Ці не згубяцца “коныкі” сярод пакемонаў?

№ 4 (1391) 26.01.2019 - 01.02.2019 г

Адзін дзень на Палессі: святочны Шчадрэц, адкрыццё балетнага класа і драўляныя скульптуры, зробленыя сякерай
“Коныкі прыйшлі”! Такімі словамі сустракаюць калядоўшчыкаў вечарам 13 студзеня ў многіх дамах Давыд-Гарадка. Мясцовая традыцыя, пачатак якой быў закладзены больш за 100 гадоў таму, і дасюль паспяхова жыве і развіваецца. Сёлета калядныя спевы ў гэтым палескім мястэчку былі дапоўнены танцамі: там адкрыўся балетны клас “Імперскага рускага балета” пад кіраўніцтвам Гедэмінаса Таранды. Але пра ўсё па парадку.

/i/content/pi/cult/729/15859/17.JPGКонь замест казы

“Абавязкова прыязджайце на нашых “Коныкаў”, — запрашаў мяне на мясцовы зімовы карнавал дырэктар Дома культуры Давыд-Гарадка Міхаіл Шыкунец, калі яшчэ летась я пабываў на Століншчыне. Дарэчы, прапаноўваў ён прыехаць на гэтую святочную імпрэзу мне і дзесяць гадоў таму, калі журналісты “К” у рамках велатура адведалі Заходняе Палессе. І ўвесь гэты час наш прыезд на “Коныкаў” па той ці іншай прычыне адкладаўся. Але сёлета зоркі сышліся і “К” завітала ў Давыд-Гарадок якраз на самое свята.

Адмысловая традыцыя калядавання (замест казы — конь!) не згасае ў гэтым палескім мястэчку дагэтуль. Так, напярэдадні старога Новага года — або, як кажуць іначай, Шчадраца ці Шчодрага вечара — на вуліцах Давыд-Гарадка
поўна людзей у самых розных вобразах: тут табе і Чорт, і Мядзведзь, і нават Смерць з касой... Карацей, героі гэтыя — на любы густ, нават самы патрабавальны.

Але, натуральна, галоўны персанаж каляднай дзеі — Конь. Ствараецца ён, як мне распавядалі, традыцыйным спосабам: два плеценыя кашы злучаюцца палкай і абгортваюцца белай тканінай. Галаву “коныка” робяць з валёнка. Праўда, сёння часцяком у тканіну забіваюць мяккі матэрыял і надаюць яму форму галавы, але ж сам старадаўні прынцып вырабу персанажа захоўваецца. Уся гэтая канструкцыя ўтрымліваецца на плячах калядоўшчыка пры дапамозе дзвюх тоўстых скураных лямак. А наверх апранаецца шынель — у памяць пра заснавальнікаў абраду: салдат, што стаялі ў мястэчку падчас Першай сусветнай вайны.

— У Давыд-Гарадку размяшчаўся эскадрон казакоў, — распавядае паданне пра зараджэнне традыцыі мясцовы краязнаўца, былы дырэктар музея ў Давыд-Гарадку Мікалай Бразоўскі, з якім я пазнаёміўся яшчэ дзесяць гадоў таму. — І захацелася салдатам аднойчы зладзіць свята. Нехта з казакоў змайстраваў каня, і пайшлі з ім хлопцы па хатах. Гарадчукам такі незвычайны Конь прыйшоўся даспадобы. Вось з таго часу і з’явілася ў нас свята — “Коныкі”, якія без галоўнага персанажа — Каня — проста і ўявіць немагчыма.

Выраб і майстраванне іншых персанажаў не так рэгламентаваныя: тут болей волі для фантазіі саміх калядоўшчыкаў. Але, натуральна, кожны Чорт, Мядзведзь ці Лясун імкнецца праявіць сябе напоўніцу. Таму касцюмы самадзейныя артысты пачынаюць рыхтаваць яшчэ з канца восені. Як кажуць, высокі статус абавязвае.

