“Планета” пад колер гальштука

№ 29 (847) 19.07.2008 - 25.07.2008 г

Калі адносна песні яшчэ можна спрачацца, што было раней — слова ці музыка, дык для публікі, якая наведвае канцэрты ў Летнім амфітэатры, уражанні пачынаюцца са сцэнаграфіі.

 /i/content/pi/cult/169/1585/Planeta.jpg
Шмат гадоў запар яе аўтарам выступае знакаміты мастак Зіновій Марголін. Не верце Зорыку (як яго называюць калегі і блізкія знаёмыя), калі ён кажа, што ніякай асаблівай мэты перад сабой не ставіў, — ягонае мастацкае мысленне далёкае ад звычайнага “афармлення сцэны”, кожны новы фестываль ён, нават калі б таго і не хацеў, успрымае чарговым канцэптуальным “спектаклем”. І сцэнічнае відовішча, дзякуючы ягоным фантазіям, атрымлівае абсалютна дакладны вектар глядацкіх думак, а ў чымсьці нават выступае ў ролі гэткага фестывальнага рэзюмэ.
На мове тэхнічнага абсталявання цяперашняя сцэнаграфія — гэта выкарыстанне дыёдных, здольных прымаць разнастайную форму экранаў “Стэлс” агульнай плошчай 160 квадратных метраў. Яны забяспечваюць відовішчнасць, якая не стамляе аднастайнасцю, падпарадкоўваецца астатнім складнікам музычнай праграмы — ад тэмпавых змен да колеру гальштука саліста. Гэтак жа ствараецца канцэпцыйны “німб” фестывалю.
Сцэна пачынае нагадваць каляровы шацёр — быццам пазычаны з усходніх фантастычных казак. Унутры ж яго “змяшчаецца” паўкруглая адкрытая сфера, падобная да касмічнай “талеркі”, упрыгожанай агеньчыкамі-“зоркамі”. Такая маштабнасць выклікана падабенствам тых выгнутых дыёдных пласцін да зямных мерыдыянаў. Замест “паралелей” узнікае штосьці кшталту мастацкага ўвасаблення нотных лінеек, хай сабе і складзеных з трох “нітачак” замест пяці. Адначасова захоўваецца ўражанне некаторай камернасці, душэўнай утульнасці — за кошт згладжвання вострых вуглоў сцэнічнага абсталявання, эфекту закругленасці сцэнічнай прасторы, існавання адной паўсферы ўнутры другой.
Паспрабуйце цяпер сказаць, што такая сцэнаграфія не “напрарочыла” сёлетнему “Славянскаму базару ў Віцебску” яго найбольш асноўныя асаблівасці! Да традыцыйнай “славянскасці”, як было заўважана на прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да адкрыцця фестывалю, далучаецца ўсё больш краін з іншых кропак свету — дастаткова ўзгадаць каларытныя выступленні ўдзельнікаў з Венесуэлы і ПАР на гала-канцэрце адкрыцця. Таму наш фестываль даўно ўжо нагадвае той “шацёр”, што збірае пад сваім дахам “гасцей з усіх валасцей”.
Хораша гаворыць за наш фестываль і адсутнасць на ім “вострых вуглоў”. Сёлета гэтая яго рыса набыла новыя адзнакі. З боку міліцыі і праваахоўных органаў было зроблена ўсё, каб свята прайшло без непрадбачаных сітуацый: рэгуліроўка транспартнага руху, адсутнасць чалавечага натоўпу (“Горад майстроў”, нагадаем, быў перанесены ў рэканструяваныя Саляныя склады на правым беразе Заходняй Дзвіны), пастаянны кантроль за ўсім, што робіцца ў Летнім амфітэатры і яго наваколлі. Так, пасля 16.00 у цэнтры ўжо нельга было не толькі набыць спіртнога, але і звычайных напояў, калі яны разліты ў непразрыстую тару, уключаючы тэтрапакеты. А на тэрыторыю, дзе адбываюцца фестывальныя мерапрыемствы, не магло трапіць увогуле нічога “падазронага”: правяралася нават кожная дамская сумачка — літаральна як у аэрапорце.
Сярод акрэдытаваных журналістаў адсутнічалі самыя “зубастыя” маскоўскія “акулы пяра”, вядомыя па мінулых фестывалях, — затое з’явілася шмат прадстаўнікоў расійскай рэгіянальнай прэсы.
Што ж да душэўнай “закругленасці”, дык “Славянскі базар у Віцебску” папраўдзе стаў сімвалам не толькі гасціннасці, але і, як адзначаюць усе, хто на яго трапляе, высокай духоўнасці.
— Не люблю працаваць у тэлеіндустрыі! — безапеляцыйна кажа надзвычай патрабавальны да сябе Зіновій Марголін. — У ёй пануюць зусім іншыя законы. Па-першае, усім кіруе хуткая змена тэхналогій, па-другое — мода. Хіба за імі ўгонішся? Тут ужо не да мастацкасці і высокіх сфер…
Я ж казала: не верце Зорыку!

Н.Б.
Фота Дзмітрыя ЕЛІСЕЕВА