Белыя плямы на карце памяці

№ 4 (1391) 26.01.2019 - 01.02.2019 г

Апошняя вайна прынесла Мінску не толькі разбурэнні. Яна пакінула па сабе і шматлікія сляды — месцы гібелі соцень тысяч людзей, забітых акупантамі і іх памагатымі альбо памерлых ад голаду ці хваробаў у нялюдскіх умовах канцэнтрацыйных лагераў. Гутарачы з простымі мінчукамі — асабліва старэйшага пакалення — не раз пераконваўся ў тым, што памяць пра вайну дасюль жыве ў свядомасці гараджан. Ды, на жаль, яна з часам сціраецца, скажаецца і разыходзіцца з рэальнасцю — што, пэўна, непазбежна. У любым раёне горада вам могуць паказаць дамы, якія, паводле чутак, стаяць на касцях ахвяраў апошняй вайны — але не заўсёды гэта будзе адпавядаць праўдзе. І ў той жа час, многія рэальныя месцы трагедый забытыя, а людзі, якія жывуць побач, нават аб іх не задумваюцца. Як выправіць такую сітуацыю? Як данесці да сучаснікаў інфармацыю пра трагічныя старонкі гарадской гісторыі? Урэшце, як прадухіліць спекуляцыі на тэме “горада на костках”?

/i/content/pi/cult/729/15852/6.JPGАгароджаныя калючым дротам

Напрыканцы мінулага года агенцтва “Мінск-навіны” паведаміла пра хуткі пачатак перадпраектных работ па ўпарадкаванні месца пахавання вязняў канцэнтрацыйнага лагера “Дразды”. А трохі раней, напрыканцы кастрычніка, быў прадстаўлены план забудовы ўчастка ў Цэнтральным раёне Мінска, які ахоплівае ў тым ліку і тэрыторыю, дзе размяшчаўся канцэнтрацыйны лагер, а таксама месца пахавання яго вязняў. План і прадугледжвае стварэнне мемарыяла на магіле ахвяраў нацызму, і там, дзе быў сам лагер, з’явяцца жылыя кварталы.

І тут будзе дарэчы невялічкая гістарычная даведка, якую я склаў на аснове шэрагу гістарычных даследаванняў. Лагер “Дразды” можна лічыць сумным сімвалам пачатку нацысцкага тэрору ў беларускай сталіцы — ён быў створаны гітлераўцамі яшчэ ў ліпені 1941 года. На плошчу ў 9 гектараў, агароджаную калючым дротам, сагналі каля 100 тысяч палонных салдат і афіцэраў Чырвонай арміі, а таксама 40 тысяч цывільных жыхароў: паводле загаду акупацыйных уладаў, у лагеры мусілі апынуцца ўсе мужчыны Мінска ў веку ад 15 да 50 гадоў.

Тэрыторыя лагера была падзеленая на шэсць зон, у кожнай з якіх утрымлівалася адпаведная катэгорыя вязняў: вышэйшы камандны склад, афіцэры, салдаты, цывільныя мужчыны, яўрэі, асобы з вышэйшай адукацыяй. Усе яны знаходзіліся проста пад адкрытым небам, пакутуючы ад гарачыні, смагі ды голаду. Яўрэяў і камуністаў выводзілі за межы лагера і расстрэльвалі, а целы кідалі ў траншэю, выкапаную напярэдадні вайны для пракладкі водаправода. Агулам у ёй спачылі каля дзесяці тысяч чалавек.

/i/content/pi/cult/729/15852/7.JPGІ вось, падчас свайго шпацыру я спрабую адшукаць тыя месцы. Сёння гэта няпроста: ландшафт змяніўся да непазнавальнасці. На месцы лагера — паміж вуліцай Нававіленскай і лукавінай Свіслачы — пасля вайны ўзнікла птушкафабрыка імя Крупскай. Месца пахавання вязняў — паміж Нававіленскай вуліцай і Даўгінаўскім трактам — забудаванае гаражамі. У 1996 годзе, пасля археалагічных раскопак і эксгумацыі целаў, там паўстаў сціплы помнік. У 2012 годзе гэтае пахаванне атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, а ў 2017-м быў зацверджаны праект яе ахоўнай зоны.