Савецкія ўлады, дарэчы, спрабавалі змагацца з “перажыткамі даўніны”: забаранялі калядаванне па хатах, лавілі “коныкаў” на вуліцах гарадка, страшылі дрэннымі адзнакамі ў школе і выклікамі на дыван да дырэктара бацькоў... Міхаіл Шыкунец расказваў мне, як колісь, у дзяцінстве, падчас аднаго са шчодрых вечароў іх, малых дзяцей, прыціскалі да плытоў міліцэйскія машыны, а яны пераскоквалі праз агароджы і не даваліся ў рукі ахоўнікам парадку...

На шчасце, барацьба з традыцыяй скончылася безвынікова, і сёння міліцыя толькі ахоўвае парадак падчас святочнай імпрэзы ў цэнтры горада. А вуліцы Давыд-Гарадка 13 студзеня поўняцца дзясяткамі груп “коныкаў”, якія спяваюць песні, жадаюць шчасця і дабрабыту гаспадарам. А тыя ахвотна адчыняюць ім дзверы і, натуральна, адорваюць калядоўшчыкаў прысмакамі або якой капейчынай.

Я і сам пахадзіў па хатах з народным ансамблем “Маладзіца” Парахонскага сельскага дома культуры і вольнага часу з Пінскага раёна. Сустракаў і фатаграфаваў дарогай шматлікія атрады “коныкаў”. І магу засведчыць, што людзі прымалі калядоўшчыкаў вельмі гасцінна. Многія не толькі слухалі спевы палешукоў, але і з радасцю ім падпявалі ды танцавалі на ганках сваіх дамоў.

У чаканні статусу

/i/content/pi/cult/729/15859/18.JPGСёння дзейнасць “конных брыгад” калядоўшчыкаў у пэўнай ступені каардынуе Дом культуры. Напрыклад, калі я хадзіў па хатах з пінскім калектывам, нас суправаджалі і дапамагалі ва ўсім супрацоўнікі Давыд-Гарадоцкай гарадской бібліятэкі — мае добрыя знаёмыя яшчэ з часоў мінулага прыезду ў мястэчка.

— Мы ладзім конкурс сярод калядоўшчыкаў на найлепшы гурт, дапамагаем прыезджым калектывам, адказваем за праграму свята, — кажа Міхаіл Шыкунец. — Але сказаць, што мы арганізоўваем “Коныкі”, было б не зусім слушна: свята прайшло б і без усякай нашай ініцыятывы, бо традыцыя гэтая — жывая.

Натуральная пераемнасць традыцый — адна з прычын, чаму зухаватаму і адметнаму местачковаму святу ў хуткім часе плануецца надаць статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Як запэўніў мяне Міхаіл Шыкунец, усе неабходныя дакументы для гэтага даўно ўжо сабраны.

Чакае надання адпаведнага статусу і старшыня Давыд-Гарадоцкага гарвыканкама Вячаслаў Стаднік, спадзяючыся, што гэтае рашэнне надасць яшчэ больш цікавасці гарадскому святу і паспрыяе павелічэнню колькасці гасцей на вуліцах мястэчка вечарам 13 студзеня.

— На гарадскі карнавал да нас прыязджаюць і з Расіі, і з Польшчы, і з Літвы, не кажучы ўжо пра самыя розныя куточкі Беларусі, асабліва з Брэсцкай вобласці, — адзначыў мэр. — Летась на свяце пабывала чатыры тысячы чалавек, сёлета, думаю, будзе не меней, а мо нават і болей. Таму атрыманне пачэснага статусу для нас вельмі многа значыць.

Іншая справа, што гэтыя размовы — пра наданне статусу — я чуў і дзесяць гадоў таму, калі ўпершыню прыязджаў разам з калегамі ў Давыд-Гарадок. Чуў іх і летась. Чаму ж і дасюль гэта толькі размовы?

Аўтэнтыка, альбо…?

Адна з магчымых і найбольш відавочных праблем, з-за якіх народнае свята пакуль што так і не ўнесена ў Дзяржаўны спіс — гэта ўсё тыя ж казачныя персанажы. Напрыклад, вельмі часта падчас калядавання і на галоўнай гарадской плошчы мне сустракаліся не традыцыйныя калядныя Конь ці Чорт, а, скажам, Кракадзіл Гена, Чабурашка, Свіння.

