Акварэль як стасункі з людзьмі

№ 4 (1391) 26.01.2019 - 01.02.2019 г

25 студзеня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адкрылася выстава мастака-графіка Вячаслава ПАЎЛАЎЦА “Акварэльны сусвет”. Сёлета беларускаму віртуозу акварэлі споўніцца 60 гадоў, і да гэтай даты ён сам зрабіў сабе падарунак — падрыхтаваў да друку альбом-манаграфію сваіх твораў. Альбом і даў назву выставе, а яго прэзентацыя была спалучаная з вернісажам.

/i/content/pi/cult/729/15855/10.JPG— Спадар Вячаслаў, наколькі для вас — вядомага мастака, чые творы ёсць у прэстыжных дзяржаўных зборах і прыватных калекцыях — было важна займець яшчэ і друкаваны альбом?

— Дыплом як графік я абараніў у Тэатральна-мастацкім інстытуце ў 1982 годзе. А ўдзельнічаць у выставах пачаў нават раней — у 1979-м. За прамінулы з тае пары час выходзілі пра мяне нейкія публікацыі ў перыёдыцы, былі згадкі ў каталогах выстаў ды інтэрв’ю на радыё і тэлебачанні. Але ў бясконцай інфармацыйнай плыні ўсё гэта кудысьці знікае. А кніга — рэч, якую можаш узяць у рукі…

Кожны чалавек творчай прафесіі мае патрэбу азірнуцца назад і асэнсаваць зробленае. Вось з гэтай патрэбы і вынікае мой альбом “Акварэльны сусвет”, дзе на 112 старонках прадстаўлена лепшае са створанага мною. Лепшае паводле майго разумення, бо і адбор работ, і макет выдання я рабіў сам. Для мастака дарагое ўсё, што ён намаляваў. А тут давялося сістэматызаваць, вызначаць, што важна, а што другаснае. Я нібыта ўбачыў сябе староннім вокам, паглядзеў на свае здабыткі збоку. Мяркую, нават калі б кніга не пабачыла свет, ужо ад самой працы над ёй для мяне была б вялікая карысць.

/i/content/pi/cult/729/15855/11.JPG— Што было крытэрыем адбору твораў?

— Я спрабаваў паглядзець на свае работы як старонні назіральнік, для якога Вячаслаў Паўлавец — не сябра, не сваяк, не добры прыяцель, а цалкам старонняя асоба, якой можна шчыра сказаць, што ты пра яе думаеш, што табе даспадобы, а што нецікава.

Да такога погляду я ў пэўнай ступені падрыхтаваны сваёй прафесійнай дзейнасцю, бо працую мастацкім рэдактарам часопіса “Мастацтва”. Ды ўсё ж адна справа рэдагаваць іншых, а зусім іншая — сябе самога. Разумееце, за кожным эскізам, накідам, замалёўкай — свая гісторыя. Нейкая, здавалася б, драбяза, выпадковая нататка можа стаць асновай важнага твора, запачаткаваць сюжэтную нізку. У дадзеным выпадку я жорстка адсякаў усё, што не пасуе канцэпцыі.

Вельмі важна правільна скампанаваць выявы на старонках кнігі — гэта бадай тое самае, што экспазіцыя выставы. Можа здарыцца так, што дзве ўдалыя работы, змешчаныя побач, будуць адна адной замінаць. І наадварот — падабраныя “ў рыфму” творы сярэдняга класа ў спалучэнні набываюць новую эстэтычную якасць.

— Мяркуеце, кніга ў вас атрымалася?

— Спадзяюся, што так. Хаця лепей задаць гэтае пытанне не мне. Сярод іншага, я імкнуўся так пабудаваць візуальны шэраг, каб захаваць храналагічную паслядоўнасць — і такім чынам адлюстраваць сваю стылёвую эвалюцыю ад 1970-х гадоў да сённяшняга дня.

— Навучанне на кафедры графікі нашай акадэміі скіравана на падрыхтоўку майстроў эстампу. Аднак вы абралі як інструмент творчасці акварэль…

— Мне дзеля гэтага не даводзілася ламаць сваю псіхіку і змяняць ментальнасць. Проста трэба было адчуць тэхнічныя асаблівасці і выяўленчыя магчымасці акварэлі. Скажу болей: акварэль адпавядае майму характару, майму стаўленню да жыцця. На акварэль нельга “ціснуць”, акварэль трэба “слухаць”. І калі ты яе разумееш, дык гэтае разуменне пачынае дапамагаць табе выказаць тваю думку, увасобіць патрэбны вобраз.

Акварэль з рознай паперай працуе па-рознаму. Яна можа расцякацца, а можа быць фіксаваным мазком. У адных выпадках яна высыхае хутка, у іншых — доўга захоўвае вільготны стан. Гэта трэба ведаць і ўмець скарыстоўваць.