Фармальна лагер у Драздах не лічыўся лагерам смерці — і тым не менш, яго вязні масава паміралі праз нялюдскія ўмовы ўтрымання: ад голаду, смагі і гвалту. Таму ці не варта было б ушанаваць памяць ахвяраў не толькі на месцы пахавання, але і на тэрыторыі, якую займаў сам лагер — напрыклад, пазначыўшы пэўнымі манументальнымі сродкамі яго межы на мясцовасці? Гэта дазволіла б не толькі захаваць памяць, але і выразна падзяліць у грамадскай свядомасці тэрыторыю самога лагера і месца пахавання яго ахвяраў. Што важна хаця б дзеля таго, каб не ўзнікалі звыклыя ў падобных выпадках непаразуменні, калі народная пагалоска апавядае пра дамы “на касцях” — а такія чуткі не надта прывабліваюць патэнцыйных забудоўшчыкаў і жыхароў новых кварталаў.

/i/content/pi/cult/729/15852/8.JPGНесупадзенне рэальных месцаў памяці і мемарыяльных знакаў, якія іх пазначаюць — у Мінску праблема даўняя і частая. Самы вядомы прыклад —манумент у памяць ахвяраў лагера смерці Трасцянец, які быў узведзены ў 1963 годзе амаль за два кіламетры ад месцаў самога лагера і знішчэння яго вязняў. Паступова сітуацыя выпраўляецца — яшчэ ў 2015 годзе была адкрытая першая чарга мемарыяльнага комплексу ў Малым Трасцянцы, у 2017-м ушанаваныя таксама месцы гібелі і пахавання вязняў ва ўрочышчах Благаўшчына і Шашкоўка. Але ў выпадку з іншымі сумнымі адрасамі часам яшчэ дагэтуль захоўваюцца прыкрыя недакладнасці.

Па слядах герояў супраціўлення

Напрыканцы лета 1941 года лагер у Драздах быў расфарміраваны. Ваеннапалонных перавялі ў іншыя лагеры, створаныя ў Пушкінскіх казармах (раён скрыжавання вуліц Якуба Коласа і Калініна), на тэрыторыі даваеннай Усебеларускай выстаўкі (раён дома па праспекце Незалежнасці, 93) і ў вайсковым гарадку ў Масюкоўшчыне. Умовы ствараліся надзвычай жорсткія. Палонныя былі вымушаны цяжка працаваць, не атрымлівалі належнага харчавання, паміралі ад голаду, хваробаў, здзекаў і пабояў.

На бульвары Талбухіна сёння можна ўбачыць брацкую магілу, у якой пахаваныя чырвонаармейцы, чые парэшткі былі перанесеныя з розных куткоў Мінска падчас яго пасляваеннага аднаўлення. Але, на жаль, на помніку ніяк не пазначана, што побач знаходзіўся лагер. Яшчэ адна брацкая магіла яго вязняў знаходзіцца ў парку Чалюскінцаў — і на помніку таксама ніякай згадкі, што тут пахаваныя ваеннапалонныя. Тлумачэнне тут зразумелае: у сталінскія часы палон быў прыроўнены да здрады.

У лагеры ваеннапалонных у Масюкоўшчыне, вядомым як Шталаг 352, загінулі каля 80 тысяч чалавек. Мемарыял на месцы пахавання ахвяраў быў узведзены яшчэ ў 1958 годзе ля колішняй вёскі Глінішчы (раён скрыжавання вуліц Ціміразева і Нарачанскай). А вось тэрыторыя самога лагера, які знаходзіўся па іншы бок ад чыгункі — паміж вуліцамі Лынькова, Цімашэнкі і Чычурына — ніякім чынам дагэтуль не пазначаная. Між тым, у колішнім вайсковым гарадку яшчэ захаваліся многія пабудовы з даваенных часоў — сапраўдныя сведкі жахлівых падзей. Тыя казармы статусу помнікаў не маюць — але ж ці не варта было б яго надаць хаця б некаторым, каб забяспечыць іх захаванасць — як напамін аб гісторыі лагера? Урэшце, тут мог бы з’явіцца і музей гісторыі Шталага 352, які б расказваў пра трагічную долю і подзвіг ваеннапалонных. А многім з іх удавалася ўцячы, і яны працягвалі гераічна змагацца супраць захопнікаў.

На жаль, ніяк пакуль не пазначанае і тое месца, дзе былі расстраляныя дзясяткі тысяч вязняў лагера — колішні хутар Петрашкевіча (у канцы вуліцы Ржавецкай, ля яе выхаду на Ільянскую). І, што прыкра, памяць пра тыя падзеі знікае нават у
мясцовых жыхароў. Пагатоў, пасля вайны на тым жа месцы ў Масюкоўшчыне некалькі гадоў дзейнічаў працоўны лагер ужо для нямецкіх ваеннапалонных. Потым доўгі час там размяшчаліся вайсковыя часткі. Сёння вайсковы гарадок закінуты і паціху разбураецца, а на яго тэрыторыі паступова ўзнікаюць жылыя кварталы.