— Усе неабходныя дакументы для надання статусу “Коныкам” у Рэспубліканскую навукова-метадычную раду па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь Столінскі райвыканкам падаваў яшчэ ў 2010 годзе, — кажа грамадскі эксперт у галіне нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі Рэгіна Гамзовіч. — Але і тады, і праз некалькі гадоў гэтыя дакументы былі вернуты назад: у спецыялістаў узніклі пытанні па наданні статусу нематэрыяльнай каштоўнасці Беларусі абраду, што ладзіцца ў Давыд-Гарадку.

Па словах Рэгіны Гамзовіч, у гэтым выпадку варта гаварыць не пра абрад, які жадаюць унесці ў Спіс столінцы (як мяркуе спецыяліст, яго, гэтага адмысловага абраду, у Давыд-Гарадку, па сутнасці, і няма), а пра местачковае свята, гарадскі карнавал.

— Па маім меркаванні, надаваць статус варта толькі тым гуртам, якія маюць адмысловых “коныкаў” і аўтэнтычных персанажаў (Каня, Чорта, Мядзведзя і іншых), могуць спяваць традыцыйныя палескія песні, напрыклад, тую ж “Сосну”, трымаюцца традыцыі, — кажа Рэгіна Гамзовіч. — Але каб іх вылучыць, адказным асобам трэба зрабіць яшчэ шмат працы.

Прыкладна таго ж меркавання прытрымліваецца і вядомы знаўца беларускага фальклору, музыкант і выкладчык кафедры культуралогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Іван Кірчук, якога я таксама сустрэў на свяце.

— На мой погляд, для надання статусу тут варта яшчэ папрацаваць, — кажа ён. — Традыцыя гэта харошая, людзі вельмі шмат для яе захавання зрабілі, і, такім чынам, збераглі тое, што ім перадалі ў спадчыну бацькі і дзяды. Але ж не варта спяшацца: лепш усё арганізаваць належным чынам, з улікам назапашаных папярэднікамі традыцый.

З іншага боку, Рэгіна Гамзовіч лічыць, што няма нічога страшнага ў тым, калі на карнавале з’яўляюцца і зусім нетрадыцыйныя для Палесся персанажы: тыя ж Чабурашкі або Пакемоны.

— Гэта натуральны працэс, які немагчыма рэгламентаваць, — кажа спецыяліст, — бо сёння мы жывём у эпоху тэлебачання і інтэрнэту, адкуль людзі і бяруць сабе вобразы для пераймання. Але варта было б папрацаваць з калектывамі, расказаць ім пра святочныя традыцыі “Коныкаў”, пра тое, што можна і варта рабіць падчас калядавання, а чаго лепей пазбягаць, каб не размываць традыцыю… Карацей, работы ў гэтым кірунку яшчэ хапае.

Дадам, што сёлетняе традыцыйнае шэсце “коныкаў”, дзеля якога ў цэнтры горада ў дзевяць гадзін вечара сабраўся цэлы натоўп людзей, прайшло не зусім удала: у ім удзельнічала літаральна пара-тройка “конных брыгад”. Усе астатнія, відаць, яшчэ калядавалі па хатах і падцягнуліся да гарадской сцэны недзе пад 10 — 11 гадзін вечара. Дарэчы, як адзначалі мясцовыя жыхары, раней парад “коныкаў” адбываўся прыкладана а 12-й гадзіне ночы — пасля таго, як усе калядоўшчыкі з’явяцца на плошчы. І гэта выглядала цалкам лагічным крокам, бо калядоўшчыкі ў першую чаргу павінны зайсці ў кожны дом ці хату гарадчукоў, а потым ужо плаўна перайсці ў цэнтр горада, далучыўшыся да агульнага святкавання.

Таксама пэўныя негатыўныя ўражанні выклікала руская мова, якая даволі часта гучала з вуснаў вядучых святочнай імпрэзы ды падчас выканання індывідуальных і калектыўных нумароў. Гарадское свята і карнавал, які змагаецца за статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Беларусі, на мой аматарскі погляд, варта было б і ладзіць па-беларуску або ўвогуле на аўтэнтычнай давыд-гарадоцкай, палескай гаворцы. Бо якраз аўтэнтыкі на гэтым свяце, на жаль, часам і не ставала.