Тое ж і ў стасунках з людзьмі. Я імкнуся пазбягаць крокаў, якія могуць стаць незваротнымі, спрабую разумець іншых і не навязваць ім сваё бачанне, свае думкі. І менавіта праз гэта часта маю ад сумоўя карысць.

— У творчасці для вас перадусім важны разлік ці эмоцыі?

— Для мяне “разлік” рыфмуецца з “пралік”. Я больш давяраю інтуіцыі і эмоцыям. І збольшага інтуіцыя мяне не падводзіць. Як для мастака для мяне важна першае ўражанне: цікава або нецікава, хвалюе або пакідае абыякавым.

— А як вы адчулі, што акварэль — ваша справа?

— Атрымалася гэта нібыта выпадкова. Але збег абставін гаворыць, што ўсё да гэтага ішло. Згадаю сваю працу над дыпломнай работай. На кафедры графікі прыярытэтнай лічылася праца ў матэрыяле — афорт, літаграфія, іншыя віды эстампу. Тэмай дыплома я абраў эпічную паэзію Янкі Купалы. Меркавалася, што гэта будзе серыя афортаў. Падышоў да справы грунтоўна — збіраў матэрыял, рабіў эскізы. Іх мне трэба было прадставіць на праглядзе пераддыпломнай практыкі, часткай якой з’яўляецца практыка эцюдная.

Я вельмі шаную Купалаўскі пафас, сацыяльны змест паэзіі Песняра, але, калі ўваходзіў у тэму, зразумеў, што мне бліжэй ягоная лірыка — “Явар і каліна”, “Жняя”… І трэба ж было так здарыцца, што эцюдная частка пераддыпломнай практыкі праходзіла ў вёсцы Відгошч — непадалёк ад тых мясцін, дзе прайшло дзяцінства паэта. У савецкі час яе перайменавалі ў Камсамолец. Мяне вельмі ўразілі тамтэйшыя краявіды. І ў творчым сэнсе я адчуў нейкую разняволенасць, эксперыментаваў з рознымі тэхнікамі — змешваў акварэль і туш, замест фарбы скарыстоўваў зялёнку… А галоўнае, зразумеў, што трэба не ілюзорнасці дамагацца, а імкнуцца да вобразнасці. У дадзеным выпадку — паспрабаваць прачытаць гэтыя краявіды як Купалаўскія радкі.

І калі я выставіў на праглядзе, так бы мовіць, “выпакутаваныя” сюжэтныя эскізы афортаў і гэтыя эцюды — па сваёй сутнасці, акварэльныя — зробленыя лёгка, без напругі, што называецца, на адным дыханні, дык камісія сказала: рабі на дыплом пейзажы. Бадай з таго моманту я і адчуў сябе акварэлістам.

— Якая, на вашу думку, самая “акварэльная” пара года? І дзе ў Беларусі самыя “акварэльныя” мясціны?

— Самым акварэльным месцам Беларусі для мяне так і засталася вёска Відгошч. Гэта Мінская ўзвышанасць. На Берасцейшчыне або Гомельшчыне роўнядзь, а тут над пейзажам добра папрацаваў ледавік — гэткі ландшафтны дызайнер. Пагоркі з пералескамі, рачулкі...

Як мастак я болей за ўсё люблю зіму. Вельмі зручна: пазначыў нешта некалькімі мазкамі на белай паперы — і маеш зімовы краявід. Максімум эканоміі! Жартую. А насамрэч, мне вельмі даспадобы матывы першага, яшчэ незатаптанага, снегу. Акварэльны жывапіс сутнасна блізкі да каліграфіі, калі літара-выява пішацца-малюецца ў адзін дотык пэндзля.

— На беларускія пленэры запрашаюцца творцы з блізкага і далёкага замежжа. А ці можа замежнік так адчуць нашу прыроду, як тутэйшы чалавек?

— Я быў у Італіі, захапляўся тамтэйшымі краявідамі — горы, мора… Аднак для мяне гэта атракцыйная прыгажосць. Я ўспрымаю яе вонкава, як эфектную паштоўку, але сэрца яна маё не кранае. А вось у шэрым колеры беларускай прыроды знаходжу мноства адценняў, бо гэта іншы ўзровень успрымання. Мяркую, для італьянца ці, скажам, афрыканца Беларусь будзе цікавай як нешта адрознае ад таго, што яны маюць на радзіме. Але наўрад ці замежнікі стануць углядацца ў нашы адценні, цікавіцца нюансамі. Каб гэта бачыць, трэба тут нарадзіцца і сярод гэтага жыць. Хаця я магу і памыляцца…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"