Наступны адрас — спецыяльны лагер нацысцкай службы бяспекі СД на вуліцы Шырокай (цяпер Куйбышава). Сюды траплялі вязні з іншых лагераў і яўрэі з гета перад адпраўкай у Трасцянец ці іншыя лагеры на тэрыторыі акупаванай Еўропы. Акурат у гэтым лагеры, а перад тым і ў Масюкоўшчыне, пэўны час знаходзіўся Аляксандр Пячэрскі — будучы кіраўнік паўстання ў лагеры смерці Сабібор, якому прысвечаны вядомы фільм Канстанціна Хабенскага.

Памяць вязняў лагера на Шырокай ушанаваная мемарыяльным знакам у Шпітальным скверы на рагу вуліц Куйбышава і Машэрава. Але сам лагер знаходзіўся крыху далей — бліжэй да скрыжавання вуліц Куйбышава і Харужай. Сёння на гэтым месцы жылыя дамы, школа і дзіцячы садок. Тут ужо нішто не нагадвае пра высачэзную агароджу, якую выразна відаць на нямецкіх аэрафотаздымках часоў акупацыі.

Магілы ў пясчаных кар’ерах

Адно з найбольш малавядомых і маладаследаваных месцаў памяці ў сталіцы — урочышча Тучынка, дзе 7 лістапада 1941 года адбылося першае масавае забойства мінскіх яўрэяў. На помніку, які з’явіўся ў 2008 годзе ля агароджы Кальварыйскіх могілак, напісана: “Каля гэтага месца ў 1941—1943 гадах фашысты расстралялі больш за 14 тысяч вязняў мінскага гета”.

Але ўрочышча Тучынка насамрэч знаходзілася прыкладна за кіламетр адсюль — у раёне вуліцы Харкаўскай. Там былі пясчаныя кар’еры цагельных заводаў, якія нацысты з восені 1941 года выкарыстоўвалі як гатовыя магілы для вязняў гета. Мясціны гэтыя былі малалюдныя, далёка ад вачэй непажаданых сведкаў — таму фашысты іх і абралі для сваіх злачынстваў.

Цяпер там — прамзона між вуліцамі Харкаўскай і Купрыянава. Рэльеф гэтай мясцовасці непазнавальна змяніўся, пра колішнія кар’еры нічога больш не нагадвае. Застаўся толькі будыначак былой цагельні па адрасе Харкаўская, 7.

Зразумела, што помнік ахвярам Тучынкі паставілі там, дзе ён больш заўважны — ля ажыўленай гарадской магістралі. Але ж ці не варта ўшанаваць хоць сціплым знакам і рэальнае месца гібелі ахвяраў? Бо яно паступова сціраецца з людской памяці і праз пэўны час можа зусім згубіцца сярод новых гарадскіх кварталаў.

Як бачым, раней горадабудаўнікі не заўжды ўлічвалі патрэбы мемарыялізацыі канкрэтных лакацый, звязаных з нацысцкай акупацыяй Мінска. На месцы лагераў і масавых пахаванняў з’яўляліся жылыя дамы, аб’екты інфраструктуры, прадпрыемствы. Але ж сёння сітуацыя можа і павінна змяняцца. Дакладная інфармацыя пра месцы памяці ахвяраў нацызму робіцца ўсё больш адкрытай для даследчыкаў і грамадскасці. Неабходна яе ўлічваць і пры праектаванні ды забудове. Азначэнне такіх месцаў у гарадской прасторы дазволіць не толькі належным чынам ушанаваць ахвяраў, але і захаваць памяць пра рэальныя месцы пакут нашых продкаў.

P.S. Зразумела, захаваць памяць пра звязаныя з жахамі вайны мясціны на сучаснай карце горада — гэта задача не з простых. Пагатоў, горад жа — не музей. Адказ на пытанне, як менавіта належыць гэта рабіць, якія спосабы вынаходзіць, павінны шукаць спецыялісты самага рознага профілю: прадстаўнікі муніцыпалітэту, архітэктары, музейшчыкі… Адным словам, тэма вартая працягу на старонках “К”.