Магчыма, у наступным годзе арганізатары ўнясуць пэўныя карэктывы ў сцэнарый правядзення свята. Прынамсі, як запэўніў мяне Міхаіл Шыкунец, некаторыя спрэчныя моманты абавязкова будуць улічаны падчас наступных карнавальных імпрэзаў.

Балет на беразе Гарыні

Але адметным 13 студзеня Давыд-Гарадок быў не толькі “Коныкамі”. Яшчэ напярэдадні свята ў горад прыехаў Гедэмінас Таранда — заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі, заснавальнік трупы “Імперскага рускага балета”, гастролі якога з поспехам ладзяцца ў многіх краінах свету. На Палессе ён, дарэчы, вырваўся з гастрольнай паездкі па Іспаніі. І не адзін — з ім разам на свята “Коныкі” прыехалі фальклорны ансамбль “Зараніца” з горада Вялікія Лукі Пскоўскай вобласці, маскоўскі фолк-гурт
“Партызан FM”, а таксама калектыў “акрутнікаў” са сталіцы Расіі. Не варта і казаць, што “дэсант” расійскіх артыстаў прымалі ў мястэчку з асаблівай радасцю: такіх масак і танцаў, якія нагадвалі пра Поўнач, шаманаў і бяскрайнія прасторы Сібіры, гарадчукі, пэўна, ніколі ў жыцці не бачылі.

Але спачатку адбылося выступленне артыстаў Давыд-Гарадка: маленькія дзеткі, сціплыя і нясмелыя пачаткоўцы, на сцэне
мясцовага Дома культуры прадэманстравалі для маэстра з Расіі свае першыя балетныя нумары. Каардынавала іх выступленне харэограф і выкладчык танцавальнага гуртка Ганна Чмуневіч. Яна, дарэчы, летась прайшла стажыроўку па класічным балеце ў Маскве і атрымала ў гэты дзень адпаведны сертыфікат з рук Гедэмінаса Таранды.

Ці з’явяцца на Палессі свае Маі Плясецкія, пакажа, натуральна, час. Але кіраўнік трупы “Імперскага рускага балета” ў поспеху не сумняваецца.

— Мая задача ў тым, каб у Давыд-Гарадку спачатку ўзнік прафесійны балетны клас пры Імперскім рускім балеце, а пазней — і свая харэаграфічная навучальная ўстанова, якая будзе рыхтаваць танцораў не толькі для Беларусі, але і для Расіі ды іншых краін свету, — раскрыў для “К” свае “напалеонаўскія” задумы Гедэмінас Таранда. — Таксама можна будзе задзейнічаць балерын з Давыд-Гарадка ў пастаноўках, напрыклад, балета “Шчаўкунок”. І ўвогуле, чаму б нам не паспрабаваць з цягам часу зладзіць на беразе Гарыні “Лебядзінае возера”? Калі добра арганізаваць і гучна прарэкламаваць гэты праект, поспех, мяркую,
абавязкова будзе.

Пра намеры паставіць у Давыд-Гарадку “Лебядзінае возера” артыст казаў і падчас свайго выступлення са сцэны Дома культуры. Аўдыторыя прыняла ягоныя словы літаральна “на ўра”: апладысментамі і воклічамі “Брава!” Хаця многія, мабыць, гэту прапанову палічылі за пустыя словы. Праўда, пазней, калі ў зале з’явіліся “акрутнікі”, якіх прывёз з сабой Гедэмінас Таранда, мясцовыя жыхары сваё меркаванне, відаць, змянілі: чалавек, які “зацягнуў” у невялічкае палескае мястэчка з дзясятак маскоўскіх артыстаў, якія літаральна за хвіліну “завялі” залу, можа і дзясятак ці нават сотню балерын сюды даставіць! А калі не атрымаецца прыехаць аўтобусамі ці цягнікамі, прывязе іх у блакітным верталёце, бо сапраўднаму чараўніку ўсё па сілах.

