Для краін бліжняга і далёкага замежжа сувяззю з Віцебскам стане на фестывальныя дні спадарожнікавы канал “Беларусь-ТБ”.

Як паведамілі “К” у прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, для работы на фестывалі ў Віцебск адпраўлены 180 спецыялістаў. Вядучыя праграмы “Добрай раніцы, Беларусь!” Першага канала традыцыйна ў гэтыя дні выходзяць у прамы эфір са студыі тэлерадыёкампаніі “Віцебск”, куды абавязкова завітваюць госці і ўдзельнікі фестывалю. Найбольш значныя падзеі трапляюць і ў традыцыйны “Дзённік Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Ён выходзіць чатыры разы на дзень: тры кароткія аператыўныя выпускі цягам дня і пашыраны выніковы — увечары.
Падача відэасігналу ажыццяўляецца па валокна-аптычных лініях сувязі. Гэта адразу адбілася на якасці гуку і “карцінкі”: дзякуючы лічбаваму сігналу вяшчанне значна палепшылася. У прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі падкрэслілі, што сёлета задзейнічана вялікая колькасць тэхнікі, у тым ліку цалкам новае абсталяванне: радыёкамера SONY і новы высакаякасны гукавы пульт, усталяваны на борце тэлевізійнага перасоўнага аўтамабіля. Каб забяспечыць уражальную “карцінку”, тэлевізійшчыкі ўсталявалі непасрэдна ў Летнім амфітэатры 10 тэлекамер, а таксама працуюць 2 перасоўныя тэлевізійныя і пяць мантажных станцый, тэлевізійныя краны.
Зазначым, што фестывальныя канцэрты, якія будуць трансляваць Першы канал і тэлеканал “ЛАД”, а таксама іншыя мерапрыемствы можна пабачыць на святлодыёдным экране, які знаходзіцца каля Палаца спорту на праспекце Пераможцаў у Мінску. Многія мінчане і госці сталіцы ўжо скарысталіся гэтай магчымасцю.
Як заўсёды, Белтэлерадыёкампанія праводзіць відэазапіс асноўных мерапрыемстваў і начных канцэртаў.
На працягу года гледачы змогуць пабачыць юбілейны вечар кампазітара Ігара Лучанка “Неспакойнае сэрца”, канцэрты “Маскоўская афіша”, “Радыё “Шансон” і “Танчы да раніцы”, выступленні гуртоў “Горад 312” і “Токіо”, “Канцэрт “на біс” Барыса Маісеева. Белтэлерадыёкампанія таксама мае намер абменьвацца гэтымі відэа- і аўдыёматэрыяламі са сваімі замежнымі партнёрамі.