Да слова, мэтра балета сваёй малой радзімай зацікавіў ураджэнец Давыд-Гарадка і герой Расійскай Федэрацыі Аляксандр Дарковіч, які таксама ў гэты дзень прысутнічаў у глядзельнай залі. Па ягонай ініцыятыве ўлады палескага мястэчка падпісалі пагадненне з пасяленнем Марушкінскае адміністрацыйнай акругі Масквы. І канкрэтныя вынікі супрацоўніцтва не прымусілі сябе чакаць: 13 студзеня на базе агульнаадукацыйнай школы № 2 Давыд-Гарадка быў урачыста адкрыты балетны клас. Чырвоную стужку перарэзалі старшыня гарвыканкама Вячаслаў Стаднік, Гедэмінас Таранда і сам Аляксандр Дарковіч. Так што першы крок да мараў пра будучых знакамітых балерын ужо, лічыце, зроблены.

Сапраўдны Паляшук

Напярэдадні свята я разам з прыезджымі расійскімі артыстамі выправіўся з Давыд-Гарадка ў Цераблічы, у знакаміты на ўсю Беларусь Музей этнаграфіі з не менш, а можа і яшчэ больш вядомым кіраўніком установы Іванам Супрунчыкам. Едучы ў аўтобусе, з цікаўнасцю паглядаў на замежных артыстаў, якія ніколі ў Цераблічах не бывалі і меркавалі дарогай, што ім пакажуць звычайны вясковы музейчык з дзясяткам банальных экспанатаў.

На ганку ўстановы нас сустрэў гаспадар Іван Супрунчык — народны майстар, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне”, ганаровы паляшук Століншчыны і стваральнік унікальнай музейнай экспазіцыі. У вялікай выставачнай зале сёння прадстаўлена больш за тысячу аўтэнтычных экспанатаў, сабраных
няўрымслівым майстрам у тутэйшых мясцінах яшчэ пачынаючы з 60-х гадоў мінулага стагоддзя.

Чаго тут толькі няма: “мач”, падобны на вялікую лапату, якім палешукі выкідалі гной, лыжы, выразаныя з дрэва з адтулінамі для валёнак, розныя прыстасаванні для віцця вяровак, майстравання колаў, распальвання агню, гушкання дзяцей... Дзякуючы расповеду майстра, кожны, нават утылітарны, прадмет побыту набывае папраўдзе метафізічнае значэнне, займаючы сваё месца ў сістэме каардынат традыцыйнай культуры.

Сапраўдны “цвік” экспазіцыі — расфарбаваныя скульптуры з дрэва самога Івана Супрунчыка. Мастар-самавук навучыўся рабіць сваіх герояў папраўдзе жывымі. Галоўная тэма яго творчасці — гісторыя вёскі, рэальная і міфалагічная. І калі мяне, які ўжо неаднойчы бываў у Музеі этнаграфіі ў Цераблічах, Іван Супрунчык папраўдзе здзівіў сваімі расповедамі пра мінулае паселішча, а таксама і новымі арыгінальнымі работамі, дык што ўжо тут казаць пра заезджых артыстаў?

Расіяне вохалі і ахалі, фатаграфаваліся з упадабанымі персанажамі і пісалі словы падзякі майстру, слухалі яго аповеды з непрыхаванай цікаўнасцю, часам спрачаючыся, часам згаджаючыся з ім. А ад’язджаючы, нават выпрасілі адну невялічкую работу на памяць. Паабяцаўшы, што абавязкова яшчэ прыедуць сюды летам — ужо ў іншым, значна большым і прадстаўнічым складзе. Бо ў роднай Расіі такіх цікавостак у музейных установах яны яшчэ не сустракалі.

Так што сапраўднай палескай аўтэнтыкі на Століншчыне — у Гарадной, Цераблічах, Давыд-Гарадку ды іншых паселішчах раёна больш чым дастаткова. Адпаведна, хапае тут і турыстычнага патэнцыялу. Балазе, і Музей этнаграфіі, і свята “Коныкі” ўжо адведваюць тысячы гасцей з Беларусі, а таксама блізкага і далёкага замежжа. Галоўнае, каб у часы інтэрнэту і масавай культуры гэтае адметнае, аўтэнтычнае, палескае не згубілася пад уплывам навадзелаў — ад “пакемонаў” да “чабурашак”…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"